пан, 19.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Тэрыторыя атамана Шаўчэнкі: пра магілёўскага паўстанца, якому сяляне «кланяліся як куміру»

18.08.2014 – 18:19 | 351

Украінскія падзеі кінулі ў народ новыя лозунгі. Сярод іх наймацнейшы — «Героям слава!». Гэта даніна памяці тым, хто ахвяраваў жыццё за вольную краіну. Змаганне працягваецца. Героі ажываюць, яны запатрабаваныя часам, прыклад іх дзеяння і ахвярнасці абсалютна па-новаму разглядаецца ў сучасных падзеях. Іх гісторыі — крыніца новых перамог.

1924 год сыходзіў у гісторыю. Савецкая ўлада пакрысе ўмацоўвалася на абшарах Беларусі.

Поўнаму шчасцю новых гаспадароў перашкаджалі акцыі, на той момант ужо рэдкія, партызанскіх аддзелаў ды баевікоў-адзіночак, якія засталіся па лясах пасля знішчэння галоўных сіл антысавецкага супраціву.

Кіраўніцтва Магілёўскай акругі тэрмінова сабралася на сакрэтнае паседжанне. За круглым сталом падводзіліся вынікі года. Пачалі з самага набалелага. Напярэдадні, 10 снежня, ва ўмовах сакрэтнасці засядала бюро Магілёўскага акружкома КПБ. Паседжанне было цалкам прысвечана вядомай у акрузе асобе атамана Шаўчэнкі.

Удзельнікі распавялі пра высілкі па знішчэнні «паралельнай улады». Партыйцы скардзіліся на Акружны аддзел ДПУ, які не надаваў належнай ацэнкі «бандзе Шаўчэнкі». Таксама нагадалі пра ненармальныя адносіны паміж ДПУ і міліцыяй, якія немаведама што дзеляць, прывялі да правалу шэрагу аперацый супраць атамана і вялікіх чалавечых стратаў. Кіраўнікі акругі падкрэслілі, што «ў тых раёнах, дзе есць Шаўчэнка, міліцыі немагчыма працаваць і там уся ўлада тэрарызавана».

«Можа ўзняць цэлыя вёскі»

Па сутнасці, Шаўчэнка на Магілёўшчыне быў гаспадаром і сапраўды «паралельнай уладай».

Ён не пакідаў без увагі выпадкі рабаўніцтва сялян як з боку савецкіх функцыянераў, так і з боку іншых атаманаў. А іх на Магілёўшчыне хапала: дзейнічалі ўзброеныя антысавецкія аддзелы Пруднікава, Іванова, Багданава, Ануфрыева, Агароднікава, з дзясятак лясных адзіночак. Шаўчэнка забяспечваў вольніцу ў лесе: сяляне беспакарана гналі самагонку, нарыхтоўвалі дровы. На бюро прызнавалі, што людзі атамана падтрымліваюць. «Ён забараніў рабаваць сялян, карыстаецца іх сімпатыяй і аўтарытэтам», — гучала ў выступах.

Старшыня акружнога камітэта КПБ А.І. Хацкевіч падсумаваў, што Шаўчэнка вельмі небяспечны і мэты яго дзейнасці палітычныя.

«Ён гуртуе вакол сябе насельніцтва і ў патрэбны момант можа ўзняць цэлыя вёскі, — палохаў Хацкевіч удзельнікаў нарады. 

— Ён мае такія сувязі, што ў стане справакаваць ДПУ і міліцыю, відавочна, што ён мае там сваіх асведамляльнікаў». Хацкевіч заклікаў змяніць погляд на сутнасць і характар «банды» і прыняць усе меры для яе ліквідацыі. Сур’ёзны праціўнік патрабаваў вялікіх намаганняў і каардынацыі дзеянняў карных органаў.

Не бралі ні морфій, ні куля

Атаман трымаўся тактыкі, якая дазваляла яму паспяхова дзейнічаць і пазбягаць пастак ГПУ. Пры ім звычайна было не больш як 3—7 чалавек. Але яго невялікая група па сігнале за адну ноч вырастала ў сотню.

