сер, 18.09.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Іпэшнікі" самага вядомага ў Беларусі рынку не ведаюць, што рабіць. ВІДЭА

02.03.2015 – 11:53 | 663

У нядзелю большасць гандлёвых пунктаў на рынку ў Ждановічах былі зачыненыя. На многіх віселі надпісы «Магазін не працуе з тэхнічных прычынаў», «З 1.03 — адпачынак».

Прадпрымальнікі ў разгубленасці: як працаваць далей, каб цябе не аштрафавалі ды не канфіскавалі тавар?

Справа ў тым, што 1 сакавіка пачаў дзейнічаць Указ №222, які абавязвае індывідуальных прадпрымальнікаў мець суправаджальныя дакументы на тавары лёгкай прамысловасці, у тым ліку прывезеныя з Расіі.

Дагэтуль дзейнічаў так званы пераходны перыяд, падчас якога «іпэшнікі» мусілі распрадаць рэшткі тавараў, увезеных без дакументаў.

У суботу днём, напярэдадні ўступлення ў сілу ўказа, замміністра эканомікі Дзмітрый Крутой заявіў, што дакумент усё-ткі адправяць да дапрацоўку.

Крутой запэўніў, што да падпісання канчатковай версіі ўказа прадпрымальнікі могуць працаваць спакойна — іх не будуць штрафаваць за адсутнасць дакументаў.

Аднак позняя заява чыноўніка не дастаткова пераканала прадпрымальнікаў ды пакінула больш пытанняў, чым адказаў.

Некалькі дзясяткаў бізнесоўцаў сабраліся ў нядзелю раніцай у гандлёвым цэнтры «Свет моды — 1» у Ждановічах, каб падзяліцца сваімі праблемамі з журналістамі:

«Улады не ідуць з намі на дыялог. Рэшткаў тавараў не можа быць, вар’яцкія кошты за сертыфікацыю, нейкія незразумелыя дакументы для легалізацыі тавараў – гэта нейкі тупік», — абураецца жанчына-прадпрымальніца.

Бізнесоўцы чакаюць ад уладаў дакладных тлумачэнняў, як ім працаваць далей. Яны спадзяюцца, што чыноўнікі пойдуць насустрач і падоўжаць перыяд, за які трэба распрадаць рэшткі, а таксама істотна зменшаць кошты на сертыфікацыю тавараў.

Калі гэтага не зрабіць, многія прадпрымальнікі застануцца без працы, а цэны на імпарт, найперш вопратку, значна ўзрастуць.

Аксана Рудовіч, Настасся Храловіч, nn.by

Падзяліцца