аўт, 16.07.2019
USD2.03|EUR2.29|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Арыгінальны пах хлеба "Арыгінальнага"

04.06.2014 – 08:00 | 980 | 15

Даўно мінуў той час, калі выбар хлеба ў крамах нашага горада быў даволі абмежаваным. Цяпер пакупнік мае магчымасць і выбраць, і параўнаць якасць разнастайных вырабаў не толькі мясцовага хлебазавода, але "імпартную" прадукцыю са Шклова, Оршы, Магілёва і нават Мінска.

Горацкі хлеб "Арыгінальны" здзівіў сваім "арыгінальным" пахам.

Сярод іх не губляюцца і хлеба-булачныя вырабы нашага Горацкага раённага спажывецкае таварыства (ГРСТ).

Напрыклад, асабіста мне падабаецца хлябец "Горацкі", смачныя пернікі, якія не перагружаны рознымі "Е" і штучнымі араматызатарамі, смятаннікі і іншая выпечка. І калі ў продажы з'явіўся хлеб "Арыгінальны", то, пакаштаваўшы адзін раз, мы сталі амаль пастаяннымі яго спажыўцамі.

Тым не менш, калі-ніколі мы з жонкай звярталі ўвагу на пагаршэнне якасці некаторых вырабаў.

Былі выпадкі, калі ўжо на другі пасля вырабу дзень непрыемны пах стаў з'яўляцца ў названым мною хлебе "Арыгінальны".

Лічылі, гэта выпадковасцю, бо, як кажуць, раз на раз не прыходзіцца, а канечны вынік залежыць ад многіх фактараў. Аднак апошняя пакупка хлеба "Арыгінальны" прымусіла публічна звярнуць увагу вытворцаў на якасць прадукцыі, якую яны пастаўляюць у крамы.

Дакладна справа выглядае так. Напрыканцы працоўнага дня 29 мая жонка набыла ў краме "Родны кут", што на праспекце Інтэрнацыянальны, хлеб "Арыгінальны". На маркіроўцы ўказаны дзень і час яго выпечкі – 29.05.14, 13:40.

Запаяны ў цэлафан хлеб праляжаў на стале кухні ноч, а раніцою я разрэзаў яго, каб паснедаць. І адразу адхіснуўся, бо моцны непрыемны пах проста шыбануў у нос. Калі ж я крануў мякаць пальцам, то цеста падалося, але адбітак застаўся як у мяккай гліне. 

Першая думка была адразу выкінуць яго ў сметніцу. Падумаўшы, вырашыў паказаць куплены тавар кіраўніцтву крамы. Каб зафіксаваць нашу сустрэчу і размову, прыхапіў дыктафон і фотаапарат.

Ганна Алегаўна Мікульская, якая 30 мая часова замяняла дырэктара, ветліва пацікавілася прычынай майго візіту. У кабінеце знаходзілася аператар і на некалькі хвілін затрымалася прадавец. У іх прысутнасці я дастаў і ўключыў дыктафон, фотаапарат, а на стол паклаў прынесены хлеб. Назваў сябе, коратка патлумачыў прычыну прыходу і прапанаваў самім не толькі паглядзець, але і памацаць, і панюхаць тое, што называлася хлебам "Арыгінальным".

На гэты раз яго спакойна можна было назваць "суперарыгінальным", бо Ганна Алегаўна, адчуўшы пах, рэзка адхінулася ад кавалка, які трымала ў руцэ.

Заўвага: я ўвесь час пішу слова "пах", якое на рускай мове гучыць як "запах". Аднак гэта слова не перадае таго, што было на справе. Калі вельмі непрыемна пахне, то ў рускай мове кажуць "воняет", а ў беларускай – смярдзіць. Менавіта смурод, а не пах ішоў ад разрэзанага хлеба.

Дадатковы каментар не спатрэбіўся. Ганна Алегаўна адразу патэлефанавала дырэктару, пацвердзіла дадзеныя аб даце і часе вырабу хлеба і прапанавала мне вярнуць грошы, хаця пра іх я нічога не казаў. Канечне, грошы я забраў.

Па прычыне недахопу часу не адвёз кавалак таго хлеба ў санстанцыю. Спадзяюся, ён трапіў у лабараторыю ГРСТ, якая выдае "Пасведчанні якасці".

Менавіта дырэктар крамы "Родны кут" Данілава Т.М., з якою я сустрэўся 2 чэрвеня, растлумачыла мне, што да пастаўляемых харчовых тавараў абавязкова дадаецца "Пасведчанне якасці" спецыялізаванай лабараторыі ГРСТ. Сама крама экспертызу не праводзіць, хаця, канечне, адміністрацыя не зацікаўлена ў пагаршэнні іміджу. Больш таго, Таццяна Мікалаеўна папрасіла прабачэння і выказала сумненне ў мэтазгоднасці публічнага апісання гэтага непрыемнага факту.

Ці трэба выносіць смецце з хаты?.. Тым больш, што ніхто з пакупнікоў ніколі не скардзіўся.

Згодзен, факт гэты непрыемны. Прычым, непрыемны для ўсіх – для вытворцаў, для крамы і для мяне. Калі хто думае, што ад гэтага я атрымаў задавальненне – той вельмі памыляецца. Аднак, мне крыўдна, што жыхары нашага цудоўны горада, у тым ліку і супрацоўнікі ГРСТ, сутыкаюцца з такімі фактамі. Можна было чарговы раз махнуць рукою, выказацца рознымі словамі пра невядома каго ў прастору ды і забыць. Але мне зноў сказалі падобнае таму, што я чуў раней: ну, ніхто ж не прыходзіў, ніхто не скардзіўся, гэта вам так трапіла...

Не..., не за грашыма я пайшоў (я пенсіянер, але і не жабрак), не для таго, каб упікнуць адміністрацыю крамы ці паскардзіцца на тых, хто рабіў той хлеб і кантраляваў яго якасць.

Але трэба памятаць народную мудрасць пра лыжку дзёгця і бочку мёда. Бо ад таго, як кожны з нас працуе на сваім месцы, залежыць і настрой, і здароўе іншых, і, нарэшце, уласны дабрабыт. Не трэба забываць пра канкурэнцыю. Вельмі хацелася бачыць і далей прадукцыю вытворцаў нашага горада ў ліку найбольшага попыту жыхароў Горак і раёна.

Аляксандр Каданчык