Пасылаць атрад для адкрытага бою было не варта. Магілёўскія карнікі ўжо мелі сумны досвед такіх аперацый. У верасні каля вёскі Княжыцы (10 вёрстаў ад Магілёва) восем добра ўзброеных баевікоў Шаўчэнкі напалі на атрад міліцыянтаў пад загадам начальніка райаддзела Скатнічэнкі. Падчас перастрэлкі і рукапашнага бою загінуў агент крымінальнага вышуку і быў паранены яшче адзін супрацоўнік аддзялення.

У снежні Скатнічэнка з шасцю міліцыянтамі паспрабаваў зноў абкласці Шаўчэнку ў вёсцы Навасёлкі, на поўдзень ад Магілёва. Але атаман за лічаныя гадзіны да з’яўлення карнікаў пакінуў Навасёлкі.

Агентура, купленая ўладаю за соль і мануфактуру, паведаміла, што баевікі накіраваліся ў вёску Пушча. Скатнічэнка і яго людзі акружылі пасёлак, прачасалі хутары паблізу. Насустрач трапіўся мясцовы жыхар, які ці то жартам, ці то сур’ёзна назваўся Дуброўскім. Ён ахвотна паведаміў, што «банда» пры падыходзе міліцыі схавалася ў лесе. Міліцыянты вырашылі даць сабе кароткі адпачынак, зайшлі ў хату добразычлівага Дуброўскага напіцца вады. І былі сустрэтыя стрэламі. Шаўчэнка са сваімі партызанамі хаваўся ў другім пакоі. У хаце застаўся цяжка паранены міліцыянт Ялыніч, астатнія выбеглі на двор і пачалі страляць па вокнах. Міліцыянты Арлоў і Тарасенка паспрабавалі падпаліць хутар. Арлоў быў застрэлены. Людзі Шаўчэнкі кінулі з вокнаў хаты некалькі бомбаў і, карыстаючыся разгубленасцю міліцыянтаў, уцяклі.

Няўдачы выклікалі раздражненне ў начальніка акруговай міліцыі Сымона Файнштэйна. Шаўчэнка псаваў яму свята: напярэдадні, у лістападзе 1924, яго ў гонар 7-й гадавіны рабоча-сялянскай міліцыі, як «найстарэйшага энергічнага работніка», узнагародзілі срэбным гадзіннікам ад НКВД БССР.

На працягу 1924 спробы знішчыць атамана рабіліся не раз. У аддзел Шаўчэнкі засылалі ўзброеных агентаў, якія меліся забіць атамана. Але не ўдалося. Намагаліся ўсыпіць яго морфіем і схапіць. Таксама не спрацавала. «Ён узброены да зубоў, хітры і смелы», — тлумачылі сілавікі адсутнасць вынікаў. Трэба было шукаць іншыя варыянты.

Арыштаваць усіх, хто спачуваў

Па агентурных дадзеных, Шаўчэнка меў да сотні ўкрывальнікаў. Імёны 90 чалавек былі вядомыя чэкістам. Трэба пачынаць з укрывальнікаў — была прапанова кіраўніка міліцыі. Браць іх першымі, каб паказаць, што «савецкая ўлада зусім не мяккая».

Прынятая пастанова засведчыла, што «наяўнасць банды Шаўчэнкі і яе дзейнасць варожа адбіваецца на палітычным стане акругі. Банда… падрывае аўтарытэт улады, разбэшчвае сялян і стварае сабе аўтарытэт».

Менавіта таму, што атрад Шаўчэнкі стаў вельмі папулярным і склаў альтэрнатыву мясцовай уладзе, партыйныя функцыянеры вырашылі звярнуцца да ЦК з тым, каб гэты орган даў адмысловае распараджэнне ГПУ Беларусі аб рашучых мерах па ліквідацыі партызана і яго прыхільнікаў.

У дакуменце асобным радком згадвалася пра неабходнасць дадатковых сродкаў на буйную аперацыю. Запланавана было пачаць з арыштаў хаўруснікаў і ўкрывальнікаў. У вёскі накіроўваліся спецыяльныя карныя аддзелы. «Працу па ліквідацыі гэтай банды лічыць ударна-баявой», — з пафасам заклікала пастанова сходу.

