сер, 21.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.09
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Парфянкоў апісаў сваё жыццё ў горацкай калоніі

16.12.2014 – 15:20 | 660 | 2

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які вызваліўся пасля адбыцця пакарання з папраўчай калоніі №9 у Горках, распавёў пра некаторыя ўмовы ўтрымання ў калоніі і аб усталяванні над ім прэвентыўнага нагляду тэрмінам на 1 год.

Падчас знаходжання ў калоніі Васілю Парфянкову было вынесена 39 спагнанняў за розныя парушэнні рэжыму, і перад вызваленнем, 11 лістапада, у калоніі адбыўся выязны суд, на якім разглядаліся адразу каля 40 падобных спраў. Звычайна, на адну справу сыходзіць 2-4 хвіліны: чалавека запрашаюць у кабінет, усталёўваюць асобу, затым суддзя зачытвае спіс парушэнняў і абвяшчае прысуд.

На пытанне, ці можна ў калоніі абскардзіць накладзеныя спагнанні, былы палітвязень патлумачыў, што тэарэтычна гэта зрабіць можна, аднак, паколькі хадайніцтвы, скаргі, разглядае той самы чалавек, які выносіў спагнанне, дык плёну з таго небагата. Начальнік калоніі перадае зняволенаму стандартную адпіску, што пакаранне вынесена цалкам законна. Можна напісаць і ў пракуратуру, альбо ў Дэпартамент выканання пакаранняў, аднак такія скаргі вельмі рэдка трапляюць за сцены калоніі.

У горацкай калоніі зняволеныя маюць магчымасць працаваць: ёсць швейная і дрэваапрацоўчая вытворчасць, металаапрацоўка.

Сам я, – распавядае Васіль Парфянкоў, – за ўвесь час усяго дзён пяць выходзіў на працу, ды і ў жылой зоне правёў усяго 29 дзён, затым мяне змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), потым неаднаразова ў штрафны ізалятар, аднак ведаю, што на “швейцы”, напрыклад, на асабісты рахунак пералічвалі па 60 тысячаў рублёў у месяц. На адзіную атаварку, калі быў у ПКТ, была магчымасць браць нешта ў краме на 300 тысяч рублёў. Што набываў? Звычайна нейкія фрукты, яблыкі, апельсіны. Былі ў краме і кілбасы, і сыр. А ўвогуле харчаванне ў Горках было не зусім кепскім, трапляліся, як кажуць, у кашы і кавалачкі мяса”.

Вядома, што Парфянкоў быў пазбаўлены спатканняў і перадач ад сваякоў. У калоніі ж нармальна харчавацца магчыма толькі, калі ёсць перадачы.

Стан медычнага абслугоўвання ў калоніі ў Горках Парфянкоў называе вельмі дрэнным. Лекі практычна адсутнічаюць. “Калі ў мяне пачалося бяссонне, – кажа ён, – і быў такі псіхічны стан, што я ўвогуле не мог заснуць уначы, дык мне лекары прапанавалі выпіць валяр’янкі і далі нейкую пігулку, што не вырашыла праблемы, а калі я часам засынаў днём, дык атрымліваў чарговае спагнанне. ВІЧ-інфікаваным зняволеным патрэбныя адмысловыя лекі, якія выдзяляе, здаецца, Чырвоны крыж, але іх запатрабаваць вельмі складана. А вось хворых на сухоты трымаюць асобна і ў ПКТ, і ў камерах, якіх было нават некалькі”.

Штрафны ізалятар, альбо карцар у Горках, у якім Парфянкоў правёў не адзін месяц свайго тэрміну, уяўляе сабой звычайную камеру на восем месцаў з драўлянай падлогай, нары на дзень прымацоўваюцца да сценаў. Тут удзень ляжаць забаронена. Ёсць лаўка, на якую можна прысесці, ды стол. У халодны час камера ацяплялася, але пад раніцу было халодна.

Улетку 2012 году Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 6 месяцаў знаходжання ў арыштным доме за парушэнне правілаў адбыцця хатняга прафілактычнага нагляду, які быў накладзены на хлопца за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасці з палітвязнямі. Быў узяты пад варту 5 снежня 2013 г. падчас агучвання прысуду па арт.421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду”). Асуджаны да года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

spring96.org