пан, 23.10.2017
USD1.96|EUR2.31|RUB3.40
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Інстаграме Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Твітары Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Фэйсбуку Навіны, фота і відэа з Горак, Дрыбіна, Мсціслава праз RSS Атрымліваць навіны з Горак, Дрыбіна, Мсціслава на e-mail

"Праблемы беларускай адукацыі тыя, што і ў грамадства – адсутнасць свабоды і права выбару"

18.11.2016 – 15:27 | 529

Пра фэйкі ў беларускай адукацыі, яе непазбежную рэформу і культурныя коды, якія закладаюць тэлесерыялы ў нашу свядомасць, мы пагутарылі з Тамарай Мацкевіч. Яна – педагог, грамадская лідарка і намесніца старшыні Таварыства беларускай школы. Эксперты гэтай арганізацыі нядаўна выдалі дапаможнік-навігатар па фарміраванні медыяграматнасці вучняў.

– Што сёння ўяўляе з сябе "Таварыства беларускай школы"?

– Мы вядзем традыцыі ад ТБШ, заснаванага Браніславам Тарашкевічам у 1921 годзе. Як тады, так і цяпер, наша мэта – зрабіць нашу адукацыю сучаснай, канкурэнтаздольнай і беларускай. Як тады, так і цяпер, у нас шмат прыхільнікаў. Сёння тысячы настаўнікаў-валанцёраў самастойна і з дапамогай ТБШ засвойваюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваюць іх на практыцы і вучаць гэтаму калег.

Заўважце, гэта не загад начальства з Міністэрства адукацыі! Хаця тут варта падзякаваць міністэрству, што апошнім часам не перашкаджае ініцыятыве педагогаў, і таму свежы вецер далятае і ў нашую не рэфармаваную з савецкіх часоў школу. У тым ліку і ў Горкі.

– Якія галоўныя праблемы ў сучаснай беларускай адукацыі бачаць эксперты вашай арганізацыі?

– Вядома, праблемы адукацыі тыя самыя, як і ў астатняга грамадства: адсутнасць свабоды педагогаў і адукацыйных установаў, дэмакратычных механізмаў, права выбару.

У выніку ў XXI стагоддзі студэнт не можа выбіраць прадметы, якія яму спатрэбяцца для будучай працы па спецыяльнасці, а вучыцца па састарэлай праграме.

Універсітэт не можа напоўніцу скарыстацца магчымасцямі абмену студэнтамі і выкладчыкамі, далучыцца да міжнародных праграм. Педагогі, студэнты і бацькі не ўплываюць на выбар дырэктараў школ і рэктараў універсітэтаў.

Ніхто, у тым ліку Міністэрства адукацыі, не можа ўзяць на сябе адказнасць нават за касметычную змену ў сваім ведамстве. Таму якасць адукацыі пагаршаецца.

Другая праблема – стэрэатыпы, якія моцна трымаюцца ў галовах людзей. Як бацькоў, настаўнікаў, так і адукацыйнага чынавенства.

Вось толькі некалькі, як цяпер кажуць, фэйкаў, якія моцна перашкаджаюць развівацца нашай адукацыі: савецкая адукацыя была якаснай; рэформа – гэта шкодна; заходнія методыкі нашым дзецям не падыходзяць; настаўнікі павінны падтрымліваць дзяржаўную ідэалогію; на рускай мове вучыцца лягчэй, чым на беларускай; школьная форма павышае дысцыпліну і паспяховасць; ад настаўніка нічога не залежыць…

Усяго не пералічыць. І гэта перашкаджае нашай школе быць сучаснай.

Наогул, рэформа адукацыі непазбежна. Бо інфармацыйнае грамадства патрабуе новых якасцяў ад чалавека, якім не вучыць ні школа, ні ВНУ. 

І калі рэформу не правесці, наша моладзь не здолее быць канкурэнтнай на рынку працы, а Беларусь застанецца адсталай краінай. Грошы на рэформу можна знайсці, калі скараціць апарат адукацыйных чыноўнікаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, з 450 тысячаў чалавек, занятых у сферы адукацыі, толькі 42% складаюць педагогі усіх узроўняў. Хто астатнія? Што яны робяць?

