нядз, 20.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Горках прэзідэнцкі ўказ 222 паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў

05.01.2016 – 01:15 | 2338 | 6

Прэзідэнцкі ўказ 222, які ўступіў у сілу 1 студзеня, паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў невялікіх райцэнтрах. Тамтэйшыя прадпрымальнікі, якія возяць тавары расійскага легпраму, таксама не выйшлі на працоўныя месцы.

Пакупнікі, прыйшоўшы набыць адзенне ці абутак, былі здзіўленыя, ўбачыўшы зачыненыя гандлёвыя аб’екты. У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, упершыню за многія гады апусцеў мясцовы рэчавы рынак. 

У нядзелю на адведзенай пляцоуцы збіраліся не толькі горацкія гандляры, але і прыезджыя, з суседніх райцэнтраў. 

Наведвальнікі рынку не хавалі, што збянтэжаныя убачаным. На пытанне, ці не здзвіў іх рынак без гандляроў, жыхары райцэнтру адказвалі: здзівіў. 

«Нашы індывідуальныя прадпрымальнікі цяпер не могуць вольна гандляваць, бо, відаць, ёсць нейкія праблемы», — выказала здагадку адна з наведвальніц рынку. 

«Для нас, пакупнікоў, гэта не дужа добра, — працягнула жанчына. — Тут жа можна было прыдбаць рэчы таннейшыя, чым у крамах, ды і выбар быў большым. Замяніць прывазны тавар беларускім будзе вельмі цяжка. Эканамічная сітуацыя неспрыяльная».

Наступную суразмоўніцу пусты рынак таксама здзвіў. Як зазначыла жанчына, у яе было прадчуванне нечага падобнага, але такога, прызналася яна, убачыць не чакала. 

«Вельмі сумна. Хацелі нешта прыдбаць сёння, але спазніліся», — каротка пракаментавала карціну на рынку жыхарка Горак. 

Маладая пара прыйшла на рынак таксама пашукаць патрэбныя ім рэчы, аднак на гандлёвай пляцоўцы маладзёны не затрымаліся. 

«Нас здзівіў пусты рынак», — выказалася дзяўчына. 

«Людзям забаранілі гандляваць. У іх павінна быць ліцэнзія на гандаль небеларускімі рэчамі, — зазначыла іншая жыхарка Горак. — Людзей шкада, бо без працы застануцца многія. Ды і пакупнікоў, якія прывыклі набываць рэчы на рынку. Дзе цяпер ім купляць, я і не ведаю». 

Дырэктар рынку ў прыватнай гутарцы запэўніў, што пусты рынак — часовая з'ява. Паводле яго, ў наступныя выхадныя гандляроў на ім будзе на парадак болей. 

Прадпрымальнікі, якія наведаліся ў свае павільёны на іншым рынку райцэнтру, каб сабраць тавар для вывазу, не ўтойвалі, што выйсця з той сітуацыі, якую стварыў прэзідэнцкі указ № 222, яны не бачаць. Многія, зазначылі суразмоўцы, свой бізнес страцяць. 

«Вы ж бачыце, мы не працуем. Ніхто нібыта і не забараняў, але, з іншага боку, забаранілі гэтак, што, калі нам гандляваць па усіх правілах, то выгады ніякай. Калі нічога не зменіцца, пойдзем — самі ня ведаем куды, бо працы ж іншай зусім няма. Нават біржа не ўладкуе. Гэтыя законы прымаюць людзі, далёкія ад нашага жыцця і нашай працы», — каментуе сітуацыю адзін з горацкіх прадпрымальнікаў. Ён гандлюе таварамі расійскага легпраму больш за пятнаццаць год. 

Жонка суразмоўцы дадае, што ў іх была думка папрацаваць крыху, аднак не наважыліся: 

«Боязна працаваць. Канфіскуюць тавар, вялікі штраф. Нам гэта не падняць. Цяпер гандлю няма. У людзей безграшоўе. Арэнда завялікая». 

Прэзідэнцкі указ нумар 222 не выгадны ні народу, ні прадпрымальнікам, далучаюцца да гутаркі яшчэ некалькі бізнесоўцаў. 

