пан, 19.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Дзесяць пазітыўных рэчаў, якія нам прынёс Чэмпіянат свету

06.05.2014 – 14:03 | 273 | 2

9 мая ў Мінску стартуе сусветнае першынства па хакею. Яно шмат крытыкавалася, у Беларусі і за мяжой заклікалі да байкоту. Што добрага дасць чэмпіянат для горада і грамадзян.

1. Мінск турыстычны

Падчас Чэмпіянату ў Беларусь прыедзе да 70 тысяч гледачоў. Сярод іх 33 тысячы пересякуць мяжу з Еўрасаюзам. Астатнія – з Расіі. Канечне, няшмат, але для Беларусі – гэта ўжо нешта. Атрымаць для замежніка візу ў нашую краіну справа нялёгкая і нятанная. У час жа чэмпіянату яе атрымае задарма кожны ўладальнік білета на гульню. Мінск, хай і на кароткі час, стане турыстычным горадам. Прычым, з гасцямі не толькі з Расіі.

Праз адкрыццё межаў свой сервіс яўна падцягнулі пагранічнікі. Падкрэслена ветлівыя, з усмешкамі. Дарэчы, кажуць, што павялічылася колькасць маладых прыгожых дзяўчат сярод памежніц.

Нават такія спаборніцтвы дадуць свету магчымасць болей даведацца пра Беларусь. Нашым жа суайчыннікам сутыкненне з замежнікамі таксама пойдзе на карысць.

2. Новыя арэны

«Мінск-Арэну» актыўна «юзаюць» як падчас спартыўных спаборніцтваў, так і для правядзення канцэртаў, шоу, прадстаўленняў. Яе будаўніцтва дало магчымасць істотна павялічыць культурнае жыццё сталіцы. Арэна сучасная, зручная, з вялікай умяшчальнасцю. Там камфортна глядзець як хакей з баскетболам, так і слухаць музыкаў, ці здзіўляцца майстрам з цырка «Дзюсалей». «Чыжоўка-Арэна» па інтэнсіўнасці выкарыстання наўрад ці будзе істотна саступаць.

3. Новы аэрапорт

Некалькі гадоў таму, прылятаючы ў мінскі аэрапорт, можна было пачуць адно: «Змрок і жах!» Многія смяяліся, што пасля наведвання «Мінска-2» сталі разумець галівудскія фільмы пра постсавецкую прастору. Аграмаднае каменнае збудаванне, такія ж самыя каменныя твары супрацоўнікаў, «забітыя» прыбіральні, бандзюгаватыя таксісты. Трапляючы ў такую суровую рэальнасць, няцяжка і ў дэпрэсію трапіць. Цяпер аэрапорт пахарашэў, хоць яму далёка яшчэ да аэравакзалаў нават суседніх сталіц. Але зрухі істотныя.

4. Транспарт

Крыху абнавіўся мінскі аўтапарк. Да чэмпіянату свету ў аэрапорт запусцяць дзесяць абсалютна новых аўтобусаў. З’явіліся электронныя праязныя, у транспарце ўсталяваныя валідатары. Адрамантаваныя дарогі. З’явіліся паркоўкі для інвалідаў. У Вільню пусцілі новыя цягнікі. А вось з новай станцыяй метро «Малінаўка» не паспелі – адкрыццё адкладаецца.

5. Гатэлі

Да чэмпіянату свету ў Мінску адкрываюць 14 (!) гатэляў. Не ўсе паспяваюць здаць у час, але такога бума Мінск яшчэ не ведаў. Усё гэта сучасныя гасцініцы, некаторыя з вядомымі сусветнымі імёнамі. Праўда, цэны ў іх для беларусаў кусаюцца. Не тое слова што кусаюцца – яны проста не для беларусаў.

6. Беларускія стравы

Міністэрства гандлю рэкамендавала кавярням і рэстаранам пашырыць у сваім меню колькасць беларускіх страваў. Дарэчы, гэта не смешна. У фэйсбуку, ці ўкантакце нярэдка можна натыкнуцца на пытанне: дзе ў Мінску паспрабаваць беларускай кухні? І нярэдка, апроч двух-трох варыянтаў, і прапанаваць больш няма чаго. Магчыма, зараз сітуацыя крыху зменіцца. Сярод рэкамендаваных Мінгандлем страваў: верашчака, поліўка, грачанікі, дранікі, збіцень і інш.

7. Беларуская мова

У горадзе з’явілася інфармацыйная стэнды для турыстаў. Адметна, што выкананыя яны толькі па-беларуску і па-ангельску. Тое самае датычыць указальнікаў, назваў метро. Дарэчы, усе слоганы чэмпіянату таксама гучаць па-беларуску. Праўда, асноўная інфармацыя ўжо ідзе па-расейску.

8. Сувенірка

Некалькі гадоў таму знайсці ў Мінску магніцік ператваралася ў складаны квест. Пераможцам якога выходзілі толькі героі, што даходзілі да другога паверха ГУМа і ведалі пра існаванне крамы «Кірмаш». Цяпер з гэтым стала значна прасцей. 

Атрыбутыка да чэмпіянату свету выглядае не заўсёды прывабнай, але выбар сувеніркі з надпісамі «Minsk», «Belarus» значна пашырыўся.

9. Тэрміналы самаабслугоўвання

З’ехаць з Мінска стала прасцей. На чыгуначным вакзале запрацавалі першыя аўтаматы самаабслугоўвання. У свеце такім даўно нікога не здзівіш, а вось для Беларусі гэта навінка.

10. Забарона на курэнне

На час ЧС забаронена курэнне ва ўсіх грамадскіх месцах. Падкрэсліваецца, што гэта з’ява часовая. Але можна спадзявацца, што некаторыя ўстановы працягнуць гэтую справу і пасля мая.

Зміцер Панкавец, NN.BY

Падзяліцца