чцв, 22.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Вайсковая слава Горацкай зямлі

25.08.2014 – 08:00 | 556 | 3

Уладзімір Ліўшыц рыхтуе кнігу пра Герояў Савецкага саюза і генералаў з Горацкага раёна.

Вядомы гісторык і краязнаўца стаў аўтарам выдання "Гонар і слава Горацкай зямлі", якое пабачыла свет у мінулым годзе. Кніга расказвала пра нашых землякоў-навукоўцаў. Сёлета даследчык рыхтуе да выдання працяг гэтай серыі.

Героі Горацкай зямлі

– Пра каго пойдзе гаворка ў вашай новай кнізе?

– У кнігу ўвойдуць матэрыялы аб Героях Савецкага Саюза І.І.Якубоўскiм (нарад. у в.Зайцава), Г.У.Дольнікаве (нарад. у в.Сахараўка), Ф.А.Угначове (нарад. у в.Слабада), М.Ф.Шындзiкaве (нарад. у в.Любiж). А таксама аб генералах-земляках: М.Э.Глушакове (нарад. у в.Зубры), А.П.Жорычы (нарад. у  в.Ленiна), В.А.Кажэкiне (нарад. у в.Шаўнева), М.І.Кідалiнскiм (нарад. у г.Горкi), А.С.Люхцiкaве (нарад. у в.Кузавiна), С.В.Кулікaвe (нарад. у в.Пална), І.І.Кузняцовe (нарад. у в.Балбечына), П.А.Пiлiпенку (нарад. у в.Анiкавiчi), I.I.Папове (нарад. у в.Нежкава), П.А.Сталярове (нарад. у в.Ходараўцы), Б.С.Цельпухоўскiм (нарад. у в.Чашнiкi).

– На падставе якіх матэрыялаў ствараліся гэтыя нарысы?

– Звесткі збіраліся на працягу многіх гадоў. Большасць біяграфій была сабрана ў 1990-1995 гг., калі супрацоўнікамі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея вялася праца над раённай кнігай "Памяць".

Да таго ж, імёны некаторых генералаў добра вядомыя ў Горках. На вуліцы Савецкай ёсць сквер, дзе пахаваны генерал-маёр авіяцыі Кiдалiнскi, а ў раёне Слабады – вуліца імя генерал-палкоўніка І.І.Кузняцова. На жаль, многія жыхары горада лічаць, што вуліца названая ў гонар іншага чалавека – вядомага разведчыка, Героя Савецкага Саюза М.І.Кузняцова.

А вось знайсці матэрыял і біяграфіі іншых генералаў-землякоў было складаней. Нават прасачыць жыццёвы шлях І.І.Папова, генерала з в.Нежкава было цяжка, хоць ён i напісаў кнігу ўспамінаў "Батальёны ідуць на Усход" аб баявым шляху падраздзяленняў, якімі камандаваў. Але як вельмі сціплы чалавек аб тым, як складваўся яго даваенны і пасляваенны лёс, у гэтай кнізе зямляк не піша. 

– Хто аказаў вам дапамогу ў збіранні матэрыялу?

– Перш за ўсё, гэта супрацоўнікі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Толькі з дапамогай дырэктаркі гэтай установы С.М.Макеевай атрымалася знайсцi біяграфію і фота  генерал-маёра Б.С.Цельпухоўскага, вядомага ваеннага гісторыка Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўніца Горацкай раённай бібліятэкі М.М.Дылькова падказала, што наш зямляк з вёскі Поўна С.В.Кулік выдаў кнігу ўспамінаў. Дзякуючы дапамозе намесніцы дырэктара бібліятэкі БДСГА Г.Я.Медвядзёвай удалося атрымаць гэтую кнігу па міжбібліятэчным абмене з Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Пра аднаго нашага земляка, генерала В.А.Кажэкiна, падказаў яго родны брат А.А.Кажэкiн, прафесар медыцыны, заслужаны работнік вышэйшай школы Расійскай Федэрацыі, аб якім я напісаў у кнізе, прысвечанай навукоўцам. В.А.Кажэкiн, дарэчы, заслужаны будаўнік Расіі. Так што з адной сям'і, якая жыла ў маленькай вёсцы Шаўневa, вырасла два заслужаных работнікі!

– Усе Героі Савецкага Саюза з Горацкага раёна нарадзіліся ў вёсках, i  генералы-землякі, акрамя М.І.Кiдалiнскaгa. Як вы мяркуеце чаму?

