сер, 16.10.2019
USD2.05|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытута загінуў у барацьбе з царызмам

13.06.2013 – 10:26 | 543

На тэрыторыi дэндрапарку Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii знаходзіцца магiла i помнiк былому студэнту Горы-Горацкага земляробчага iнстытута, удзельнiку паўстання 1863 года Войцэху Дамарацкаму.

З бедных паноў

Войцэх нарадзiўся 2 лютага 1840 года ў сям'i збяднелага памешчыка і дваранiна Язэпа Вiкенцьевiча Дамарацкага. Аб гэтым гаворыцца ў мятрычным пасведчанні, выдадзеным на ягонае імя Луцка-Жытомерскай рымска-каталiцкай духоўнай кансiсторыяй 31 жнiўня 1853 года, а таксама ў копіі з Указу Герольдыi аб дваранскім паходжанні роду Дамарацкiх, выдадзеным Валынскім дваранскім дэпутацкім сходам. Гэтыя дакументы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архiве Беларусі (Ф. 3286, оп.2, сп.1, лл.4,12-15).

Дзяцінства Войцэха прайшло ў вёсцы, таму ён добра ведаў становішча прыгонных сялян.

22 чэрвеня 1858 года ён скончыў Валынскую губернскую гімназію, і на сямейнай нарадзе было вырашана ехаць у Горкі Магілёўскай губерні для атрымання вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыі ў Горы-Горацкiм земляробчым iнстытуце.

"Чырвоны" студэнт

Горкі, 50-я гады ХIХ. У той час у трох навучальных ўстановах (земляробчы інстытут, вучылішча і вучэбная ферма) адукацыю атрымлівалі болей за 350 чалавек, амаль з усіх губерняў Расійскай імперыі, а таксама з Германіі і Францыі. Навучанне было платным. За адзін год студэнты інстытута, якія жылі ў пансіёне, павінны былі ўносіць (прычым за кожныя паўгода наперад) 125 рублёў – сума па тых часах немалая.

Матэрыяльнае становішча многіх студэнтаў і навучэнцаў, асабліва з народных масаў, было цяжкім. Таму часта маладым людзям даводзілася кідаць вучобу альбо вучыцца па 6-8 гадоў.

Сярод студэнтаў было шмат палякаў, якія пасля вядомых падзелаў Рэчы Паспалітай адчувалі нацыянальны прыгнёт.

Адкрываючы ў невялікім мястэчку Горкi земляробчыя навучальныя ўстановы, царскі ўрад разлічваў, што тут будуць выхоўвацца верныя яму чыноўнікі і кіраўнікі панскіх маёнткаў. Аднак царызм пралічыўся. Асвета моладзі садзейнічала фарміраванню ў студэнтаў прагрэсіўнага светапогляду.

На жаль, знайсцi дакументаў, якiя б сведчылi аб тым, як вучыўся Вoйцэх у iнстытуце, нам не ўдалося. Але вядома, што ў Горках Дамарацкі зблізіўся з рэвалюцыйнай часткай моладзі і стаў актыўным сябрам студэнцка-прафесарскага клуба, у дзейнасці якога бралі ўдзел вядучыя выкладчыкі інстытута.

У гэтым вольнадумным клубе абмяркоўваліся злабадзённыя палітычныя пытанні і будучая аграрная рэформа, звязаная з вызваленнем сялянаў ад прыгоннага права.

Як лічыць гісторык С.Цiтовiч, Дaмарацкi быў "чырвоны энтузіяст". Гэта азначэнне тлумачыцца тым, што ў пачатку 1861 года ў антыцарскім руху вызначыліся два асноўныя напрамкі – "белыя" і "чырвоныя". Першыя выражалі інтарэсы памешчыкаў і буйной буржуазіі, баяліся народнага руху і асцерагаліся ісці на адкрытую барацьбу з царызмам. Другія выступалі за актыўную барацьбу з самаўладдзем і былі прыхільнікамі паўстання за незалежнасць Польшчы (На той час пад Польшчай разумелася тэрыторыя Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі ў сучасным разуменні Польшча, Літва і Беларусь – рэд.).

Вядома, што Войцэх адносіўся да "левай часткі" арганізацыі і ў студэнцкiх спрэчках, пярэчачы свайму сябру Ф.Aрлiцкaму, які абараняў ідэі "белых" i ўскладаў вялікія надзеі на сялянскую рэформу, казаў: "Усё гэта пустое, міраж... папомніце: чыноўнiцтва сажрэ ваш худы лібералізм".

