аўт, 17.09.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Ад незалежнай газеты патрабуюць абвяржэння

18.06.2013 – 08:05 | 116

У судзе Крычаўскага раёна 17 чэрвеня вынесена рашэнне па пазову «аб абароне дзелавой рэпутацыі» з боку КУП «Чэрыкаўскае ПМК № 280» супраць незалежнай газеты «Вольны горад».

Суд прызнаў распаўсюджаныя ў газеце «Вольны горад» (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле «Прыгонныя» звесткі адносна КУП «Чэрыкаўскае ПМК-280» не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету «Вольны горад» апублікаваць абвяржэнне, паведамляе сайт ГА «БАЖ».

Па словах рэдактара незалежнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, журналісты газеты будуць абскарджваць рашэнне суда Крычаўскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.

«Суд Крычаўскага раёна прыняў рашэнне, каб мы ў газеце „Вольны горад“ апублікавалі абвяржэнне выкладзеных у артыкуле „Прыгонныя"звестак, — распавядае Сяргей Няроўны. — Гэта тое, што я ўспрыняў на слых, калі зачытвалі пастанову суда, копію пастановы суддзя паабяцаў нам прадаставіць на працягу пяці дзён. Безумоўна, з такім рашэннем суда Крычаўскага раёна мы нязгодны і будзем абскарджваць яго ў Магілёўскім абласным судзе. Суддзя не задаволіў усе нашыя асноўныя хадайніцтвы, у тым ліку пра тое, каб Чэрыкаўскім ПМК-280 у суд былі прадастаўлены калектыўная дамова, кантракты з працаўнікамі, а таксама аплатная ведамасць на выплату заробкаў і аплатныя даручэнні на пералічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны. У гэтым выпадку адразу б стала бачна, ці сапраўды Чэрыкаўскае ПМК-280 своечасова выплочвала заробкі сваім рабочым“.

Артыкул „Прыгонныя“ быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю „Вольнага горада“ жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК № 280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты "Вольнага горада» параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.

Незалежная газета «Вольны горад» выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны.

BAJ.BY