аўт, 22.10.2019
USD2.04|EUR2.28|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Мсціслаў аказаўся на паўстагоддзя старэйшым, чым лічылася раней

17.03.2015 – 12:00 | 775 | 2

Беларускія навукоўцы вызначылі дакладную дату забудовы старажытнага Мсціслава — 1098 год.

Пра гэта паведаміў загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя. А.Куляшова доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Мсціслаў на гравюры XIX стагоддзя, globus.tut.by

Новую дату нараджэння Мсціслава як горада ўдалося вызначыць спецыялістам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, якія дэндрахраналагічным метадам даследавалі па гадавых кольцах драўніну прадастаўленых археолагамі драўляных фрагментаў самага старажытнага дубовага бруку.

«Цяпер можна з дакладнасцю сцвярджаць, што ўвесь горад быў пабудаваны паміж 1098 і 1101 гадамі. Аб больш раннім паходжанні горада, чым паказвае летапісная крыніца (1156), сведчаць, акрамя бруку, і іншыя драўляныя будынкі, якія датуюцца больш раннім перыядам», — сказаў прафесар.

Паводле слоў Ігара Марзалюка, цяпер з удзелам мінскіх спецыялістаў вядзецца распрацоўка на аснове аналізу зрэзаў дрэў дэндрахраналагічнай шкалы Мсціслава — такія спецыялізаваныя табліцы маюць многія старажытныя гарады, у тым ліку і Полацк.

«Гэта дасць нам магчымасць больш дакладна датаваць знойдзеныя драўляныя артэфакты. Трэба адзначыць, што табліцы, складзеныя для іншых рэгіёнаў, нельга ўжываць, бо гадавыя кольцы дрэў унікальныя для кожнай мясцовасці з-за асаблівасцяў клімату», — растлумачыў прафесар. Акрамя гэтага, праводзіцца вуглевадародны аналіз знойдзеных артэфактаў.

Асаблівасць знойдзенай у мінулым годзе ў Мсціславе старажытнай дубовай брукаванкі ў тым, што яна ляжыць не на мацерыку (гэта значыць, яна не самая першая), пад ёй знаходзіцца яшчэ культурны пласт паселішча прыкладна ад аднаго да паўтара метраў, які датуецца Х-ХI стагоддзямі.

«Таму нам можна казаць пра тое, што протагарадскі перыяд у Мсціславе пачаўся практычна сінхронна з самымі старажытнымі гарадамі Беларусі. Прычым з гэтага ранняга гарызонту і знаходкі ёсць вельмі цікавыя, да прыкладу, ключы розных тыпаў, а ключ і замок у вёсках не сустракаецца — гэта сведчанне высокага сацыяльнага статусу селішча», — сказаў Ігар Марзалюк.

Мсціслаў упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1156 годам як крэпасць на заходняй мяжы Смаленскага княства.

БЕЛТА

Падзяліцца