суб, 24.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Шведскага праваабаронцу Роберта Хорда затрымалі на "Чыжоўка-Арэне"

20.05.2014 – 14:35 | 336 | 1

19 траўня кіраўнік праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders Роберт Хорд прыбыў у Мінск, дзе ў яго была прызначаная сустрэча з кіраўніком Шведскай федэрацыі хакея Крыстэрам Энглундам на "Чыжоўка-Арэне" - там ў рамках чэмпіянату свету праходзіў матч паміж камандамі Італіі і Швецыі.

Шведскага праваабаронцу Роберта Хорда затрымалі на "Чыжоўка-Арэне"

Роберт Хорд прывёз з сабою хакейны швэдар з надпісам "Bialiatski 33", дзе нумар сімвалізуе 33 месяцы, праведзеныя кіраўніком Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў зняволенні. Перад паездкай у Мінск сп. Хорд паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што меў намер перадаць гэты швэдар сп. Энглунду пры сустрэчы, распавёўшы пра тое, на якім фоне праходзіць чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску.

Мабыць, гэты "сувенір" з прозвішчам палітвязня і стаў аб'ектам пільнай увагі аховы пры праходжанні Робертам Хордам дагляду на ўваходзе ў "Чыжоўка-Арэну". У 20:00 шведскі праваабаронца быў затрыманы ў пункце пропуску ў будынак арэны. Сек'юрыці правялі яго ў спецыяльнае памяшканне для дагляду рэчаў.

Ахоўнікі не адпускалі Хорда да таго часу, пакуль не з'явіўся Крыстэр Энглунд. Пасля 10-хвілінных перамоваў праваабаронцу адпусцілі, забраўшы хакейны швэдар з надпісам "Bialiatski 33". Пры праходжанні зоны кантролю ўнутры арэны сп. Хорда зноў затрымалі, паўторны дагляд яго рэчаў праходзіў ужо ў прысутнасці сп. Энглунда. На гэты раз нічога "забароненага" сек'юрыці не знайшлі.

У выніку запланаваная размова кіраўнікоў Civil Rights Defenders і Шведскай федэрацыі хакея адбылася. Пасля Роберт Хорд у кампаніі праваабаронцаў са Швецыі і Беларусі пайшоў глядзець хакейны матч.

Даведка

Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гадоў турмы ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахунку, ішлі на праваабарончую дзейнасць. 

Краіны Еўрасаюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязням, а прысуд яму - палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

spring96.org

Падзяліцца