нядз, 18.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Пяць фактаў пра звольненага кіраўніка Магілёўшчыны Пятра Рудніка

22.12.2014 – 19:43 | 1100

Сёння Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка. Прычыны адстаўкі не называюцца.

Навучаўся за мяжой

Пятро Руднік нарадзіўся ў Брагінскім раёне на Гомельшчыне, але звязаў свой лёс з Магілёвам.

Варта адзначыць найбольш інтрыгоўны момант з біяграфіі чыноўніка — вучобу ў ГДР.

У 1985 годзе Пятро Руднік скончыў Дрэздэнскі тэхнічны ўніверсітэт.

Пётр Руднік, Проня, Горкі

Трапіць у той час на навучанне за мяжу было зусім няпроста. Чалавек павінен быў быць абсалютна добранадзейным і адданым.

З беларускіх топ-чыноўнікаў адукацыю за мяжой яшчэ атрымліваў міністр замежных справаў Уладзімір Макей, які навучаўся ў Дыпламатычнай акадэміі Аўстрыі.

А памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыл Руды быў стыпендыятам праграмы Фулбрайта, і стажыраваўся ва ўніверсітэце Чыкага (ЗША).

Ганаровы ліфцёр

Вялікі перыяд жыцця Рудніка быў прысвечаны працы на «Магілёўліфтмашы». У 1995-м ён стаў намеснікам дырэктара завода, праз пяць гадоў перайшоў на пасаду камерцыйнага дырэктара, а ў 2003-м узначаліў прадпрыемства.

«У той час у Расіі былі прынятыя новыя правілы эксплуатацыі ліфтаў. Ніводзін ліфт, які выпускаўся на постсавецкай прасторы, не падыходзіў пад правілы для замежнай прадукцыі. Вось тады кіраўніцтвам «Магілёўліфтмаша» і было прынятае рашэнне ствараць новы мадэльны шэраг. Па ініцыятыве Рудніка гэтую задумку пачалі ажыццяўляць у 2005-м. Уніфікавалі шэраг дэталяў і вузлоў, укаранілі лінію для вырабу модуляў, якая аўтаматычна настройваецца на патрэбны памер», — расказваецца ў кнізе, прысвечанай юбілею прадпрыемства.

Пад кіраўніцтвам Рудніка колькасць вырабленых ліфтоў вырасла з 3100 да 8800 за год.

Аднойчы выказаўся ў падтрымку беларускай мовы

У канцы 2009 года кіраўнік Магілёўскай вобласці Пятро Руднік зацвердзіў комплексны план па папулярызацыі беларускай мовы ў вобласці. Кажуць, што гэта адбылося пасля таго, як «губернатар» наведаў дні Магілёўшчыны ў Маскве.

Найперш заяўлялі пра беларусізацыю абласных "раёнак". І, сапраўды, яны адмовіліся ад дапатопных савецкіх назваў на карысць прыгожых беларускіх, але мовы болей у іх не стала.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што пры Рудніку ў вобласці была зарэгістраваная адна незалежная грамадска-палітычная газета — «Узгорак» (Горкі). У іншых абласцях у гэты час мясцовыя чыноўнікі і такога сабе не дазвалялі.

Другім пунктам ішло стварэнне беларускіх класаў у школах, падтрымка беларускамоўнай адукацыі. Але гэта ўвогуле скончылася поўным пшыкам! На 370-тысячны горад ёсць усяго адна дзяўчынка Ялінка Салаўёва, якая навучаецца па-беларуску.

Карацей, вынікаў ніякіх не было.

Самая стратная вобласць

На тэрыторыі Магілёўшчыны няма ніводнага прамысловага гіганта, таму яна робіць найменшы ўнёсак у агульны ВУП.

Напрыклад, за студзень-лістапад 2014-га доля Магілёўшчыны склала ўсяго 7,2%, і, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, яе ВУП яшчэ і падае.

Летась гэта была адзіная вобласць, уласныя даходы якой меншыя за датацыі з рэспубліканскага бюджэту.

Аляксандр Лукашэнка трымае вобласць на асаблівым кантролі, бо гэта ягоная радзіма.

Прыхільнік зброі

«Сёння ў нашым грамадстве чалавек з табельнай зброяй успрымаецца не як фактар небяспекі, а як чалавек, які надзелены уладай і які закліканы абараняць грамадства ад усякай заразы, якая можа ўзнікнуць. Гэта сёння надае грамадству стабільнасць», — гэта ці не самая вядомая і рэзанансная фраза кіраўніка Магілёўскай вобласці.

Зусім нядаўна, 5 лістапада, наведваючы Магілёўшчыну, Лукашэнка раскрытыкаваў працу мясцовага чынавенства.

Ён даў поўны карт-бланш Пятру Рудніку па звальненнях. Лукашэнка амаль загадным тонам паведаміў: «У вас час да 15 лістапада замяніць усіх, хто знаходзіцца ніжэй за вас, пачынаючы ад першага намесніка, і да прадпрыемстваў, калгасаў. Вы прыміце рашэнні і дашлеце мне ліст каго вызвалілі, каго прызначылі. Стыль працы, вы самі пацвердзілі, нікчэмны».

Вось і гадай, ці то Руднік так нікога і не звольніў з «нікчэмнасцяў», ці то сам трапіў у чорны спіс.

Зміцер Панкавец, Ягор Марціновіч, nn.by