пан, 26.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Гістарычныя скарбы Мсціслава паказалі ў Магілёве

05.11.2014 – 14:09 | 786 | 4

У магілёўскай ратушы 4 лістапада прадставілі грамадскасці рыцарскія даспехі адшуканыя сёлета ў Мсціславе на рацэ Віхра.

Гэта, безумоўна, еўрапейская рэч, але бачна, як беларускі каваль падкоўваў кальчугу і перарабляў яе. Фота: svaboda.org.

Паводле доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка, артэфактам больш за 500 гадоў.

Рыцар у гэтых даспехах загінуў 4 лістапада 1502 году ў бітве войскаў Вялікага Княства Літоўскага з войскамі Вялікага Княства Маскоўскага, якому дапамагалі аддзелы Крымскай арды. Ваяр быў у ліцвінскім войску.

"Гэта быў бедны рыцар, узброены за кошт Мсціслаўскага замка. Два пакаленні хлопцаў насілі гэты даспех. Гэта, безумоўна, еўрапейская рэч, але бачна, як беларускі каваль падкоўваў кальчугу і перарабляў яе. Захаваліся рэшткі камзолу.

Ёсць дзве шпоры. Ёсць панцыр, ёсць шлем. Другога такога набору даспехаў няма ні ў адным беларускім музеі. Панцыру такога кшталту ўва ўсім свеце не больш дзясятка. Гэта, смела можна сцвярджаць, адна са знаходак стагоддзя", – казаў на прэзентацыі Ігар Марзалюк.

У Віхры ўдалося знайсці рэдкі шлем і шмат іншых артэфактаў рыцарскага ўзбраення. Фота: svaboda.org.

Гісторык адзначыў, што акрамя прэзентаваных даспехаў у Віхры адшукалі дзіды, сякеры і меч. Меч, паводле даследчыка, чорныя капацелі паспелі прадаць у Маскву. Даспехі ж вымагалі вялікіх сродкаў на працу па рэстаўрацыі і кансервацыі, таму іх кінулі. У Віхры, распавёў на вечарыне Ігар Марзалюк, археолагам удалося знайсці рэдкі шлем і шмат іншых артэфактаў рыцарскага ўзбраення.

Паводле гісторыка, Віхра не аддала яшчэ ўсіх таямніцаў. Знойдзеныя артэфакты не першыя. Рыцарскае ўзбраенне ў рэчцы адшукваюць ад 19-га стагоддзя.

"Адзін з самых шыкоўных шлемаў быў выцягнуты звычайнай сеткай, для лоўлі рыбы яшчэ ў 19 стагоддзі. Ён цяпер з'яўляецца аздобай гістарычнага музею ў Маскве. Шлем той пазалочаны. У 1990 гады браканьеры выцягнулі шалом-салат, падобны да нашага, але крыху іншы.

Некалькі шлемаў вы можаце цяпер пабачыць у экспазіцыі мсціслаўскага музею. Паводле маіх агентурных звестак, яшчэ сем шлемаў прададзеныя ў Маскву і Смаленск".

Даспехі з Магілёва ў Мсціслаў цяпер будуць прывозіць толькі падчас важных культурных мерапрыемстваў. Фота: svaboda.org.

Мсціслаўскае поле на раце Віхра патрабуе шматгадовых планамерных доследаў. Паводле Ігара Марзалюка, афармляюцца дакументы, каб зрабіць Віхру помнікам археалогіі міжнароднага значэння. Гэтае месца вымагае людскай аховы, казаў гісторык.

Пабачыць рыцарскае ўзбраенне ў канферэнц-залу ратушы прыйшло многа людзей, у асноўным моладзь.

Знойдзеныя ў Віхры рыцарскія даспехі будуць экспанавацца ў музеі гісторыі Магілёва. Пры неабходнасці, падчас важных культурных мерапрыемстваў, іх будуць вывозіць у Мсціслаў.

svaboda.org

Падзяліцца