– Ці не падаецца Вам, што са з'яўленнем у кішэні кожнага школьніка мабільнага тэлефона з выхадам у інтэрнэт, дзе можна знайсці адказы на ўсе пытанні, аўтарытэт настаўнікаў незваротна страчаны?

– Аўтарытэт падручніка – страчаны, бо яму на змену прыйшлі медыя, а настаўніка – не.  Проста функцыі настаўніка у сучаснай школе змянілася. Калі XX стагоддзе было перыядам бойкі за доступ да інфармацыі, за свабоду слова, то XXI стала стагоддзем злоўжывання інфармацыяй. Прычым тыя, хто раней забаранялі свабоду слова, хутка пераключыліся на маніпуляванне з дапамогай медыя: неабмежаваны распаўсюд дэзінфармацыі, прапаганды, выкарыстанне рэкламных паведамленняў, схаваных у псеўданавуковыя ці сацыяльныя тэмы…

У XXI стагоддзі настаўнік павінен навучыць школьнікаў арыентавацца ў гэтым моры інфармацыі, выкарыстоўваць інфармацыйныя фільтры, каб адбіраць праўдзівыя і патрэбныя крыніцы.

Асноўная задача настаўніка XXI стагоддзя – сфарміраваць крытычнае мысленне ў навучэнцаў, навучыць вучыцца самастойна.

– Адно з апошніх выданняў ТБШ – гэта дапаможнік-навігатар для настаўнікаў "Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў". Пра што гэта выданне, калі сказаць некалькімі сказамі?

– Гэта падручнік, які педагогі-практыкі напісалі для калег. У ім перадаюць досвед, як выкарыстоўваць магчымасці сучасных медыя для навучання. Дапаможнік мае 17 аўтараў і 45 суаўтараў.

dav_2.jpg

– Медыяграматнасць можа спатрэбіцца толькі грамадска або палітычна актыўнаму чалавеку?

– Грамадска ці палітычна актыўныя людзі якраз найбольш медыйна граматныя. Ім цяжэй навязаць разрэкламаваны тавар, яны менш вераць прапагандзе ў СМІ.

Найбольш падпадаюць пад маніпуляцыі якраз звычайныя абывацелі. Нават адукаваныя людзі не заўсёды ведаюць элементарныя рэчы, як намі маніпулююць СМІ. Напрыклад, рэдка хто задумваецца, што некаторыя серыялы, якія паказваюць на тэлебачанні, маюць мэту закласці у падсвядомасць гледача не толькі прыклады паводзінаў (у што апранацца, як павінен выглядаць ваш дом, што купіць).

Часам яны выконваюць палітычную мэту: напрыклад, паказваюць, што ўсе людзі ў форме – добрыя, справядлівыя, вырашаць вашыя праблемы.

З дапамогай серыялаў часта праграмуюцца і рэгулююцца сацыяльныя паводзіны цэлых грамадстваў: навязваюцца ўяўленні, хто “ворагі”,  а хто “брацкія народы”, адкладваюцца сацыяльныя пратэсты. Масавая культура закладае нам свае “культурныя коды”. І тут мы павінны трымацца свайго, каб не даць сябе “перакадаваць” з дапамогай засілля, напрыклад, расійскай папсы ці ТВ-каналаў, якія нават назвы маюць “Наше кино”, “Наш футбол” і т.п. Якія яны нашыя?

– На якія яшчэ выданні ТБШ варта звярнуць увагу настаўніку, які хоча адпавядаць сучаснаму стану грамадства і яго патрэбам?

– Яшчэ на ранейшы падручнік для педагогаў “Актыўная ацэнка ў дзеянні”. Гэта методыка навучання (formative assessment), якая займае ў свеце першае месца для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Прыдатная і для вышэйшай школы. І ў Горках яе выкарыстоўваюць. 

dav.jpg

– Як настаўнікі з Горацкага, Дрыбінскага або Мсціслаўскага раёнаў могуць далучыцца да ТБШ?

– Горацкія настаўнікі ўжо даўно далучыліся да праграм ТБШ, але запрашаем усіх ахвочых. Кантакт праз пошту nastaunik.info@gmail.com і сайты nastaunik.info ды aacenka.by. Там мы маем камунікацыю, дыстанцыйнае навучанне для настаўнікаў, і наогул гуртуем кола сяброў.

Гутарыў Антон Валодзька

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба увайсці або зарэгістравацца.