нядз, 22.09.2019
USD2.04|EUR2.26|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Горкам сёлета – 470 гадоў

24.07.2014 – 08:00 | 1515

Доўгі час была невядомая дакладная дата першага летапіснага  прыгадвання Горак. І вось, дзякуючы архіўным знаходкам гісторыка В.Насевіча, было ўстаноўлена, што Горкі ўпершыню ўзгадваюцца ў дакументах у 1544 годзе.

Горацкае Зарэчча на старых фотаздымках.

А калі казаць больш дакладна, то ў Літоўскай метрыцы ў тастаменце Васіля Талачынскага (сына Юрыя Шышаўскага), дзе ён землі маёнтка Шышава пакідае сваёй жонцы Марыі. У гэтым дакуменце можна знайсці назвы населеных пунктаў Юркава, Сялец, ну і вядома – Горкі.

Звярніце ўвагу, што звалі Юрыя – Шышаўскі, бо ў той час Шышава было  горадам, цэнтрам маёнтка.

Выходзіць, сёлета нашаму гораду – 470 гадоў, калі лічыць ад дня першага ўпамінання ў архіўных дакументах.

Аб гісторыі Горак шмат матэрыялаў друкавалася ў газеце “УзГорак” і на сайце horki.info. А вось аб назвах месцаў горада, рэчак, на якіх ён стаіць, ці, як кажуць навукоўцы – тапонімах, гідратапонімах і мікратапонімах – мы ведаем менш.

Аб гэтым наш матэрыял.

Чаму Горкі?

Адкуль пайшла назва нашага горада? Чаму так названы рэкі, на якіх ён знаходзіцца?

На гэтыя пытанні доўгі час даводзілася шукаць адказы ў літаратуры. Так, прафесар В.Жучкевіч лічыць, што назва нашага горада звязана з гарыстай мясцовасцю.

Пісьменнік У.Юрэвіч у кнізе “Слова жывое, роднае, гаваркое...” піша, што назва Горкі – ад слова Горы, некалі дало назву паселішчу, размешчанаму на некалькіх горках, ўзвышшах. Яно гэтак і звалася – Горы-Горкі.

Больш цікавую версію ў свой час выказаў археолаг Ш.Бікцінееў, які рабіў археалагічныя раскопкі ў вёсцы Горы. Ён лічыў, што ў пачатку 16 стагоддзя частка жыхароў старажытнага горада Горы перасялілася на месца цяперашняга горада Горкі, бо тут было перасячэнне двух гандлёвых шляхоў: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава і далей на Смаленск.

Спачатку новае паселішча мела назву – Горы Малыя, а старое паселішча – Горы Вялікія. З цягам часу Горы Малыя сталі Горкамі, а Горы Вялікія – проста Горы.

На жаль, не даводзілася чуць ад жыхароў нашага раёна легендаў ды паданняў пра паходжанне назвы Горак, не сустракалася такое і ў літаратуры.

Але вось у 2002 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшла  кніга “Магілёўшчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў”. Яе склаў і запісаў доктар філалагічных навук А.М.Недаўца. Ёсць там легенда і пра ўзнікненне горада Горкі, рэк Проня і Парасіца, а таксама вёсак Горацкага раёна – Буда, Копцеўка, Пнеўшчына, Студзянец і Ходараўка.

Легенда пра Горкі займае сем старонак. А коратка яе змест такі. На тэрыторыі Горацкай зямлі жыў князь Гардзей, які меў вельмі прыгожую жонку і двух дачок – Проню і Парасіцу.

Жылі вельмі шчасліва і добра, пакуль не здарылася бяда. Жонка князя дужа спадабалася валадару падземнага і падводнага царства.

І вось аднойчы, калі князя Гардзея не было дома, валадар захапіў княгіню і яе дачок.

– Будзеш маёй жонкай, – сказаў ён жанчыне-прыгажуне.

Тая адказала коратка:

– Я маю мужа і не здраджу яму.

