аўт, 22.10.2019
USD2.04|EUR2.28|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Ва Усходняй Беларусі ад рэгістрацыі шлюбу да нараджэння першага дзіцяці ў сярэднім праходзіць месяц

10.04.2016 – 18:16 | 1012

Белстат апублікаваў дадзеныя аб узросце ўступлення ў шлюбы і нараджэння дзяцей у Беларусі за 2015 год. Прааналізаваўшы статыстычныя звесткі, можна адсачыць сярэднестатыстычны жыццёвы шлях беларуса і беларускі.

 

Першы шлюб

Беларуская жанчына першы раз ідзе ў ЗАГС ў сярэднім у 25,5 года.

У вёсках нявесты звычайна на паўгода маладзейшыя. Што да рэгіянальных адметнасцяў, то берасцейкі і гарадзенкі бяруць шлюб на год раней за сярэднюю лічбу, а мінчанкі — на год пазней.

Яе абранніку 27,5 года.

І ў вёсках, і ў гарадах лічба амаль нязменная, узрост адрозніваецца ўсяго на месяц. Рэгіянальныя традыцыі захоўваюцца — заходняя Беларусь рэгіструе адносіны раней, сталічныя жаніхі марудзяць.

 

Першае дзіця

Наколькі адрозніваецца ўзрост заключэння шлюбу і ўзрост нараджэння першага дзіцяці?

Часам гэтыя лічбы не звязаныя між сабой, бо некаторыя дзеці нараджаюцца па-за шлюбам. Але ў большасці выпадкаў (80—85%) дзеці нараджаюцца ў поўных сем'ях. 

У сярэднім праз паўгода пасля заключэння шлюбу ў маладых сем’ях нараджаецца першае дзіця — маці ў гэты час роўна 26 гадоў.

Але гэта як сярэдняя тэмпература па бальніцы — настолькі адрозніваецца сітуацыя па рэгіёнах.

У кансерватыўных Брэстчыне і Гродзеншчыне паміж шлюбам і нараджэннем дзіцяці праходзіць 10—11 месяцаў.

На Міншчыне лічба складае 6 месяцаў, на Віцебшчыне — 3,6 месяца. 

А вось на Гомельшчыне і Магілёўшчыне нявесты часцяком едуць адразу з ЗАГСа ў раддом — ад рэгістрацыі першага шлюбу да нараджэння першага дзіцяці ў сярэднім праходзіць месяц.

І толькі мінчукі нікуды не спяшаюцца — да нараджэння першага дзіцяці праходзіць каля 15 месяцаў.

 

Чарговыя папаўненні

Калі бацькі плануюць папаўненне сям’і, то другое дзіця нараджаецца прыблізна праз два-тры гады пасля першынца.

Трэцяе і чацвёртае дзіця паспявае нарадзіцца, калі маці 30-34 гады (часцяком гэта ўжо іншы шлюб). Да саракагадовага ўзросту з’яўляюцца на свет пятае і шостае дзіця. Але такія выпадкі, зразумела, вельмі рэдкія.

 

Развод

Другі распаўсюджаны шлях разгортвання сітуацыі — развод.

Па стане на мінулы год на кожныя пяць шлюбаў рэгістраваліся два разводы. Найпрасцей расстаюцца са сваімі абраннікамі ў Мінску, найменш разводзяцца зноў жа берасцейцы і гарадзенцы.

Белстат прыводзіць дадзеныя аб разведзеных парах толькі ва ўзроставым дыяпазоне. Калі перанесці гэтыя лічбы на графікі, атрымаецца, што

сярэдні ўзрост разводу для жанчын складае каля 28 гадоў, а мужчын — каля 31 года.

 

Паўторны шлюб

Калі беларусы і рашаюцца на другі шлюб, то ідуць у ЗАГС даволі хутка.

Найбольшай долі мужчын, якія ўзялі шлюб пасля развода, — каля 33 гадоў.

Жанчыны ж бяруць трохі больш часу на роздумы. На рэгістрацыю другога шлюбу яны прыходзяць у сярэднім у 31 год.

Варыянт, калі беларусы заключаюць шлюб пасля смерці першага спадарожніка жыцця, не ўплываюць на агульную карціну — такіх выпадкаў было ўсяго каля 3% ад усіх шлюбаў.

 

Пяць незвычайных статыстычных гісторый і тэндэнцый за 2015 год

1. Жыхарка Брэсцкай вобласці да наступлення 18 гадоў паспела выйсці замуж, развесціся і зноў пабрацца шлюбам.

2. 7% шлюбаў, зарэгістраваных летась, былі паміж грамадзянамі Беларусі і замежнікамі. Варыянтаў «замежнік+замежніца» налічылася каля 300, сярод іх 28 выпадкаў шлюбаў паміж рускімі і ўкраінцамі. 

3. У гарадах анулююць шлюбы ўдвая часцей, чым у вёсках.

4. Жанчыны ў 5,5 разу радзей за мужчын сканчвалі жыццё самагубствам — 268 супраць 1449.

5. Летась у ЗАГСах краіны налічылі 90 непаўналетніх жаніхоў і 767 непаўналетніх нявест.

Ягор Марціновіч, nn.by

Падзяліцца