«Падаткі не сплачваюцца. Хоць тавар па сезон прывезены, але яго ніхто не прадае. Ды і народ ходзіць у пошуках свайго», — выказваецца адзін з іх. Ягоны калега дадае: 

«Расіянам выгадна. Людзі туды паедуць па тавар. Тут жа недалёка да Смаленску. 75 тысяч рублёў маршруткай. Танней, чым да Мінску. Людзі паедуць у Смаленск па штаны, там жа і харчы будуць купляць. Эканамічна гэты указ — шкодніцтва. Беларусь жа не Расія. Гэта адтуль праблема выехаць, а ў нас жа краіна маленькая. Па перыметры сто кіламетраў у розныя бакі — і замежжа. Таму усе параз'едуцца». 

Пакуль трывала гутарка, да прадпрымальнікаў падышоў не адзін пакупнік, здзіўлена пытаючыся, ці працуюць яны. Маладая дзяўчына, якая прыйшла прыдбаць сабе джынсы, сказала, што пра указ 222 чула: 

«Так, чула, але спадзявалася, што гэта неяк нас абміне. Нібыта гэты указ некалькі год як існуе. Аднак бачым, што усё ж ім пазачынялі ўсё. Нядзеля, святочныя дні, і ўсё зачынена». 

Зачыненымі павільёнамі сустрэў пакупнікоў у новым годзе і найвялікшы гандлёвы цэнтр Горак «Малая Еўропа». Паводле прадпрымальнікаў, у ім сотня павільёнаў. З іх адчыненымі былі адзінкі, і не было ніводнага, які гандляваў бы прывезеным з Расіі таварам. 

У наведвальнікаў гандлёвага цэнтру пытаюся: «Ці зручна будзе простым людзям без таго, што прывозяць прадпрымальнікі». 

«Нявыгадна», — у адзін голас адказваюць на пытанне маці і сын. 

«Наша беларускае вельмі дарагое, — працягвае жанчына. — Якасць мо і добрая, але выгляд іншым разам не дужа прывабны. І выбару няма. Я гэта ведаю дакладна».

«Выбару такога пэўна ужо не будзе», — рэагуюць на пытанне маладыя муж і жонка, якія чакаюць папаўнення ў сям’і. Яны завіталі ў «Малую Еўропу», каб прыглядзець рэчы для дзіцяці.

«Беларускае значна даражэйшае. Нас жа прывучаюць, што беларускае якаснае. Аднак у нас прадукцыйнасць працы зусім іншая, таму і тавары і харчы даражэйшыя», — тлумачыць будучы тата. 

Калі не будзе прывазнога, дадае ён, то давядзецца прывыкаць да беларускага. 

У гандлёвым цэнтры «Малая Еўропа» прадпрымальнікі прыпынілі працу, як паведамілі іхныя калегі ў адчыненых павільёнах, на месяц. Многія з іх спадзяюцца, што за гэты час сітуацыя канкрэтызуецца. 

Адзін з гандляроў адчыненага павільёну выказаў меркаванне, што ўказ прэзідэнта несправядлівы, і супраць яго трэба кансалідавана паўстаць. Суразмоўцу незразумела, чаму жыццё ў нібыта адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй не мае агульных патрабаванняў да яе суб’ектаў. 

«Калі мы жывём у адзінай прасторы, значыць, у іх таксама павінны быць такія ж законы і гэтак жа павінны зачыніцца рынкі. Павінны быць агульныя патрабаванні і па сертыфікацыі тавараў, а там такога патрабавання няма», — заключыў гандляр з гандлёвага цэнтру «Малая Еўропа». 

Згодна з указам № 222, з 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакументамі. 

У 2014 годзе была скасаваная палёгка, што дазваляла індывідуальным прадпрымальнікам завозіць з Мытнага саюзу тавары легпраму без дакументаў, што падцвярджалі б іх легальнае паходжанне і бяспеку для спажыўца. Такія тавары без дакументаў трэба было распрадаць да 1 сакавіка 2015 году, пазней тэрмін быў працягнуты да канца 2015 году. Не прададзеныя тавары могуць выкарыстоўвацца толькі «ў мета асабістага, хатняга, сямейнага спажывання, не звязанага з прадпрымальніцкай дзейнасцю». 

Алесь Асіпцоў, naviny.by

Падзяліцца