пят, 23.08.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Бялыніцкі раён: афіцыйнай інфармацыі наконт выпадкаў захворванняў свінняў па-ранейшаму няма

26.06.2014 – 17:02 | 229

У Бялыніцкім раёне мясцовыя ўлады па-ранейшаму не даводзяць да мясцовых жыхароў ніякай інфармацыі пра тое, якой хваробай выкліканы выпадкі падзяжу свінняў у раёне.

Аднак некаторыя мясцовыя жыхары атрымалі пісьмовыя папярэджанні аб тым, што трымаць свінняў немэтазгодна ў сувязі з пагрозай захворвання на афрыканскую чуму.

У прыватнасці, такія папярэджанні за подпісам памочніка пракурора Бялыніцкага раёна атрымалі некалькі жыхароў аграгарадка Цяхцін, у якім раней мелі месца выпадкі падзяжу свінняў ад невядомай хваробы, пасля чаго ветэрынарныя спецыялісты выконвалі комплекс мерапрыемстваў па дэзінфекцыі. Людзі запатрабавалі тлумачэнняў ад ветэрынараў, ад якой жа хваробы загінулі жывёлы, аднак нейкага канкрэтнага адказу атрымаць так і не здолелі. Некаторыя са спецыялістаў казалі, што меў месца выпадак падзяжу свінняў ад звычайнай інфекцыі, іншыя сцвярджалі, што жывёлы загінулі ад простай чумы свінняў.

У аграгарадку Вялікая Машчаніца, дзе таксама меў месца выпадак падзяжу свінняў ад невядомай хваробы, улады перапісалі ўсе гаспадаркі мясцовых жыхароў, якія ўтрымліваюць гэту жывёлы. Таксама на гэтым тыдні на крамах у Машчаніцы з’явіліся абвесткі пра тое, што ў мэтах прафілактыкі АЧС у будынку Машчаніцкага сельвыканкама можна атрымаць мікрацыд для прыгатавання дэзраствора.

Мясцовыя жыхары ўсхваляваныя тым, што яны так і не здолелі атрымаць нейкай дакладнай інфармацыі наконт захворванняў свінняў. Вяскоўцы трымаюць свінняў, каб мець магчымасць выжыць у складаных умовах, заробкі ў большасці сяльгаспрадпрыемстваў Бялыніцкага раёна пакідаюць жадаць лепшага, іх не хапае нават на самае неабходнае. Зараз з-за адсутнасці дакладнай інфармацыі многія з іх пачалі прыразаць нават малаважкіх свінняў, каб не згубіць іх наогул – маўляў, так неафіцыйна рэкамендуюць ветэрынарныя спецыялісты.

У Бялыніцкім раёне ўсё пагалоўе свіней у гаспадарках і ў фермераў раёна было ліквідавана яшчэ ў мінулым годзе, зараз свінагадоўляй займаюцца толькі прыватнікі. Між тым на тэрыторыі суседніх з Бялыніцкім Шклоўскага, Магілёўскага і Бярэзінскага раёнаў дзейнічаюць буйныя свінагадоўчыя комплексы.

spring96.org