пят, 18.10.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Мсціслаў пачынае ператварацца ў горад-музей

11.01.2016 – 12:56 | 2351 | 3

У наступным годзе Мсціслаў стане сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі» і збіраецца сустрэць гасцей ва ўсёй сваёй прыгажосці. Ужо існуе 3D-праект, дзе можна ўбачыць, якія яго чакаюць перамены.

Цэнтральная плошча будзе рэканструявана, на ёй з'явіцца каланада, у парку — бялюткая ратонда і невялікі фантан. Вуліцы і тратуары апрануцца ў сучаснае асфальтабетоннае пакрыццё, а ў гістарычным цэнтры будзе брукаванка. Адновяцца фасады, другое жыццё набудуць аб'екты ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя — Троіцкая царква і будынак былой мужчынскай гімназіі. Мсціслаў упрыгожыць Палац шлюбаў і ўрачыстасцяў, пад які плануецца рэканструяваць былы кінатэатр «Мір». І зусім не пазнаць будзе Замкавую гару. Тут плануюць пабудаваць вежу-данжон, накрыць музеефікаваны раскоп, зрабіць рысталішча для конных баёў і крапасную сцяну ў стылі ХІІ стагоддзя.

— Усё залежыць ад кожнага жыхара нашага горада, ад яго ўдзелу,— кажа старшыня Мсціслаўскага райсавета дэпутатаў Святаслаў Кусаў. — Без гэтага ніякае фінансаванне не дапаможа. У сілах кожнага навесці парадак вакол свайго дома, прыватнага або шматкватэрнага. Нядаўна адбылося пасяджэнне раённай камісіі па эканоміцы з удзелам старшых па доме, дзе падымалася пытанне па добраўпарадкаванні горада. Людзі не супраць прыняць долевы ўдзел у рамонце, каб зрабіць ля свайго шматпавярховіка стаянку для аўтамабіляў, прыгожую дзіцячую пляцоўку. Дагэтуль такіх прыкладаў у нас не было. А тое, што датычыцца аднаўлення гістарычных аб'ектаў, гэта наогул справа гонару. Мы павінны іх захаваць і перадаць нашчадкам. Жыхары горада падтрымалі стварэнне фонду па аднаўленні гістарычных помнікаў. Спадзяёмся, што ўбаку не застануцца і ўсе тыя, хто зацікаўлены ў захаванні славутасцяў Беларусі.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара, zviazda.by