Павёў за сабой

У канцы 1862 года ў Горках утварылася падпольная студэнцкая арганізацыя, на чале якой стаяў камітэт з 11 чалавек. У яго ўваходзілі С.Віскоўскі, В.Дамарацкі, В.Антановіч, П.Козел, Р.Чарвінскі, С.Дымкевіч ды iншыя. Кожны сябар камітэту меў свае абавязкі і даручэнні. Так, Вiскоўскі падтрымліваў сувязь з нелегальнымі арганізацыямі ў Пецярбургу, Маскве і Вільні; В.Антановіч займаўся зброяй; а П.Козел – правіянтам, фуражом і транспартам.

Войцэху, які добра ведаў мясцовае насельніцтва, было даручана падтрымліваць сувязь з навучэнцамі земляробчай фермы і сялянамi маёнтка.

10 красавiка 1863 года Войцэх, як сведчаць дакументы Дзяржаўнага гiстарычнага архiву Лiтвы, прыязджаў у Вiльню, дзе сустракаўся з мясцовымi рэвалюцыянерамi. Цiкава, што з'явiўшыся да iх, Дамарацкі прад'явiў пароль у выглядзе музычнага ключа (Фонд 1248, воп.2, справа 97, лл.194).

Кіраваў горацкім падполлем С.Дымкевіч, вядомы пад мянушкай "Біскуп". Некалькі гадоў ён вучыўся ў інстытуце на правах вольнаслухача, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод горацкага студэнцтва, кіраваў касай узаемадапамогі, арганізоўваў сталовыя для бедных навучэнцаў.

Пасля смерці С.Дымкевіча ў студзені 1863 года камітэт узначаліў С.Віскоўскі. Ён устанавіў сувязь з Літоўскім правінцыйным камітэтам у Вільні, ездзіў па зброю ў Пецярбург і Маскву. Атрымаўшы зброю, студэнты выязджалі за горад і трэніраваліся ў стральбе, рыхтаваліся да будучых баёў…

24 красавiка 1863 года ўначы ў Горкі ўвайшоў атрад паўстанцаў пад кіраўніцтвам Людвіга Звяждоўскага. Войцэху Дамарацкаму была даручана самая цяжкая задача. Ён узначаліў групу, якая штурмавала казарму ўнутранай аховы. Паўстаны прапанавалі салдатам здацца без бою. У адказ пачуліся стрэлы.

З воклічам "За вашу і нашу свабоду" наперад накіраваўся Дамарацкі, ведучы за сабою паўстанцаў. У час рукапашнага бою Воцэх быў смяротна паранены штыком і неўзабаве памёр.

Памяць

Войцэх Дамарацкі быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі на тэрыторыі дэндрапарку Горы-горацкага інстытута. На бярозе, якая расла побач з магiлай, быў выразаны крыж i надпiс.

Паўстанцы так хутка былi вымушаны пакінуць Горкі, што нават не паспелi зрабiць труну, таму цела Войцэха было завернута ў дыван. Вядома, што праз некалькi дзён нехта з сялян маёнтка ноччу раскапаў магiлу i забраў той дыван сабе.

Прайшло некалькi гадоў i адзiн з навучэнцаў Горацкага земляробчага вучылiшча раскапаў магiлу i дастаў адтуль чэрап Войцэха.

Да 1991 года аўтар гэтага артыкула некалькi разоў ставiў пытанне аб тым, каб усталявaць на месцы пахавання Дамарацкага помнiк. Бярозы, каля якой закапалі цела забітага студэнта, даўно ўжо няма. Але месца пахавання ў свой час паказаў былы дырэктар акадэмiчнай бiблiятэкi Дзям'ян Новiкаў.

Пытанне пра помнік Войцэху Дамарацкаму двойчы абмяркоўвалася на парткаме акадэмii. Але намеснiк сакратaра парткама па iдэалогii заўсёды выступаў супраць, гаворачы, што паўстанне ў Горках было паўстаннем польскiх нацыяналiстаў, якiя змагалiся за аддзяленне Беларусi ад Расii, дый невядома да якога крыла "белых", цi "чырвоных" дакладна належыў забіты студэнт.

Прыйшлося паехаць у Дзяржаўны гiстарычны архiў Лiтвы i знайсцi доказ, што Дамарацкi быў "чырвоным".

Але тут надышла перабудова, знiк парткам... I дзякуючы намаганням першага прарэктaра Беларускай дзяржаўнай акадэмii М.М.Дабралюбава ў дэндрапарку ВНУ быў устаноўлены помнiк. Праўда, праз некаторы час ён быў разбiты, i толькi ў 2012 годзе зноў адноўлены.

Уладзiмiр Лiўшыц