Усёмагутны Кроль

Улады зразумелі, што гэты «гаспадар акругі», колькасць прыхільнікаў якога ўсё прырастала, уяўляе рэальную пагрозу. Цярпенне скончылася. План па ліквідацыі атамана распрацоўваўся на самым версе. Савет народных камісараў Беларусі даручыў кампетэнтным органам ліквідаваць «гэту больку».

У аперацыі брала ўдзел нават група з Менску на чале з галоўным сілавіком Беларусі.

Сам Яўхім Кроль пакінуў сталіцу, каб знішчыць «бацьку» Магілёўшчыны. Дзёрзкія забойствы сваіх падначаленых Кроль дараваць былому царскаму афіцэру не мог. За пяць гадоў сваёй вайны Шаўчэнка надта раззлаваў улады.

Цікава, што таварыша Кроля падначаленыя таксама звалі «бацькам».

Накіраваны Масквою Яўхім Майсеевіч узяў у рукі амаль усе сілавыя пасады ў тагачаснай Беларусі. Заняўшы ў гады «палітычнага бандытызму» месца старшыні рэўтрыбунала, потым начальніка мінскай гарадской міліцыі і гарадскога крымінальнага вышуку, Кроль у тым жа 1921 падымаецца на галоўны міліцэйскі пост у рэспубліцы. Ён жа адначасова — старшыня вышэйшага суда і намеснік наркамаў юстыцыі і ўнутраных спраў. Да ўсяго яшчэ і сябра Цэнтральнага выканаўчага камітэта. Пра падзел галінаў улады ў тыя часы і размовы не было.

«Шыракаплечы, рэлігійны, выдатны стралок»

У юбілейным зборніку, прысвечаным 10-годдзю беларускай міліцыі, Яўхім Кроль пакінуў цікавыя, нават з рамантычным адценнем, успаміны пра ліквідацыю Шаўчэнкі. Аўтар дэманстраваў імкненне да аб’ектыўнасці, павагу да ворага. Але такі падыход цалкам быў і ў яго інтарэсах. Чаго вартая перамога над слабым нікчэмным праціўнікам. Начальнік не шкадаваў эпітэтаў у адрас атамана: «Шыракаплечы, рэлігійны, выдатны стралок… Ён быў пагрозай савецкіх работнікаў», — прызнаваў Кроль.

Да таго ж разумны, няўлоўны. Па словах галоўнага міліцыянта, Васіль Шаўчэнка «цараваў» не толькі ў Бялыніцкім раёне, але, «маючы многа ўдзельнікаў, пяць год крываваю мараю гаспадарыў у Магілёўскай акрузе». Савецкія работнікі «не смелі з’ўяляцца на яго тэрыторыі». Людзі «кланяліся яму, як куміру», — са здзіўленнем і пашанаю да знішчанага ворага ўспамінаў тыя дні міліцэйскі кіраўнік.

Здымак на памяць

Як успамінаў Кроль, план аперацыі прадугледжваў рухацца з трох бакоў буйнымі міліцэйскімі аддзеламі ў бок вёскі Княжыцы Бялыніцкага павета. Туды ж накіроўваўся і атрад з Менска на чале з Кролем. Тыдзень атрад чакаў данясенняў выведкі. Нарэшце дачакаліся тэлефанавання агента, які ведаў, дзе спыніцца Шаўчэнка. Група накіравалася ў Княжыцкі лес, улюбёнае месца атамана. Кроль успамінае, што пачуцце страху і насцярогі не пакідала міліцыянтаў. Яны ведалі, колькі работнікаў міліцыі загінула ад гранат і карабіна баевіка. Збройны майстар у мінулым, Шаўчэнка выдатна страляў.

У Княжыцах з палёгкай уздыхнулі, пачуўшы навіну, што атаман забіты ў перастрэлцы з адным з карных атрадаў. Дакладна дзе і як, даведацца не ўдалося.

