нядз, 15.09.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў асноўныя кандыдаты?

11.07.2015 – 14:00 | 550

Перадвыбарчая кампанія набірае абароты. Да 17 ліпеня патэнцыйныя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы павінны прадаставіць у ЦВК спіс сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў. «Наша Ніва» спытала ў асноўных кандыдатаў і прадстаўнікоў іх штабоў, як ідуць справы.

Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік перадвыбарчага штаба Таццяны Караткевіч:

«Сёння галоўная задача – фармаванне ініцыятаўнай групы. Людзі могуць прыходзіць да нас ў офісы, плюс мы зрабілі адмысловую старонку ў інтэрнэце.

Другая важная задача – гэта паездкі па рэгіёнах і сустрэчы з людзьмі. У нас мінімум чатыры паездкі на тыдзень».

Па словах Дзмітрыева, на сёння ініцыятыўная група налічвае больш за тысячу чалавек.

«У зборы подпісаў мы будзем рабіць ухіл не на пікеты, а на наведванне людзей. То бок пойдзем па кватэрах ад дзвярэй да дзвярэй. Па нашым досведзе, гэта значна больш эфектыўна», — сказаў ён.

Іншы кандыдат, лідар партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін таксама заняты стварэннем ініцыятыўнай групы.

«Усё ідзе па плане. На гэтых выходных прыедуць людзі з рэгіёнаў і будуць падведзены вынікі фарміравання ініцыятаўнай групы. Не скажу, што ўсе жыхары Беларусі кінуліся ў нашу групу, бо ёсць пэўныя складанасці, выкліканыя палітычнай сістэмай.

Шмат хто баіцца, мы бачым, што выкарыстоўваецца адміністрацыйны ціск, калі на працы, ці вучобе папярэджваюць, каб не ішлі да апазіцыйных кандыдатаў, - кажа Калякін. – Але мы разлічваем на 1,5 тысячы чалавек. Мы не гонімся за колькасцю, галоўнае – набраць людзей, яікія змогуць працаваць».

Лідар Аб’яднанай грамадскай партыі Анатоль Лябедзька, заявіў, што гэтую кампанію было вырашана праводзіць па-новаму:

«Мы робім усё магчымае і, нават, крыху больш. Нашы штоднёвыя задачы: стварэнне ініцыятыўнай групы і фандрайзінг (збор рэсурсаў - «НН»). Мы праводзім кампанію на валанцёрскіх пачатках, і гэта наш першы такі досвед. Але нават калі ёсць валанцёры, выдаткі ўсё ж патрэбны, - тлумачыць Лябедзька. – У ідэале добра было б сабраць мільён даляраў, але для нашых умоваў, калі збярэцца хаця б сто тысяч, можна будзе фарміраваць бюджэт і арганізоўваць інфармацыйную кампанію. Гэта яшчэ і таму, што ініцыятыўная група будзе працаваць як валанцёры, бо раней менавіта гэта было асноўным пунктам выдаткаў».

Пры гэтым, адзначыў Лябедзька, арыентацыя на валанцёраў дае як плюсы, так і мінусы.

«Шмат хто, чуючы, што не будзе фінансавання, губляе цікавасць. Я кажу нават пра структуры, і грамадскія, і палітычныя. Мы — ідэалагічная суполка, у нас ёсць актыў, на які мы можам абапірацца. А іншыя структуры, якія працуюць па прынцыпе французскага легіёна, якія прывучылі сваіх людзей да грошай, – ім прыйдзецца цяжэй. Нават некаторыя нашы прыхільнікі сыходзяць, калі даведваюцца, што фінансавання фактычна не будзе», — мяркуе Анатоль.

Што тычыцца ініцыятаўнай групы, то планы наступныя.

«Мы разлічваем прыкладна на тысячу чалавек, з іх каля 500 будзе займацца зборам подпісаў. Мы ведаем, як сабраць неабходныя 100 000 подпісаў. У 2010 годзе мы сабралі 127 000 і спынілі збор», - сцвярджае Лябедзька.

Таксама ідзе праца па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча.

Штаб руху салідарнасці «Разам» сабраў подпісы больш за 200 чалавек, якія пагадзіліся стаць сябрамі ініцыятыўнай групы. Сярод іх Лявон Вольскі, Сяргей Законнікаў, Аляксей Марачкін, Юры Хашчавацкі і іншыя.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня і каардынатар ініцыятыўнай групы ў падтрымку яго як кандыдата ў прэзідэнты, распавяла, што ўжо падведзены папярэднія вынікі.

«Разлічваем, што ў ініцыятыўную групу ўвойдуць каля тысячы чалавек. Таксама распаўсюдзілі ў СМІ зварот з нашымі кантактнымі дадзенымі, таму што шмат людзей звяртаецца з пытаннем, як нас знайсці, нават праз фэйсбук, — паведаміла Адамовіч.

— Наша асноўная мэта — звярнуць увагу грамадства, што ў нашай краіне не могуць адбывацца сапраўдныя выбары без вызвалення і рэабілітацыі Мікалая Статкевіча як удзельніка мінулай кампаніі і іншых палітвязняў.

Таму мы будзем працягваць звяртацца да беларускай і міжнароднай супольнасці, не толькі на працягу рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Мы разумеем, што наша улада, напэўна, не дасць зарэгістраваць Мікалая ў якасці кандыдата. Але ў заканадаўстве ёсць такі момант, што ініцыятыўная група павінна быць зарэгістравана, нават калі кандыдату ў рэгістрацыі адмовяць».

Улад Швядовіч, nn.by