сер, 16.10.2019
USD2.05|EUR2.26|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Беларусі адзначаюць Дзень Волі

25.03.2015 – 11:29 | 503

Дзень Волі — 97-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі. Афіцыйна гэтую дату ў краіне не святкуюць.

Прадстаўнікі апазіцыі рыхтуюцца да традыцыйнага шэсця і мітынгу ў Мінску. Заяўнікамі акцыі выступілі лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня аргкамітэта па стварэнні аб`яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Марына Хоміч, а таксама прадстаўнікі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і руху "За Свабоду" Мікіта Семяненка.

Вулічныя акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску заўсёды праводзіліся вечарам. Сёлета шэсце і мітынг планаваліся з 17.00 да 20.00, але Мінгарвыканкам унёс свае карэктывы. Збор удзельнікаў каля кінатэатра "Кастрычнік" дазволены з 15.00 да 16.00, шэсце да плошчы Бангалор — з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў — з 17.00 да 18.00. Сваё рашэнне змяніць час акцыі чыноўнікі тлумачылі тым, што вулічнае шэсце ў гадзіну пік нібыта стварае шмат нязручнасцяў мінчанам, якія вяртаюцца з працы.

Прадстаўнікі апазіцыі расцанілі дзеянні гарадскіх уладаў як спробу сарваць святкаванне Дня Волі, не даўшы магчымасці прыйсці на акцыю тым, хто працуе днём. "Мы заклікаем прыйсці на Дзень Волі ўсіх, каму важныя каштоўнасці незалежнасці, салідарнасць з Украінай. Калі ёсць магчымасць, бярыце адгулы. Маніпуляцыі мінскіх уладаў не павінны нам перашкодзіць паказаць, што каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту для нас па-сапраўднаму важныя", — заявіў Аляксей Янукевіч.

Асноўныя тэмы святкавання Дня Волі ў гэтым годзе — незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай, а таксама пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі беларускіх уладаў.

За некалькі дзён да Дня Волі прадстаўнікі руху "Антымайдан-Мінск" накіравалі ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай забараніць шэсце і мітынг. У афіцыйным адказе гарвыканкама наконт гэтага адзначаецца, што закон "Аб зваротах грамадзян" не прадугледжвае разгляду прапаноў аб выдачы або адмене выдачы дазволаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Тэма магчымых правакацый узнімалася арганізатарамі акцыі 24 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі сталічнага ГУУС, паведаміў БелаПАН Янукевіч. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі абяцалі адпаведную рэакцыю праваахоўных органаў у выпадку правакацый.

Заяўнікі акцыі таксама папрасілі ўлады не перашкаджаць дастаўцы гукаўзмацняльнай апаратуры, як гэта не аднойчы здаралася падчас вулічных мерапрыемстваў.

У сваю чаргу прадстаўнікі ГУУС заклікалі арганізатараў прытрымлівацца ўказанага ў заяўцы рэгламенту акцыі і папярэдзілі, каб удзельнікі шэсця і мітынгу не закрывалі твары. З кожным з заяўнікаў быў заключаны дагавор на абслугоўванне акцыі на агульную суму больш за 20 млн. рублёў.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года.

Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з`езда аб`явілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сейма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады сфарміраваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў.

Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветныя таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З`явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не здолела рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільну, затым — у Гродна.

1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

БелаПАН

Падзяліцца