чцв, 19.09.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Скарына заклікае вучыцца ў Гомелі, а Горкі называюць сябе Гарвардам (відэа)

03.07.2015 – 09:00 | 1333 | 3

Каб не застацца без студэнтаў, універсітэты пачынаюць актыўна сябе рэкламаваць. У ход ідуць сімпатычныя студэнткі, даспехі і нават універсітэты ЗША.

Сам Францыск Скарына заклікае студэнтаў пакрэатывіць у Гомелі, бо гэтая ВНУ носіць яго імя. І яны крэатывяць: студэнт эканамічнага раздае грошы, фізік каўбасіцца пад цяжкі рок, а студэнтка з філалагічнага спакушае будучых абітурыентаў, пазіруючы на парце. Самы крэатыўны ролік, хоць і неадназначны. На афіцыйным сайце ўніверсітэта яго таксама няма: рабілі самі студэнты.

На добрай беларускай мове заклікае вучыцца студэнтка ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Марыя Марчук. Проста, з густам і зразумела. Дарэчы, адзіная рэклама ўніверсітэта на беларускай, якую лёгка знаходзім на сайце ВНУ.

Калі вы думалі, што Гарвард у ЗША, то не. Ён цяпер у Горках. Ва ўсялякім выпадку, "беларускім Гарвардам" сябе называе сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. У астатнім — звычайны ролік з пералікам факультэтаў і бонусаў а-ля "гарантуем працоўнае месца пасля вучобы".

Найбольш рэкламы сёлета ад Педагагічнага ўніверсітэта Максіма Танка. Гэта і постары ў метро, і відэаролікі. Праўда, ролік досыць трывіяльны: пералік факультэтаў, расхвальванне прафесіі педагога.

Студэнты граюць на музычных інструментах, вучацца танчыць, маляваць ― кароткі змест роліка ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Без слоў і з надпісамі па-руску. І дакладна не зразумела, чаму варта абіраць менавіта гэтую ВНУ.

Замежнымі стажыроўкамі заманьвае студэнтаў Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава. А таксама ўласнымі СМІ і наборам кшталту: добрыя выкладчыкі, тэхніка, першае месца працы. Усё стандартна.

Стаць вольным і павучыцца ў Еўрасаюзе запрашае Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні. Рэкламны ролік, праўда, толькі за мінулы год. А вось папяровай рэкламай заклееныя ўсе вагоны электрычкі Мінск-Вільня, не паскупіліся.

Рэкламны ролік Полацкага ўніверсітэта не знаходзім. Толькі 10 прычын паступіць. Сярод іх — лідарства ў руху будаўнічых атрадаў і чатыры сталовыя, шэсць буфетаў і дзве кавярні. Не папаўнець бы пасля такой вучобы. А варта б было рэкламаваць аўтаматызаваную сістэму залічэння, якая працуе з гэтага года ў ПДУ. Па ёй абітурыент можа падаваць дакументы адразу на некалькі спецыяльнасцяў, а камп'ютар пралічвае, куды ён праходзіць са сваімі баламі. Такая ж сістэма ўжо 5 гадоў існуе ў БДУІРы.

Таксама няма свежага рэкламнага роліка на сайтах БДУ, Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэміі кіравання, Лінгвістычнага ўніверсітэта.

Нагадаем, сёлета на тэставанне запісалася 101 тысяча абітурыентаў. Але частка з іх на іспыты не дайшла, яшчэ частка можа не набраць неабходныя балы, якія даюць права падаваць дакументы. На бюджэт плануюць узяць 28 тысяч чалавек, а гэта амаль кожны трэці абітурыент.

Арцём Мартыновіч, euroradio.fm