пят, 17.01.2020
USD2.12|EUR2.37|RUB3.45
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Горацкі райвыканкам мяркуе паставіць памятны знак на месцы зьнішчанага дома Гарэцкага

07.10.2016 – 14:13 | 701 | 4

Памятны знак Максіму Гарэцкаму абяцаюць паставіць у Горках на месцы зруйнаванага дому, у якім жыў клясык беларускае літаратуры і грамадзкі дзяяч. У райвыканкаме не выключаюць, што знак зьявіцца налета.

«Мы разглядаем гэтае пытаньне дзеля рэалізацыі ў 2017 годзе», — зазначыла супрацоўніца райвыканкаму.

На пытаньне, як будзе выглядаць памятны знак, службоўка адказала: «Над гэтым працуем».

Чатыры гады таму памятны знак Гарэцкаму ўжо абяцалі паставіць, аднак справы не пасунуліся наперад.

Сёлета 21 верасьня сябры Магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы, будучы на прыёме ў намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валерыя Малашкі, паскардзіліся службоўцу, што не выконваецца абяцаньне пра ўвекавечваньне памяці пісьменьніка.

«Наш візыт да Валерыя Малашкі, магчыма, паўплываў на тое, што пра памятны знак усё ж успомнілі. Нас цешыць, што з чатырнаццаці пытаньняў адно пачало набываць абрысы вырашэньня. Крытыкаваць можна бясконца, але галоўнае, каб гэты знак зьявіўся. Мы ж са свайго боку чым можам, тым гатовыя дапамагчы», — пракамэнтаваў гатоўнасьць горацкіх уладаў паставіць памятны знак адзін зь візытантаў у аблвыканкам Алег Дзьячкоў.

Пра ўсталяваньне памятнага знаку пачалі казаць у 2012 годзе, акурат як зьнесьлі Дом Гарэцкага, рыхтуючы раённы цэнтар да "Дажынак".

«Месца пад знак Акадэмія падрыхтавала. Парк заклалі, траўка там цяпер прыгожая. Засталося толькі памятны знак паставіць», — выказвае думку кіраўнік раённай арганізацыі «Белая Русь» Аляксандар Чачоткін. У 2012 годзе ён быў намесьнікам старшыні грамадзкай рады ў пытаньнях захаваньня гістарычна-культурных каштоўнасьцяў.

«У Сельскагаспадарчай акадэміі аўдыторыя Гарэцкага ёсьць і стыпэндыя названая ў ягоны гонар. Аднак рацыя ёсьць, што памятны знак трэба было б усё ж паставіць на месцы дому. У нас была адпаведная прапанова да выканкаму, але, прызнаюся, ня ведаю, на якім этапе рэалізацыі яна цяпер», — сказаў Аляксандар Чачоткін.

Рупліўцы мясцовай гісторыі намагалася ўратаваць дом Гарэцкага. Арганізавалі кампанію збору подпісаў, каб будынку надалі статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці. Міністэрства культуры, аднак, не падтрымала намаганьняў грамадзкасьці. Сваё рашэньне абгрунтавала тым, што дом страціў архітэктурна-мастацкае аблічча. Тым часам у райвыканкаме сьцьвярджалі: будынак у аварыйным стане і рамантаваць яго нямэтазгодна.

«Такая гістарычная постаць, як Максім Гарэцкі, заслугоўвае помніку ў цэнтры Горак, але добра, што будзе прынамсі памятны знак. Спадзяюся, што яго зробяць з густам. Напрыклад, у выглядзе гарадзкой скульптуры, якія цяпер вельмі папулярныя ў Эўразьвязе і ў Беларусі», — адзначае адзін з актывістаў абароны Дому Гарэцкага Ільля Заранок.

Ён пералічвае плойму дзеячоў беларускае навукі, якія кватаравалі ў Доме Гарэцкага. Сярод іх згадвае акадэмікаў Гаўрылу Гарэцкага, Якава Афанасьева ды Мікалая Мышкіна.

«Цэлы пласт мясцовай гісторыі пусьцілі пад бульдозэр у Горках чатыры гады таму. І было гэта зроблена нягледзячы на пратэсты дзеячаў беларускай культуры і навукі, на сотні подпісаў, якія жыхары Горак і іншых гарадоў паставілі пад просьбаю захаваць нашу гістарычную спадчыну», — крытыкуе тагачаснае рашэньне ўлады пра знос Дому Гарэцкага Ільля Заранок.

Пры канцы 1980-х гадоў дому Гарэцкага зьбіраліся надаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці, а ў кватэры, дзе жыў беларускі клясык, зрабіць музэй. Зь невядомых прычынаў статусу не надалі. Дом абклалі цэглаю. Паводле жыхароў, пасьля гэтага дом згубіў сваю аўтэнтычнасьць і пачаў разбурацца.

Разам з домам зьнікла і памятная дошка са сьціплым надпісам «У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі». У Горацкай акадэміі Гарэцкі працаваў загадчыкам катэдры беларускае мовы, літаратуры і гісторыі. У Горкі ён пераехаў неўзабаве пасьля таго, як вымушана вярнуўся зь Вільні.

svaboda.org