пан, 19.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Горацкай акадэміі недабор студэнтаў. Не хоча моладзь у калгасы

17.07.2014 – 11:17 | 1976 | 12

Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, як і летась, недабірае студэнтаў. У мінулым годзе недабор склаў 250 чалавек. Сёлета – больш за 350. 

У акадэміі праблему звязваюць са змяншэннем колькасці выпускнікоў школ ды з падзеннем прэстыжу сельскагаспадарчых прафесіяў.

У акадэміі з 943 бюджэтных месцаў незапоўненымі застаюцца 370. У рэктараце заяўляюць, што сёлетні недабор студэнтаў характэрны для ўсіх беларускіх вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю. «Цяжка знайсці ВНУ, якая б закрыла ўсе кантрольныя лічбы», – тлумачыць супрацоўнік акадэміі.

«Стала намнога менш выпускнікоў школ – на 11 тысяч у параўнанні з мінулым годам. І такая сітуацыя будзе паўтарацца прыкладна да 2017 году. Дый абітурыент слабенькі. Не тая цяпер падрыхтоўка ў школе. Хто гэта калі думаў, што з тройкамі будуць паступаць у ВНУ?» – кажа суразмоўца.

Яшчэ адна прычына недабору студэнтаў, паводле супрацоўніка акадэміі, – падзеньне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесіяў:

«З'явілася нават такое паняцце, як вострадэфіцытныя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці – аграномія, заатэхнія, інжынер-механік, ветурач.

Хоць, здаецца, на сяле створаныя ўсе ўмовы для працы, і там вытворчасць дужа мае патрэбу ў спецыялістах дадзенага профілю».

У акадэміі спадзяюцца, што ў ходзе дадатковага набору студэнтаў стане больш, і патрабаванне закрыць кантрольныя лічбы па першакурсьніках будзе выканана.

Немалая частка студэнтаў не хавае, што паступілі ў акадэмію, бо гэта было нескладана зрабіць. Па заканчэнні навучальнай установы працаваць па спецыяльнасці мала хто хоча. Пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі, заяўляюць студэнты, кінем сельскую гаспадарку.

«Калі тут правесці сацыялагічнае апытанне, то я перакананая, што бальшыня людзей паступілі ў акадэмію, бо проста паступіць, а патрэбная корка, што ёсць вышэйшая адукацыя, – заяўляе адна са студэнтак. – У сельскай гаспадарцы маленькія заробкі. Няхай сабе тая ж даярка. Яна ж працуе ўся ў поце, а заробак у яе які? Нічога не бачыш, і сям’і таксама».

Меркаванні бацькоў будучых абітурыентаў пра тых, хто свядома ідзе вучыцца ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю і пераканана звязвае сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, даволі прагматычныя. Адно з іх: «Бацькі там. Хата там. Во і ідуць вучыцца. А потым уцякаюць».

Былы студэнт Горацкай акадэміі Зміцер кажа, што атрыманыя ў навучальнай установе веды яго задавальняюць. Ён зазначае: калі паступаў, то бачыў багата абітурыентаў з дужа слабымі ведамі, якія ўсё ж сталі пасля іспытаў студэнтамі.

Сам ён вучыцца ў акадэмію прыйшоў свядома. Цяпер жа глядзіць на колішні свой выбар прафесіі іншымі вачыма:

«Усё ўпіраецца ў матэрыяльны бок дадзенага пытання. Можна было атрымаць адукацыю больш прэстыжную і ў перспектыве з большым заробкам. З майго выпуску працуе ў галіне адзін ці два чалавекі з 24, што выпускаліся. Яны больш за 3–4 мільёны наўрад ці зарабляюць».

Некаторыя выпускнікі пасля адпрацоўкі і пошуку новых месцаў працы засталіся беспрацоўнымі:

«Я адвучыўся, і цяпер для мяне няма працы, – наракае адзін з такіх былых студэнтаў. – Нікому я не патрэбны з гэтым дыпломам, хіба што толькі ў калгасе. А чаго туды ехаць? Выжываць. У асноўным тыя, хто прыехаў з вёсак, яны туды і едуць. Для іх бліжэйшая вёска».

Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі таксама вучыўся ў Горацкай сельгасакадэміі. Звесткамі пра недабор студэнтаў уражаны.

Калі ён вучыўся, конкурс на паступленьне ў гэтую ВНУ складаў шэсць чалавек на адно месца.

Пётар Мігурскі працягвае:

«Калі я даведаўся пра гэта, у мяне расчараванне надышло як у выпускніка акадэміі. Для мяне недабор на бюджэтныя месцы – гэта проста незразумела. Ёсць жа інфармацыя, што летась за недабор рэктара звольнілі, а сёлета ж сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Нібыта ў гэтым рэктар вінаваты. Не – тут вінавата агульная сітуацыя ў краіне, і ў сельскай гаспадарцы ў прыватнасці. Маладыя людзі не бачаць сябе ў якасці спецыялістаў».

svaboda.org

Падзяліцца