нядз, 15.09.2019
USD2.05|EUR2.28|RUB3.19
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

У Бабруску адкрыўся Музей сталінскіх рэпрэсій

21.05.2014 – 13:02 | 377 | 2

Увечары 19 траўня ў бабруйскім офісе АГП адбылося адкрыццё экспазіцыі Музея сталінскіх рэпрэсій.

У Бабруску адкрыўся Музей сталінскіх рэпрэсій

Усе матэрыялы, сабраныя тут, знайшла грамадская актывістка Вольга Піманава. Дакументы, якія тычацца дзейнасці аналагічнага музея Ганны Бакач, які раней працаваў у Бабруйску, прадаставіў рэдактар "Бабруйскага кур'ера" Анатоль Санаценка.

На адкрыццё прыйшло некалькі дзесяткаў бабруйчан.

Уладзімір Раманоўскі, старшыня беларускай філіі "Мемарыяла", прыехаў на адкрыццё, каб прэзентаваць музею падборку навуковых прац і кніг, якія ўтрымліваюць матэрыялы на тэму рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі.

- У мяне вялікая надзея на Вольгу Піманаву як на энтузіястку, - адзначыў Уладзімір Раманоўскі. - Буду імкнуцца дапамагчы легалізаваць гэты музей. Ён можа пакласці пачатак зараджэння музейнага руху ў Беларусі, прысвечанага тэме рэпрэсій.

Вольга Піманава апрабавала сябе ў ролі экскурсавода: расказала пра музейныя экспанаты, прывяла агульныя звесткі па рэпрэсаваных у краіне і на Бабруйшчыне. Азнаёміла з лёсам знакамітых землякоў, якіх закрануў карны апарат, - гэта Мікалай Азбукін, Вера Харужая, Платон Галавач, Барыс Мікуліч, Сяргей Грахоўскі, Цодзік Славін. Таксама Вольга расказала гісторыі некалькіх простых бабруйчан, якія былі расстраляныя ў бабруйскіх турмах НКУС па надуманых прысудах.

- У адну ноч "нкусаўцы" расклалі ў двары бабруйскай турмы вялізнае вогнішча і спалілі там рукапісы нашых рэпрэсаваных пісьменнікаў. На жаль, мы ніколі ўжо не прачытаем гэтыя ўзоры творчасці першай плыні мясцовых беларускіх творцаў, - адначыла Вольга Піманава.

- Рэпрэсіі былі своеасаблівай латарэяй, рабіліся па разнарадцы, - расказаў падчас свайго выступу журналіст Анатоль Санаценка. - З-за недахопу ідэалагічных "ворагаў" карнікі пераходзілі з інтэлігенцыі на звычайных людзей, сялян ды рабочых.

Анатоль Санаценка расказаў пра Музей сталінскіх рэпрэсій, які дзейнічаў у Бабруйску з 1995 да 2003 года і быў гвалтоўна знішчаны. Між тым, гэта быў на той момант адзіны ў свеце Музей сталінскіх рэпрэсій. А Бабруйская арганізацыя ахвяр палітычных рэпрэсій налічвала ў тыя часы каля двух тысяч сябраў.

Першыя наведнікі музея праглядзелі ўрывак з фільма пра рэпрэсаваных святароў "З крыжам на крыж", а таксама фільм пра Ганну Бакач і яе музей.

Напрыканцы мерапрыемства Вольга Піманава заклікала сваякоў рэпрэсаваных дзяліцца матэрыяламі, каб сведчыць пра жахі мінулага, якія не павінны паўтарыцца зараз.

- Я думаю, мы вырашылі ствараць музей своечасова. На фоне падзей, якія адбываюцца сёння ва Ўкраіне, мы не павінны забываць, да чаго можа прывесці жаданне аднаго народа панаваць над іншымі, - адзначыла стваральніца музея.

Мясцовая каардынатарка БХД Таісія Кабанчук прапанавала таксама збіраць экспазіцыю сведчанняў пра сучасныя рэпрэсіі.

spring96.org