Раззлаваўся валадар і шабляй парубіў і княгіню, і яе дачок.

І там, дзе ўпалі пасечаныя грудзі прыгажуні, выбіліся з зямлі дзве крынічкі, і пабеглі з іх рэчкі. Іх людзі назвалі – Проня і Парасіца.

А князь Гардзей адпомсціў за жонку і дачок. Ён пачаў кідаць у раку вялізныя камяні і забіў валадара. З цягам часу тыя камяні абраслі зямлёй, і сталі на іх сяліцца людзі, а паселішча назвалі – Горы-Горкі... Вось такая легенда.

Аднак неаднаразова ў архіўных дакументах, што датычаць нашага краю, апроч саміх Горак упамінаюцца два прадмесці – Слабада і Зарэчча.

Слабада

Прадмесце з такой назвай можна сустрэць амаль у кожным горадзе. Як сведчыць Беларуская гістарычная энцыклапедыя, назва гэта звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары Слабодаў карысталіся часовым вызваленнем ад аплаты падаткаў.

Ужо ў першым інвентары Горак 1683 года ўпамінаецца Казіміраўская Слабада. Чаму Казіміраўская? Гэта дакладна нам невядома. Ёсць меркаванне некаторых навукоўцаў, што ў Слабадзе стаялі войскі Казіміра IV у 1480 годзе. Адсюль і назва. На жаль, дакументальнага пацверджання гэтай версіі пакуль не знойдзена.

Хутчэй за ўсё такая назва звязана з імем Казіміра, бо такія назвы як Казіміраўка ёсць яшчэ на Беларусі.

Цікава, што ў “Рэвізскіх казках” напісана не Слабада, а Казіміраўскі фарштат. Гэта слова нямецкае i азначае – прадмесце, слабада, уласна мясцовасць за гарадской мяжой. Аднак назва фарштат, відаць, не прыжылася, і потым ужо ва ўсіх дакументах, што датычаць гэтага прадмесця, указана, што гэта Слабада.

У 1848 годзе тут было адчынена народнае вучылішча.

У канцы 19 стагоддзя на Слабадзе была пабудавана царква з цэглы. Яна атрымала назву Ушэсця і зараз з’яўляецца помнікам архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай.  

За савецкім часам тут знаходзіўся цэнтр Казіміраўскага сельсавета. І толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны назва “Казіміраўская” зусім знікла. Засталася толькі Слабада як частка нашага горада.

Зарэчча

Сама назва гаворыць аб тым, што знаходзіцца гэта частка Горак за ракой. Згодна з Вiкiпедыяй, амаль у кожнай вобласцi Беларусi, Расii i Украiны сустракаюцца такія назвы.

У Горках так завецца тэрыторыя за Капылкай. Зараз гэта рака выглядае як ручай, але калісьці была паўнаводнай.

Пра Зарэчча ўпамінаецца ў інвентары 1583 года.

А калі ў Горках ў 1708 годзе былі войскі пад камандаваннем Пятра I, то яны займалі ўсё Зарэчча. Аб гэтым сведчыць карта-схема, што была знойдзена ў Ваенна-гістарычным архіве Расіі.

У 1924 годзе ў Зарэччы было 208 двароў і жыло 1611 жыхароў. У час калектывізацыі быў створаны калгас “Чырвоны ўсход”, у які уваходзіла 124 гаспадаркі і 652 чалавекі.

У 60-я гады ХХ стагоддзя праз раку Капылка быў пабудаваны новы мост, які прадоўжыў цэнтральную вуліцу імя Якубоўскага да вуліцы Вакзальнай. Быў перанесены кірмаш, а на ягоным месцы ўзнік новы адміністрацыйны цэнтр горада і раёна. Вакол гэтага цэнтра пачалося будаўніцтва жылых дамоў.

Працяг будзе.

Уладзімір Ліўшыц, газета "УзГорак"

Падзяліцца