сер, 26.02.2020
USD2.23|EUR2.42|RUB3.42
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Уладзімір Ліўшыц на 60-годдзе Алеся Пісьмянкова: "Мы пасябравалі дзякуючы Максіму Гарэцкаму"

02.03.2017 – 11:11 | 579

pismiankou.png25 лютага споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння Алеся Пісьмянкова. Не хочацца ўспамінаць і пісаць пра яго ў мінулым часе. Не верыцца і тое, што няма яго побач з намі...

Памятаю, што пазнаёміўся з ім у далёкім 1982 годзе ў рэдакцыі штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Алеся мне прадставіў былы выкладчык кафедры філасофіі Анатоль Сідарэвіч (ён тады быў літсупрацоўнікам у "Ліме"), калі я прынёс у рэдакцыю свой чарговы матэрыял.

Сідарэвіч сказаў: "Знаёмся, твой зямляк з Касцюкоўшчыны, толькі што скончыў БДУ, піша добрыя вершы".

Мы разгаварыліся, і Алесь, даведаўшыся адкуль я, сказаў, што ў Горках не бываў, але часта праязджаў праз станцыю Пагодзіна, калі вяртаўся дадому. І яшчэ спытаў, ці ведаюць у акадэміі, што там вучыўся і працаваў Максім Гарэцкі? Я адказаў, што ведаюць зусім не шматлікія, і пакуль імя гэтага класіка беларускай літаратуры яшчэ не ўвекавечана ў гісторыі ВНУ.

У наступныя некалькі гадоў мы не сустракаліся. Хоць я ведаў, што ў Алеся выйшла першая кніга вершаў "Белы камень" і што ён працуе ўжо ў часопісе "Полымя".

Наступная сустрэча адбылася ўжо ў 1992-ім напярэдадні святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Алесь у гэты час быў абраны сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі і я прыйшоў да яго, каб даведацца, ці трэба мець дазвол на ўстаноўку ў акадэміі мемарыяльнай дошкі Гарэцкаму. Пры мне Пісьмянкоў па гэтым пытанні патэлефанаваў намесніку міністра культуры Беларусі Уладзіміру Аляксандравічу Гілепу. Той адказаў: "Прыязджайце да мяне ў міністэрства, я якраз складаю план святкавання 100-годдзя Гарэцкага і мы збіраемся правесці галоўнае мерапрыемства ў Горках".

Як помніцца, Алесь Пісьмянкоў браў актыўны ўдзел у гэтым і на сустрэчы з нашымі студэнтамі я ўпершыню пачуў яго верш, прысвечаны Гарэцкаму, дзе ёсць такія словы:

"Спеліў шчымлівае слова,

Каб праўдаю высвеціць сказ,

Каб слова дыхнула жытнёвы

І нам растлумачыла нас".

Хачу звярнуць увагу на словы паэта: "І нам растлумачыла нас". Сапраўды, усё жыццё Максім Гарэцкі праз свае творы і працу растлумачваў беларускаму народу яго сутнасць і ролю сярод іншых.

У 1992 годзе ў Горках прайшлі Гарэцкія навуковыя чытанні, прысвечаныя вывучэнню жыцця і творчасці літаратара. Яны сталі штогадовымі, і я прысутнічаў на ўсіх чытаннях да 2006 года. Пісьмянкоў таксама заўсёды прымаў актыўны ўдзел.

І сёння, успамінаючы пра нашы сустрэчы, хачу заўважыць: мы пазнаёміліся і пасябравалі дзякуючы Максіму Гарэцкаму!

pismiankou_3.jpg

З ​​Гарэцкіх чытанняў захаваўся адзін здымак, дзе ўдзельнікі мерапрыемства сустракаюцца з вучнямі і педагогамі ў Копцеўскай сярэдняй школе.

Неяк я запытаўся ў Алеся, калі ў бліжэйшы час будзе выдадзена яго чарговая кніга, на што суразмоўца адказаў, што ў дзяржаўных выдавецтвах на гэта сыходзіць некалькі гадоў.