– Яшчэ навучаючыся ў Магілёўскім педінстытуце, я заўважыў, што хлопцы з вёскі, больш напорыстыя, больш мэтанакіраваныя (некаторыя з іх сталі дактарамі і кандыдатамі навук, вядомымі педагогамі). Напэўна, гэтыя якасці прышчапляе сельскагаспадарчая праца, якой з дзяцінства займаюцца вясковыя дзеці. І, мабыць, у арміі гэтыя якасці выяўляюцца ў поўнай меры.

Акрамя таго, гэта паказвае, што і ў сельскіх школах – добрая адукацыя. Бо амаль усе нашы генералы-землякі канчалі ваенныя вучылішча і акадэміі. Пры тым, некаторыя – з адзнакай. Адзін наш зямляк-генерал Б.С.Цельпухоўскi стаў доктарам навук, Г.У.Дольнiкаў – кандыдатам навук.

– Цікава, у якіх радах войск служылі нашы землякі?

– З 15 чалавек: чацвёра лётчыкаў і ў службе забеспячэння палётаў, двое танкістаў, чацвёра ў пяхоце, адзін артылерыст, адзін палітработнік, адзін будаўнік, адзін у войсках тылу і забеспячэння і адзін у міліцыі.

– А хто з землякоў меў высокія воінскія званні?

– Званне маршала Савецкага Саюза было прысвоена Двойчы Герою Савецкага Саюза Якубоўскaму, генерал-палкоўнікамі былі Дольнiкаў і Кузняцоў, генерал-лейтэнантам – Глушакоў, астатнія мелі званне генерал-маёра.

– У Вікіпедыі гаворыцца, што пра Якубоўскaгa існуе шмат гісторый армейскага фальклору. Раскажыце некалькі.

– Як вядома, у арміі падобныя гісторыі складалі толькі пра тых, каго любілі i паважалі.

Напрыклад, распавядаюць, што аднойчы Якубоўскага давялося будзіць з дапамогай... кувалды. Падчас баёў пад Сталінградам ён не спаў некалькі сутак. Скарыстаўшыся невялікай перадышкай, Іван Ігнацьевіч залез у танк, задраіў люкі i вырашыў троху паспаць. Прачнуўся пасля грамавых удараў. Думаў, што пачаўся новы бой. Адкрыў люк i бачыць – двухметровы гігант-палкоўнік на ўсю сiлу лупiць кувалдай па брані. Як аказалася, у маладосці гэты палкоўнік працаваў у кузні малатабойцам. Палкоўнік Мікалай Ляшэнка выходзіў з дывізіяй з акружэння і патрабаваў камбрыга. Танкісты растлумачылі, што Якубоўскага ніхто не можа разбудзіць. Вось i папрасіў палкоўнік "малаточак".

А будучы ўжо генералам, аднойчы, праводзячы выхаваўчую працы сярод маладых афіцэраў, Якубоўскі па-бацькоўску гаварыў iм: "Усе мы былі ў вашым узросце, бывала, і прымалі на грудзі. Але ў меру. Выпівалі гарэлкi грамаў па... 400-500 на брата і даволі".

– Мінулая ваша кніга выйшла невялікім накладам – усяго 60 асобнікаў. Колькі экзэмпляраў будзе ў новага выдання і дзе яго можна будзе набыць?

– Гэтая кніга, вiдаць, будзе мець яшчэ меншы тыраж. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама плануе закупіць 15 асобнікаў кнігі для бібліятэк горада і раёна, яшчэ 10 асобнікаў я выдам за свой кошт для рассылкі ў бібліятэкі вобласці і рэспублікі.

– А нашы гарадскія і сельскія школы не жадаюць мець такія кнігі?

– У мінулым годзе аб кнізе пра навукоўцаў-землякоў я інфармаваў дырэктараў школ, якія гэтыя навукоўцы скончылі. На жаль, адгукнуліся толькі з Гор, Каменкі, Добрай і Маслакоў.

Гутарыў Антон Валадзько

P.S.

– Я прасіў бы чытачоў газеты “УзГорак” і сайта horki.info падказаць мне яшчэ імёны генералаў-землякоў, якія я мог прапусціць. Крыўдна будзе, калі яны не ўвойдуць у кнігу. І можа быць хто дапаможа знайсці больш падрабязныя звесткі аб нашых земляках-генералах: П.А.Піліпенку і П.А.Сталярову. 

Са мной могуць звязацца і тыя, хто жадае мець новую кнігу. Тэлефон: 8-029-5281593 (мабільны), 50-323 (гарадскі). E-mail: Lwm46@mail.ru.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца