пят, 18.10.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Апошні раз рэктара БДСГА абіралі 20 гадоў назад

27.10.2015 – 11:40 | 1122 | 8

У Беларусі абяцаюць аднавіць сістэму выбарнасці рэктараў – гэта пазітыўныя вынікі таго, што краіна далучылася да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Зараз галоўнага чалавека ў айчынных ВНУ прызначаюць "зверху". Гэта тычыцца нават камерцыйных навучальных установаў. Аднак ужо сёлета акадэмічных свабодаў паболее. Рэктараў ізноў будуць выбіраць, як гэта было ў Беларусі да канца 90-х. У нашай акадэміі апошнія такія выбары прайшлі ў 1995 годзе. Як гэта было, распавёў Аляксандр Каданчык, былы загадчык кафедры гісторыі і культуралогіі, які пэўны час уваходзіў у Вучоны савет БДСГА.

Як адбываліся выбары рэктара акадэміі 20 гадоў таму?

– З абраннем рэктара В.А.Шаршунова дэпутатам парламента паўстала пытанне аб новым рэктары БДСГА. Заявы на заняцце гэтай пасады ў верасні 1995 г. падалі пяць прэтэндэнтаў: дактары навук, прафесары А.М.Карташэвіч, А.У.Кільчэўскі, І.І.Лінькоў, М.У.Шалак і кандыдат навук, дацэнт А.Р.Цыганаў. Апошні быў першым прарэктарам і, адпаведна, часова выконваў абавязкі рэктара. Кандыдатуры абмяркоўваліся двойчы на пасяджэнні прафкама супрацоўнікаў акадэміі, а таксама прафкама студэнтаў, два разы пытанне разглядалася на пасяджэнні Вучонага савета акадэміі, а таксама на пашыраным пасяджэнні рэктарата.

Паседжанне Вучонага савета 19 верасня завяршылася безвынікова. Прысутнічаў міністр сельскай гаспадаркі В.С.Лявонаў. Ён выказаўся так: прадстаўнікі акадэміі павінны адказна падыйсці да адбору кандыдатуры на пасаду рэктара, падумаць і праз тыдзень вызначыцца з кандыдатурай, якая і будзе прапанавана на зацверджанне міністрам.

На прафкаме супрацоўнікаў было вылучана на галасаванне дзве кандыдатуры з наступнымі выкнікамі: І.І.Лінькоў – "за" – шэсць, А.Р.Цыганаў – "за" – сем. Вынікі паседжання студэнцкага прафкама мне невядомы.

25 верасня верасня на рэктараце была пыдтрымана кандыдатура Цыганава.

26 верасня 1995 г. адбылося пашыранае паседжанне Вучонага савета. Абмяркоўваліся дзве кандыдатуры ад рэктарата (Лінькоў і Цыганаў) і ад прафкама – М.У.Шалак. Былі дзве прапановы аб форме галасавання: адкрытае і таемнае. Большасць падтрымала адкрыты варыянт. Вынікі: І.ІЛінькоў – "за" – два, А.Р.Цыганаў – "за" – 46, М.У.Шалак – "за" – два.

Якую пазіцыю тады займалі Вы?

– Калі цікавіць мая пазіцыя, то я выступаў у падтрымку Аляксандра Цыганава. Зыходзячы з паспяховай працы тандэма Шаршуноў – Цыганаў у вельмі складаны час пачатку 1990-х гадоў, лічыў неабходным, каб захавалася пераемнасць узятага напрамку. Сваю пазіцыю, пераносячыся ў той час, не змяніў бы і зараз.

У кастрычніку напрыканцы працоўнага дня мяне нечакана выклікалі да рэктара. Здзівіўся, калі выконваючага абавязкі рэктара А.Р.Цыганава ўбачыў у яго ўласнай прыёмнай, а яго кабінет быў некім заняты. Аляксандр Рымавіч быў узбуджаны. На маё пытанне адказаў, што ў кабінеце знаходзіцца міністр Лявонаў, які праводзіць гутаркі з асобнымі загадчыкамі кафедр па кандыдатуры рэктара.

Усяго было, калі не памыляюся, запрошана чатыры загадчыкі. Перада мною вышаў А.С.Добышаў. Лявонаў задаў адно пытанне: каго і чаму я лічу мэтазгодным падтрымаць у якасці рэктара? Адказваць мне было не складана, таму што на той момант я кіраваўся толькі інтарэсамі справы. А на той час прэтэнзій да кіраўніцтва акадэміі (і Шаршунова асабліва як рэктара, і Цыганова, з якім мне непасрэдна часцей прыходзілася сустракацца), у мяне практычна не было.

Якое было стаўленне прафесарска-выкладчыцкага складу нашага ВНУ да тых выбараў?

– Перабудова (як бы хто да яе ні ставіўся), а таксама абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ўсё ж такі ўскалыхнулі грамадства. І хаця пасля выбараў першага прэзідэнта і майскага рэферэндума 1995 г. намеціліся іншыя тэндэнцыі, на хвалі папярэдніх зменаў стаўленне да працэдуры вылучэння рэктара было сапраўды жывым. Той факт, што канчаткова кандыдатура зацвярджалася Міністрам сельскай гаспадаркі, не перакрэсліваў папярэднія этапы яе вылучэння, абмеркаванне і вынікі Вучонага савета.

Хачу адзначыць, што на пашыраным пасяджэнні Вучонага савета ў той час прагучала прапанова перагледзець норму зацвярджэння рэктара Міністэрствам. Выказвалася занепакоенасць, што Міністэрства можа прызначыць таго, каго палічыць патрэбным у любы час.

Эксперт у сферы адукацыі Павел Церашковіч адзначае, што ў ЗША пытанне выбару рэктара вырашаецца знешнімі органамі кіравання, напрыклад, кіруючым саветам. У многіх краінах (ва Украіне, у тым ліку) рэктара абірае акадэмічная супольнасць з удзелам студэнтаў. У Літве рашэнне прымае Савет універсітэта, у які ўваходзяць прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнтаў і Міністэрства адукацыі. Які варыянт, як Вам падаецца, мог бы быць найбольш прымальным для такога ВНУ як БДСГА?

– Канечне, кожны з названых варыянтаў мае свае асаблівасці. Што тычыцца ЗША, то іхні варыянт склаўся у варунках сістэмы, дзе ВНУ маюць разнастайныя крыніцы фінансавання і, адпаведна, залежаць яшчэ ад шэрагу эканамічных, палітычных і сацыяльных асаблівасцяў краіны. Што тычыцца Украіны і Літвы, то я выбраў бы для акадэміі літоўскі варыянт.

Безумоўна, удзел прадстаўнікоў трыяды (супрацоўнікі ВНУ, студэнты і Міністэрства) у вылучэнні і абранні рэктара, на мой погляд, найбольш падыходзіць да сучаснага стану нашай сістэмы адукацыі. Пры гэтым абранне рэктара не павінна потым пераглядацца іншай інстанцыяй, калі рэктар дзейнічае ў межах закона і забяспечвае рэалізацыю праграмы эфектыўнай дзейнасці і развіцця ВНУ.

Даведка

Спроба нумар два. Беларусь далучылася ды Балонскага працэсу (Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі) з другой спробы. Першая заяўка мела быць разгледжана яшчэ ў красавіку 2012 года. Аднак пры падрыхтоўцы саміту Балонская рабочая група вырашыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Да 1996 года. Выбарнасць рэктараў упершыню была ўведзена Саветам міністраў СССР у 1987 годзе. У 1991 годзе, праз два месяцы пасля падпісання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, правы педагагічных работнікаў на абранне кіраўнікоў і кіруючых органаў навучальнай установы і на абранне ў іх склад былі замацаваны Законам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Аднак ужо ў 1996 годзе прэзідэнт атрымаў права прызначаць рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а далей – і ўсіх астатніх. Апошнімі выбараў рэктара былі пазбаўлены камерцыйныя навучальныя ўстановы.

Як цяпер будуць выбіраць? Паведамляецца, што цяпер працэдура абрання рэктара будзе выглядаць наступным чынам. Кандыдаты на пасаду рэктара будуць падаваць заявы ў савет ВНУ і прадстаўляць уласную праграму развіцця навучальнай установы. Савет будзе яе разглядаць, і ў залежнасці ад вынікаў, рэкамендаваць кандыдатуру Міністэрству адукацыі для зацвярджэння. У сваю чаргу, Міністэрства будзе альбо згаджацца з прапановай навучальнай установы, альбо прадстаўляць сваю кандыдатуру.

Антон Валадзько

Падзяліцца