чцв, 22.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Бабруйск: Пляцоўка для пікетаванняў "занятая" на няпэўны час

21.11.2014 – 15:20 | 358

Сябры бабруйскай суполкі АГП звярнуліся ў гарвыканкам па дазвол на правядзенне з 20 па 24 лістапада пікетаванняў супраць размяшчэння ў горадзе расійскай ваеннай базы.

Актывісты лічаць, што з'яўленне базы супярэчыць артыкулу 18 Канстытуцыі.

"Для аплаты расходаў на правядзенне масавага мерапрыемства будуць выкарыстаны сродкі, атрыманыя ад ахвяраванняў членаў і прыхільнікаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, грамадскіх актывістаў... У сувязі з тым, што пікет праводзіцца з мэтай абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, прашу гарвыканкам даць распараджэнне адпаведным службам па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі, арганізацыі медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавага мерапрыемства, прыборцы тэрыторыі пасля яго правядзення", - адзначалася ў заявах. Месцам правядзення актывісты ўказвалі стадыён фабрыкі "Славянка" - гэта адзінае ў Бабруйску месца, вызначанае гарвыканкамам для правядзення пікетаванняў.

- Заяўкі на пікетаванні падавалі не толькі сябры АГП, але і іншыя грамадскія актывісты Бабруйска, - распавядае Галіна Смірнова, старшыня мясцовай суполкі прафсаюза РЭП. - Адказы ўжо пачалі прыходзіць. Натуральна, чыноўнікі знайшлі прычыну, каб адмовіць у правядзенні акцыяў. Намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў напісаў, што якраз у гэтыя дні на стадыёне будзе праводзіцца адкрытае Першынство ДЮСШ па футболе. Тады актывісты пачалі падаваць заявы на іншыя даты: з 30 лістапада па 4 снежня.

Галіна Смірнова вырашыла зайсці на стадыён, каб паглядзець, як праходзіць Першынство па футболе. Але ніякіх спаборніцтваў там не было.

- Я жыву недалёка ад стадыёна, і падчас шпацыру з сабачкам, якога спецыяльна апранула ў спартовы касцюм, зайшла на стадыён. Але замест футбола я ўбачыла на дзвярах комплекса аб'яву, дзе было пазначана, што Першынство ДЮСШ па футболе, запланаванае на перыяд з 20 па 24 лістапада, у сувязі з умовамі надвор'я пераносіцца на перыяд з 30 лістапада па 4 снежня. То бок, якраз тыя даты, якія мы раней і зараз адзначалі ў заявах. Потым мой сабачка забрахаў, і са стадыёна мяне папрасілі сыйсці, але я паспела зрабіць фота гэтай аб'явы, - кажа Галіна Смірнова.

Актывістка мяркуе, што і на іншыя даты ў чыноўнікаў знойдуцца мерапрыемствы.

-Магчыма, сваімі заявамі мы дапаможам зрабіць Бабруйск больш спартовым горадам, калі на кожнае нашае пікетаванне тут на самой справе будуць праводзіцца спаборніцтвы. Пакуль восень - футбол, а там ужо і на лыжы можна перайсці. Мы нават можам далучыцца і таксама паўдзельнічаць, - кажа Галіна Смірнова.

spring96.org