Тэлефонны провад у сельскім савеце быў перарэзаны. Мінская група вярнулася ў Бялынічы. Цела атамана, прыкрытае сенам, ляжала на міліцэйскім двары. У юбілейным зборніку, выдадзеным да 10-годдзя беларускай міліцыі, ёсць фота забітага атамана, сведчанне трыумфу Кроля і яго каманды. Бачна, што ўжо нежывое і закасцянелае цела маладога мужчыны падцягнулі і прыставілі да сцяны. Спецыяльна для фота. Бомбы і карабін побач — элементы дэкору. На жаль, пакуль не знойдзеныя прыжыццёвыя фота Васіля Шаўчэнкі. А іх жа, як сведчаць крыніцы, у вялікай колькасці раздавалі міліцыянтам і агентам падчас карных аперацый.

Падобна на тое, што Кроль перачытаў свой артыкул і заўважыў яго залішнюю кампліментарнасць. Як бы спахапіўшыся, ён знаходзіць для Шаўчэнкі абразлівыя эпітэты. Не да месца згадвае «ламброзаўскі чэрап» сялянскага верхавода. Шырокія скулы і кірпаты нос атамана падаюцца яму чамусьці «жывёльнымі». Хоць, магчыма, нічога кепскага аўтар мемуараў не меў на ўвазе. Кроль вельмі любіў кошак. Апошнія гады перад арыштам Яўхім Майсеевіч займаў пасаду намесніка міністра па міліцыі (была такая) у Алма-Аце. Самотны, ён жыў, па ўспамінах калег, са сваімі трыма кошкамі ў бруднай кватэры, не звяртаючы ўвагі на побытавыя праблемы. У 1938 быў адкліканы ў Маскву, у студзені 1940 — расстраляны.

Ліквідацыя ў Васільках

…Апошні дзень жыцця заспеў Васіля Шаўчэнку (гэта ж трэба так супасці) на хутары каля вёскі з прыгожай назваю Васількі.

Яе жыхары якраз у тым годзе праславіліся на ўсю Беларусь, арганізаваўшы меліяратыўнае таварыства і ўручную выкапаўшы канал у 9 вёрстаў даўжынёй. Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў спецыяльна прыязджаў у Васількі, каб сустрэцца з меліяратарамі. Васількоўцы былі ўганараваныя ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга №1. Ордэн пад другім нумарам атрымаў Кроль — за ліквідацыю Шаўчэнкі.

Паводле агентурных звестак, атаман знаходзіўся на хутары селяніна Рыжковіча каля Васількоў. Група захопу пад кіраўніцтвам міліцыянта Паўлоўскага з пяці чалавек спынілася каля дома Рыжковіча. Запыталіся ў гаспадара наконт яго госця. Вясковец няветліва адказаў, што нічога і нікога не ведае. У гэты момант Шаўчэнка стрэліў з акна хаты і забіў старшага міліцыянта Бялыніцкага раёна Царанкова. Пачалася перастрэлка, у ёй атаман загінуў. Аб ліквідацыі «бандыта» паведаміла зводка данясенняў па Магілёўскім крымінальным вышуку ад 25 снежня 1924.

Але нават без атамана шаўчэнкаўцы працягвалі дзейнічаць: пасля гібелі Васіля яго аддзел узначаліў нейкі Зяньчук, пра якога пакуль нічога не вядома.

Толькі ў красавіку 1926 варшаўскія газеты паведамілі, што ў Магілёве да расстрэлу прысудзілі 43 паўстанцаў «банды Васіля (Базыля) Шаўчэнкі». Тады ж савінкаўская газета «За свободу» скупа напісала пра некаторыя факты з жыцця атамана. Разам з братам у 1919 Васіль уступіў на паўстанцкі шлях. У 1921 яны, абодва афіцэры царскага войска, былі арыштаваныя і асуджаныя да смяротнага пакарання. Але прысуд застаўся на паперы, браты з турмы ўцяклі, каб за тры гады стаць «гаспадарамі» Магілёўскай акругі.

Але саветы бралі верх. Беларусь несавецкая, за якую ваяваў атаман, адступіла на доўгія гады.

Ніна Стужынская, NN.BY