Тады я расказаў, што Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей атрымаў ліцэнзію на выданне кніг, у тым ліку, мастацкіх, і прапанаваў выдаць зборнік вершаў у Горках.

Праз некалькі месяцаў Пісьмянкоў даслаў рукапіс "Жураўля над студняй". Выданне пабачыла свет пры фінансавай падтрымцы аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама і дапамозе супрацоўнікаў Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў 1998 годзе.

З таго часу прыезд Алеся Пісьмянкова ў Горкі стаў штогадовым. Неяк літаратар прызнаўся, што яму проста падабаецца наш горад, яго людзі. Апроч таго, жыў у Горках і працаваў на кафедры рускай і беларускай моў і яго аднакурснік – Пётр Малько, да якога Алесь некалькі разоў заходзіў у госці.

“Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа, таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць слаўная спадарыня Гісторыя…” – пісаў Алесь Пісьмянкоў у адным з сваіх артыкулаў.

Пісьмянкоў заўсёды прыязджаў не адзін. Часта са сваімі сябрамі: Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Саламахам, Навумам Гальпяровічам, Леанідам Левановічам і іншымі.

Сустрэчы з паэтам і яго сябрамі ў школах горада, у студэнцкіх аўдыторыях арганізоўвалі супрацоўнікі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, кіраўнікі народнага аматарскага аб'яднанне "Роднае слова".

Асабліва Алесь з сябрамі любіў наведваць пасёлак Леніна і выступаць перад навучэнцамі педагагічнай вучэльні. Назаўжды ў маёй памяці засталося ўражанне пра тое, як Пісьмянкоў па-майстэрску чытаў там свае вершы.

У адзін з прыездаў, наведваючы тэрыторыю акадэміі, мы прыйшлі на ўзгорак "Парнас". І там у нас узнікла ідэя арганізаваць студэнцкае свята гумару "Тарас на Парнасе". Алесь здолеў дамовіцца аб правядзенні такога свята з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, і імпрэза адбылася восенню 2003 году. Але, на жаль, традыцыйнай яна не стала.

Праз Пісьмянкова я пазнаёміўся з Уладзімірам Саламахам, які ў ліпені 2000 года, яшчэ не ведаючы мяне асабіста, напісаў у газеце "Советская Белоруссия" артыкул "Подвижники из глубинки". У матэрыяле была прааналізавана мая праца, як краязнаўца, публіцыста і літаратуразнаўца. Аўтар выказаў думку, што мяне можна прыняць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Алесь гэтую ідэю падтрымаў і садзейнічаў у гэтым.

Сустракаўся з Пісьмянковым я часта і ў Мінску. Там я заўважыў, што Алесь заўсёды быў сярод людзей і, відаць, людзей, цягнула да яго, як да таленавітага чалавека…

У Пісьмянкова часта балела сэрца, і я бачыў у час сустрэч, як ён глытае нітрагліцэрын. Я раіў яму схадзіць да дактароў, на што паэт заўсёды адказваў: няма часу…

Алесь Пісьмянкоў памёр 23 красавіка 2004 года на працоўным месцы ў кабінеце галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” ад сардэчны прыступу, перахадзіў на нагах тры інфаркты, а чацвёртага не перажыў.

"Нам адпушчана так небагата...", "Мы ўсе на зямлі гэтай госці",  – гэта радкі з апошніх вершаў Алеся.

Мабыць, ён прадчуваў свой блізкі сыход? Вельмі сумна ад таго, што гэты таленавіты чалавек так мала пажыў, шмат ён яшчэ павінен быў напісаць і зрабіць…
Але радасна тое, што яго не забылі. Імем Алеся Пісьмянкова названа Касцюковіцкая дзіцячая бібліятэка. А ў Касцюковіцкім раёне праводзяць абласное свята паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг".

Уладзімір Ліўшыц