пан, 26.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Бялыніцкім раёне зноў прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя газеты і часопісы

19.09.2014 – 11:47 | 532

У Бялыніцкім раёне працягваецца практыка прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газеты і часопісы.

Зараз заканчваецца падпіска на чацвёрты квартал 2014 года, заданне па забеспячэнні падпіскі на ідэалагічна правільныя выданні даведзена літаральна да кожнай бюджэтнай установы, неабходныя ўказанні атрымалі таксама і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы Бялыніцкага раёна.

Сярод рэспубліканскіх выданняў, падпіска на якія жорстка кантралюецца аддзелам ідэалогіі райвыканкама, па-за канкурэнцыяй застаецца газета “Советская Белоруссия”, якую абавязваюць выпісваць большасць спецыялістаў гаспадарак, чыноўнікаў, настаўнікаў і супрацоўнікаў устаноў культуры. Таксама для кожнай арганізацыі раёна ўстанаўліваюцца жорсткія лічбы колькасці асобнікаў абласной газеты “Магілёўскія ведамасці” і раённай “Зара над Друццю”, якія абавязаны выпісаць яе супрацоўнікі.

Па словах настаўнікаў адной з бялыніцкіх школ, здараюцца анекдатычныя выпадкі, калі членаў адной сям’і, якія працуюць у розных установах, прымушаюць падпісвацца на аднолькавыя дзяржаўнія газеты.

Для кожнага педагога ўстаноў адукацыі раёна па-ранейшаму таксама застаецца абавязковай падпіска на профільныя выданні – “Настаўніцкую газету” альбо часопіс “Пралеска”, калі педагог працуе ў дзіцячым садку ці малодшых класах. Тэхнічныя супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і культуры абавязаныя выпісаць альбо раённую газету “Зара над Друццю”, альбо абласную “Магілёўскія ведамасці”. Праўда, магчымы і іншы варыянт – працаўнік можа падпісацца на газету “Юный спасатель”, якая чамусьці карыстаецца шалёнай папулярнасцю ў кіраўніцтва аддзелаў адукацы і ідэалогіі і культуры…

Жорсткія планы падпіскі на дзяржвыданні даведзены і кожнаму паштальёну аддзяленняў сувязі Бялыніцкага раёна. Даводзяцца канкрэтныя лічбы, колькі асобнікаў той ці іншай дзяржаўнай газеты павінен выпісаць паштальён. Найбольшыя лічбы даводзяцца па падпісцы на раённую газету “Зара над Друццю” і рэспубліканскую “Советскую Белоруссию”. Паштальёны часцяком самі павінны выпісваць па некалькі газет са сваёй невялікай зарплаты, бо, калі яны не выконваюць план па падпісцы, іх пазбаўляюць прэміі за квартал.

spring96.org