суб, 21.09.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Прапалі без вестак ці іх страцілі?

17.09.2014 – 18:00 | 555 | 4

Чаму ж амаль палова не вярнуўшыхся з вайны па Горацкім і некаторых іншых раёнах лічыцца прапаўшымі без вестак?

Факт непамерна вялікай колькасці прапаўшых без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны – бясспрэчны. Ён тлумачыцца, найперш, цяжкасцямі пачатковага перыяду вайны, масавым палонам чырвонаармейцаў і не ўлічанымі баявымі стратамі. 

Робяцца таксама спасылкі на адсутнасць дакладных звестках аб лёсе тых, хто быў мабілізаваны да- і ў першыя дні вайны. У абстаноўцы хаосу і хуткага прасоўвання нямецкай арміі частка архіваў, у тым ліку дакументацыя ваенкаматаў і воінскіх часцей, магчыма, прапала альбо была знішчана. 

Усё гэта так. Аднак паглядзім з іншага боку. 

Па прычыне хуткай акупацыі тэрыторыі Беларусі (12 ліпеня немцы ўжо занялі Горкі) вялікую, калі не большую частку мужчын прызыўнога ўзросту проста не паспелі забраць у Чырвоную Армію. Масавая мабілізацыя іх, па 1926 года нараджэння ўключна, пачалася з верасня 1944 г., з пачаткам вызвалення тэрыторыі Беларусі.

Для нас важна тое, што з гэтага часу ўся інфармацыя аб прызваных у войска заставалася на савецкай тэрыторыі. Яна не захоплівалася ворагам, не прападала ў полымі вайны, не знішчалася пры адступленні. Ды і на франтах не было правалаў, падобных 41-аму году. Такім чынам, дакументы аб тых, хто трапляў на фронт па ходу вызвалення Беларусі, павінны былі захавацца. 

З гісторыка-дакументальнай хронікі Горацкага раёна “Памяць” бачна, што звыш 60% ад агульнай колькасці прапаўшых без звестак выпадае на 1944 год. А з іх звыш 60% прапала ў летнія і асеннія месяцы гэтага года. Гэта значыць, у ходзе і пасля вызвалення Беларусі. 

У мяне няма намеру абсалютызаваць гэтыя лічбы. Але з іх вынікае, што змешчаныя ў кнізе “Памяць” дадзеныя аб прапаўшых без вестак не супадаюць з пануючымі спасылкамі на 1941 г. Узнікае пытанне: у чым прычыны відавочнага разыходжання? Альбо камісія па стварэнні хронікі “Памяць” праявіла свавольства ў падачы звестак, альбо яна карысталася недакладнай інфармацыяй.

Згодна з існаваўшымі правіламі, кожны мабілізаваны павінен быў быць пастаўлены на ўлік, занесены ва ўсе адпаведныя дакументы ад дня прызыву і да дня, калі ён быў прызнаны загінуўшым ці прапаўшым без звестак. Калі ж дата прызыву, дата і месца выбыцця байца невядомыя, то страты можна аднесці на любы год вайны. 

Пры наяўнасці прадугледжанай дакументацыі за 70 пасляваенных гадоў лёс большасці тых, хто прапаў без вестак ў перыяд наступлення Чырвонай Арміі, ужо павінен быць устаноўлены. Пры ўмове, што такая дакументацыя вялася і што адпаведныя дзяржаўныя структуры зацікаўлены ў высвятленні праўды.

А калі не?..

І тут правамерна паставіць пытанне: а ці ёсць іншыя тлумачэнні факта вялікай колькасці прапаўшых без вестак у 1943 – 1944 гг.? 

Так, ёсць. Яны розныя. Іх нельга лічыць бясспрэчнымі, бо яны грунтуюцца пераважна на незадакументаваных успамінах і ўскосных сведчаннях. Напрыклад, тая ж кніга “Памяць” дала інфармацыю для роздуму і супастаўлення фактаў. 

Разрозненыя па форме і часе звесткі, якія былі атрыманы ў розныя гады, далі штуршок для іншага погляду на праблему прапаўшых без звестак. Прывяду толькі некалькі з іх.

Пачну з аповеду майго бацькі пра смерць вясковага суседа Курс Ціта. Пасля мабілізацыі іх разам накіравалі на фронт. Практычна без падрыхтоўкі. Бацька ужо меў пэўны вопыт, бо ў верасні 1939 г. удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, а ў 1940 г. трапіў на вайну з Фінляндыяй. А вось Ціт быў навічок. Тым не менш іх адразу накіравалі на перадавую. Там Ціту далі ручны кулямёт Дзегцярова, паказалі як зараджаць і як страляць і на другі ці трэці дзень кінулі ў атаку.

