пят, 23.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Што чакае беларускую эканоміку ў сувязі з фінансавымі падзеямі ў Расіі?

16.12.2014 – 23:03 | 711 | 5

За даляр у Расіі даюць ужо 72 рублі. Гэта біржавыя дадзеныя на 20:00 16 снежня. За некалькі гадзін да таго курс дасягаў 78 рублёў! Што будзе далей, не ведае ніхто. Сітуацыя выйшла з-пад кантролю Пуціна.

У тым, што расійскі крызіс б’е і па Беларусі, не сумняецца ніводзін эксперт. Экспарт беларускіх тавараў у студзені-кастрычніку 2014 года склаў $31,2 мільярда, прычым доля Расіі ў экспарце склала 45%. Разлікі з усходнім суседам усё часцей ідуць у расійскіх рублях.

Чаго чакаць беларусам у бліжэйшай будучыні?

Асацыяваны эксперт Даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджмента Зміцер Крук мяркуе, што Нацбанк мусіць апераджальна рэагаваць на абвал у Расіі. На яго думку, курс беларускага рубля да расійскага мусіць адпавядаць таму, які быў у пачатку года.

Курс расійскага рубля складаў 290 беларускіх рублёў. Выходзіць, даляр мусіць каштаваць у 60—70 разоў больш – каля 20 тысяч беларускіх рублёў.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што трэба рабіць беларускі рубель больш гнуткім: «Год таму быў зададзены прынцып курсаўтварэння – кожныя таргі даляр ці вырастае на 10 рублёў, ці застаецца на месцы. Гэты рэжым не змяняецца, што б вакол краіны не адбывалася.

Надышоў час ад яго адмовіцца і зрабіць так, як было задэкларавана ў Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі: каб курс нацыянальнай валюты змяняўся пад уплывам попыту і прапановы».

Што адбудзецца ў такой сітуацыі з беларускім рублём? «Курсы валют выраслі б, але не наўпрост услед за расійскім рублём. Ёсць сэнс арыентавацца на кошык з трох валют – даляр, еўра і рубль», – прапануе Вадзім Іосуб. Тады падзенне расійскага рубля будзе «размыта» на тры валюты, што змякчыць эфект дэвальвацыі для насельніцтва.

Не верыць у перспектывы беларускага рубля і палітолаг Валер Карбалевіч: «Ці змогуць нашыя ўлады знайсці замежныя крэдыты? Калі не знойдуць, то давядзецца рабіць дэвальвацыю, — сказаў «Нашай Ніве» ён. — Сітуацыя для ўлады не простая. Але што наш рубель будзе слабець – гэта безумоўна».

«Эканамічная сітуацыя будзе залежаць ад дзеянняў улады і Нацбанка. Калі нічога не мяняць, то інфляцыя будзе ад 20 да 30%, а наш рубель можа ўпасці на тую ж долю, што і расейскі, –

разважае былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «Трэба нарэшце скараціць інфляцыю да адназначнай велічыні. Тая лічба, якая была запланавана – 13% — гэта ні ў якія рамкі не лезе, трэба каб яна была 5% максімум, а калі гэта немагчыма, то хаця б меней за 10%», – раіць ён.

«Крызіс у эканоміцы непазбежны. Ён выкліканы як унутранымі, так і знешнімі прычынамі. Наступны год і 2016 будуць для беларусаў вельмі цяжкімі. Можа не як у 2011, можа мякчэй, але сітуацыя будзе супастаўнай. Я гляджу на рэчы дастаткова змрочна», – сказаў «Нашай Ніве» заснавальнік партала Tut.by Юры Зісер.

Тым часам беларускія ўлады ніяк не дэкларуюць гатоўнасць адпусціць нацыянальную валюту ў свабоднае плаванне.

«Пытанне курсаўтварэння ў Беларусі не эканамічнае, а палітычнае, таму не факт, што яно ўвогуле знаходзіцца ў сферы кампетэнцыі Нацбанка. Нацбанк павінен атрымаць указанне ці як мінімум згоду на адмову ад ранейшай стратэгіі», – падсумоўвае Вадзім Іосуб.

«Эканамічная сітуацыя адназначна будзе горшаць, але ж у якіх памерах пакуль цяжка сказаць. Бо яшчэ не вызначаная цана на нафту і што будзе з расейскай эканомікай. Будуць гандлёвыя войны. І дапамога з расейскага боку будзе скарачацца. Дай божа каб пералічылі тыя нафтавыя пошліны, аб якіх дамовіліся. Агульны фон адносінаў з Расіяй будзе дастаткова нервовы. Але добра не будзе: ці дрэнна, ці зусім дрэнна», — такі прагноз на 2015-ы даў «Нашай Ніве» Зміцер Крук, эканаміст, які дакладна прадказаў папярэдні беларускі крызіс і эканамічную дынаміку пасля яго.

Ягор Марціновіч, Уладзіслаў Швядовіч, nn.by

Падзяліцца