суб, 24.06.2017
USD1.93|EUR2.15|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Горкі, Дрыбін, Мсціслаў на Youtube Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

Ад 1 студзеня ў Беларусі пачалося паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту

02.01.2017 – 22:06 | 511

1 студзеня ў Беларусі пачынаецца паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 137 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння", які быў падпісаны ў красавіку мінулага года.

З 1 студзеня штогод на шэсць месяцаў будзе павышацца пенсійны ўзрост да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi — 58 гадоў (раней пенсійны ўзрост для мужчын пачынаўся ў 60 гадоў, для жанчын — у 55 гадоў).

Аналагічнае павелічэнне — на тры гады на працягу шасці гадоў — прадугледжана для работнікаў, якія маюць права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў, а таксама для вайскоўцаў.

Кіраўнікам усіх арганізацый незалежна ад формаў уласнасці рэкамендавана больш шырока прымяняць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Рашэнне ўладаў павялічыць пенсійны ўзрост было неадназначна ўспрынята ў грамадстве. Але, як заявіў на адной з нарад Аляксандр Лукашэнка, "калі не мы сёння гэта зробім, гэта ляжа на нашых дзяцей". "Людзі, якія працуюць, ужо сёння адчуваюць праблемы з утрыманнем пенсіянераў, — адзначаў кіраўнік дзяржавы. — Пенсійны фонд у нас не расце, і нам ужо сёння з бюджэту прыходзіцца фінансаваць пенсійны фонд, гэта нікуды не варта. Мы такім чынам забіраем ва ўрачоў, настаўнікаў, ваенных і гэтак далей пэўныя сродкі, не развіваем дзяржаўныя і іншыя праграмы, аддаючы грошы на тое, каб падтрымаць пенсіянераў. Гэта дрэнна. У той жа час разумеем, што паменшыць пенсіі нельга, гэтак жа, як і нельга павялічыць падаткі або сацыяльныя ўзносы, плацяжы ў гэтыя сацыяльныя фонды. Гэта таксама не шлях. Таму ад прыняцця адпаведных рашэнняў нам нікуды не дзецца".

Паводле дадзеных статыстыкі, пенсіянеры складаюць 23,9% ад усяго насельніцтва і 40,3% — ад працаздольнага насельніцтва Беларусі. Згодна з прагнозам дэмографаў Нацыянальнай акадэміі навук, да 2020 года доля пенсіянераў у агульнай колькасці насельніцтва вырасце да 26,4%, да 2030 года — да 28,7%, а да 2050-га пенсіянерамі будзе траціна насельніцтва краіны.

З улікам гэтага, лічаць эксперты, улады будуць вымушаныя і ў далейшым ісці на такую непапулярную меру, як павелічэнне пенсійнага ўзросту. Паводле іх прагнозаў, у перспектыве пенсійны ўзрост у Беларусі будзе павялічаны да 65 гадоў.

Марына Носава, БелаПАН

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба увайсці або зарэгістравацца.