пят, 17.01.2020
USD2.12|EUR2.37|RUB3.45
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Калі на месцы дома Гарэцкага з'явіцца абяцаны памятны знак?

22.09.2016 – 18:33 | 692 | 7

Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы задала «нязручныя пытаньні» намесьніку старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валерыю Малашку. На прыём да чыноўніка наведаліся лідэр магілёўскіх ТБМаўцаў Алег Дзьячкоў і сябра Таварыства, філёляг, перакладчык Анатоль Прасаловіч.

Журналістаў на сустрэчу не пусьцілі. Сказалі, што гэта ня прэсавая канфэрэнцыя.

Мінулая сустрэча рупліўцаў беларушчыны з службоўцам, які курыруе пытаньні ідэалёгіі, культуры і адукацыі, была тры гады таму.

Актывісты на прыём да намесьніка старшыні аблвыканкаму прыйшлі з пытаньнямі пра стан помнікаў архітэктуры ў рэгіёне, усталяваньне помнікаў славутым дзеячам беларускай гісторыі, а таксама сытуацыю зь беларускай мовай.

На сустрэчы яны спрабавалі высьветліць, як выконваюцца ранейшыя абяцаньні чыноўнікаў. Напрыклад, у Горках, на месцы зьнесенага дома, у якім жыў Максім Гарэцкі, чыноўнікі абяцалі паставіць памятны знак літаратару. Мінула чатыры гады — знаку няма.

«На якім этапе выкананьня гэтае абяцаньне?» — запытаў у Малашкі Алег Дзьячкоў. Той сказаў: адказ дашлюць у лісьце.

Паводле ТБМаўцаў, амаль на ўсе іхныя пытаньні чыноўнік адказваў гэтаксама.

Запыталі актывісты і пра абраз над уваходнай брамай у Мсьціслаўскую царкву Аляксандра Неўскага. На ёй напісана: «Пресвятая Богородица, храни православие, Россию, град и верных».

«Я паспрабаваў высьветліць, што азначае гэты надпіс і ці не зьбіраюцца далучыць Мсьціслаў да Расеі», — кажа Алег Дзьячкоў.

Чыноўнік запэўніў, што і на гэтае пытаньне суполцы адкажуць пісьмова.

Казалі на прыёме ТБМаўцы і пра гаротны стан музэю Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка, што ў Мсьціслаўскім раёне.

«Дах працякае, рамы аконныя спарахнелі, вянцы некаторыя прагнілі. Не патрабуецца вялікіх сродкаў, каб музэй падрамантаваць», — казалі актывісты Малашку.

Чыноўнік даў заданьне праверыць сытуацыю з музэем.

На пытаньне пра рэстаўрацыю касьцёла ў прыгараднай магілёўскай вёсцы Княжыцы і Быхаўскага замка адказ быў — «на іх няма грошай».

Паводле актывістаў ТБМ, чыноўнікі пазытыўна адрэагавалі на прапанову ўсталяваць у горадзе помнік Янку Купалу. Аднак, як заўважаюць ТБМаўцы, службоўцы заявілі, што на помнік у дзяржавы няма грошай. «Нам было прапанавана самім шукаць сродкі».

«Мы паспрабавалі пераканаць суразмоўцаў, што ў Віцебску на помнік Альгерду дзяржава знайшла сродкі, у маленькім Лепелі паставілі помнік Льву Сапегу. А ў Магілёве на помнік Купалу сродкаў няма. Валеры Малашка зноў паабяцаў на гэтую прапанову адказаць пісьмова».

«Як мне падаецца, наша гутарка не была дужа канструктыўная, аднак, пазытыўныя вынікі зь яе ўсё ж будуць, бо некаторыя з нашых прапановаў былі прынятыя», — сказаў Алег Дзьячкоў.

На сустрэчы, кажа ён, уздымалася пытаньне, чаму шыльды з назвамі вуліц падаюцца на расейскай мове. Чыноўнікі паабяцалі надалей зьвяртаць на гэтую акалічнасьць увагу і пісаць назвы на беларускай мове.

«Кантактаваць з чыноўнікамі розных узроўняў варта, — кажа Алег Дзьячкоў. — Як мне падаецца, гэта разумеюць і службоўцы. Валеры Малашка на прыёме заклікаў да супрацы».

Паводле лідэра ТБМаўцаў, суполка мае намер даслаць начальніку Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкаму Андрэю Кунцэвічу падзяку за тое, што з гэтага навучальнага году кожны чацьвер у мясцовых школах праводзяцца дні беларускай мовы. Пра намер даслаць ліст падзякі сказалі і Валерыю Малашку.

svaboda.org