Ціт залёг на адкрытай прасторы, страчыў некуды з кулямёта. Прамым пападаннем міны вяскоўца разнесла на кавалкі. Як казаў бацька, высока ўзляцелі кулямёт і адна нага суседа. Першы бой і …усё!

У другой палове ліпеня 1945 г. бацька вярнуўся з вайны. А “пахаронка” на Ціта так і не прыйшла. Доўгі час яго жонка Алена і чацвёра дзяцей – Таццяна, Міхаіл, Павел і Ганна – толькі са слоў суседа ведалі пра лёс іхняга мужа і бацькі. 

Дарэчы, у кнізе “Памяць” Асіповіцкага раёна сярод не вярнуўшыхся з вайны жыхароў вёскі Майсеевічы Курс Ціт не ўказаны. 

І.М.Тарапанава з унучкамі Жаннай і Таццянай. 1971 г. Ірына Мацвееўна таксама не дачакалася мужа з вайны – ён прапаў без вестак. Фота Аляксандра Каданчыка.

Будучы студэнтам гістфака БДУ, я пэўны час кватараваў ў доме №16 па вуліцы Даўгабродскай. Туды часта заходзіла маці гаспадара кватэры Ірына Мацвееўна Тарапанава (дзявочае прозвішча Зюзькевіч).

Ураджэнка вёскі Падсолтава Мсціслаўскага раёна. На пытанне, як прапаў яе муж? – пачуў наступнае:

“Пасля прыходу “чырвоных” амаль усіх мужыкоў з вёсак забралі ў войска... Іх нават не пераапранулі, далі нейкую зброю і пагналі (менавіта гэтае слова ўжывала мая суразмоўца) на раку Проню. А там страшэнныя баі ішлі… Праз некалькі дзён жанчыны з навакольных вёсак пайшлі шукаць сваіх… І я пайшла…

Забітых было вельмі шмат. Яны ляжалі і на берагах, і ў вадзе, плынню прыбівала да берага. Так і ляжалі ў вадзе кучамі, сама налічвала па 9 і болей чалавек. Жанчыны рукамі расцягвалі, шукалі сваіх.

Хто знаходзіў, хто не… Я свайго Андрэя не знайшла… Не ведала, загінуў ён ці не… Знаёмыя жанчыны казалі, што, быццам, бачылі майго Андрэя ў вадзе, але я яго не знайшла… Так і прапаў без вестак”.

Толькі праз шмат год сын Аляксей, з якім я размаўляў 26 ліпеня гэтага года, дабіўся афіцыйнага ўведамлення, што яго бацька Тарапан Андрэй Аляксеевіч прапаў без вестак на фронце.

Прыклады, калі з вясковымі мужыкамі ў ходзе вызвалення абыходзіліся так, як распавядала І.М.Тарапанава, прыведзены ў фільме-хроніцы М.Сванідзе “Маршал Ракасоўскі”.

Неабучаных, нават не пераапранутых і па сапраўднаму не ўзброеных імі папаўнялі батальёны для павелічэння масы атакуючых. Называлі “чорная пяхота”. З успамінаў удзельніка вайны лейтэнанта В.Дзятлава: “Атака… Поднимается чёрная цепь безоружных людей, за ней – вторая… Чёрное на снегу – отличная мишень. Командир батальона орёт: “Вперёд!.. Вперёд!.. Застрелю!..”

Ёсць розныя трактоўкі прычын такога стаўлення да жыхароў Беларусі. Адна з іх – факт самой акупацыі. Не сакрэт, што насельніцтва поўнасцю акупаванай Беларусі пагалоўна падпала пад падазрэнне толькі таму, што не па сваёй волі апынулася на захопленых ворагам землях.

Вядомая пісьменніца, а ў гады вайны ваенная перакладчыца 30 арміі, якая ўдзельнічала ў пошуку лідараў нацысцкай Германіі (Гітлера і інш.), Алена Ржэўская ўспамінала: на тэрыторыю Беларусі “…наши войска входили…, как судьи. А что вы тут делали?... Ах так, ты на железной дороге работал, предатель… и т.д. <…> …Вооружённые силы сдали население как заложников немцам… Входили как судьи…, как следователи. Причём, не обязательно особый отдел, контрразведка… Не с чувством вины, что они уходили, вооружённая армия, отступали, оставляя безоружных людей под игом жесточайшим, жесточайшей оккупации…”.

Я нічога не сцвярджаю. Высновы можна рабіць толькі пасля збору дадатковай інфармацыі, аналізу дакументаў і фактаў. Я стаўлю пытанне: ці не ў такіх адносінах да насельніцтва Беларусі хаваецца яшчэ адна з прычын таго, што амаль палова не вярнуўшыхся з вайны па Горацкім і некаторых іншых раёнах лічацца прапаўшымі без вестак? 

Яшчэ адна, але не апошняя.

Аляксандр Каданчык

Чытайце таксама:

Падзяліцца