чцв, 22.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Я казаў, што збяру рэферэндум, як у Крыме!"

06.05.2014 – 10:15 | 1052 | 12

Жыхары смаленскіх вёсак гатовы далучыцца да Беларусі.

Памежныя з Мсціславам вёскі Расіі хочуць у Беларусь.

Расія. Смаленская вобласць. Манастыршчынскі раён. За плячыма – беларускі Мсціслаў.

Куды ні кінь вокам – неўзараныя палі, вялізныя плошчы выпаленай травы ды добра прарослыя ў даўно няўробленай зямлі бярозы. Рэдкія паселішчы бязлюдныя.

Напэўна, нездарма, як паведамлялася раней, губэрнатар Смаленскай вобласьці Аляксей Астроўскі прапанаваў частку земляў, якія мяжуюць з Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнамі даваць у карыстанне беларускім аграрнікам. Пакуль невядома, ці адгукнуцца на гэта запрашэнне беларускія фермеры, а вось вяскоўцы Смаленшчыны вітаюць ініцыятыву губернатара.

У вёсцы Вайніно людзей адшукалі на будоўлі паляўнічага маёнтку. Яго ўзводзіць бізнесовец з Санкт-Пецярбургу. Сам ён з тутэйшых. У родныя мясціны наведваецца зрэдку – каб прасачыць, як вядзецца будоўля.

«Няма каму сеяць, – тлумачыць адзін зь вяскоўцаў. – Во наш саўгас днямі прадаў апошнюю машыну. Цяпер няма ні працоўных, ні тэхнікі. Нічога няма», – са скрухай адзначае мужчына.

Некалі, згадваюць суразмоўцы, занядбаныя цяпер землі ўрабляў саўгас «Любавіцкі». Пасля няўдалых спробаў змяніць форму ўласнасці гаспадарка збанкрутавала.

Смаленскія вёскі побач з Мсціслаўскім раёнам хочуць у Беларусь.

Вяскоўцы развітваліся, наказваючы, каб беларускія фермеры ўсур’ёз успрынялі заяву кіраўніка расійскага рэгіёну і смялей бралі зямлю на Смаленшчыне.

Зноў дарога. Той жа выпалены ды зарослы бярозамі пейзаж наўкола. Даязджаем да вёскі Любавічы. Дваццаць пяць кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Вялікае паселішча сустракае невялікімі апрацаванымі зямельнымі шнурамі ля хатаў. Ля некаторых – старая сельгастэхніка. Тутэйшыя вяскоўцы таксама чыталі заяву губернатара Астроўскага.

«Калі нашы, расійцы, яе не могуць апрацаваць – няхай хоць хто яе апрацоўвае», – роспачна рэагуе на згадку пра заяву губернатара жыхарка вёскі Любавічы. На яе думку, без дапамогі звонку тутэйшым не ўратавацца: «На гэта ж балюча глядзець: едзеш і бачыш, як усё зарастае. Проста жах. Няхай працуюць людзі, каб не зарасталі мы», – са спадзевам кажа вяскоўка. «Інакш мы згінем», – дадае яна.

Далучыцца да Мсціслаўскага раёна не супраць суседзі са Смаленшчыны.

– Я як у Мсціслаў выпраўляюся і да мяжы даяжджаю – адразу відаць, што ў іншую дзяржаву прыяжджаю. А ў нас усё бур’ян, хмызы ды сметнікі ля дарогі, – працягвае суразмоўца.

Віктар Худашэўскі не хавае, што Манастыршчына была раней часткай Мсціслаўскага павета.

Кіраўнік мясцовай сельскай адміністрацыі Віктар Худашчэўскі (на фота) заяўляе, што ўжо страшыў начальства рэферэндумам аб далучэнні да Беларусі вёсак збанкрутаванага саўгаса, калі чыноўнікі не выправяць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы:

«Я казаў, што збяру рэферэндум, як у Крыме, каб далучыцца да Лукашэнкі. Я казаў сур’ёзна сваім кіраўнікам у раёне.

Раней жа наша паселішча адносілі да Магілёўскай вобласці. Тут быў Мсціслаўскі павет. Наша тэрыторыя адносілася да Беларусі», – кажа Худашчэўскі.

На пытанне, ці хінецца мясцовае насельніцтва да Беларусі, Віктар Худашчэўскі без ваганняў цвердзіць, што так:

«Яны ўсе тут рукамі і нагамі за Беларусь.

Вы ж малайцы, зерне прадаяце нашым. Вы ж бачыце, што ў нас нічога не сеецца, не арэцца. Усё пазарастала. Гаспадарка распалася. Нічога не засталося. Тэхнікі ніякай. Усё распрадалі. Наша кіраўніцтва, як вынікае, нічога не разумее ў сельскай гаспадарцы», – кажа кіраўнік сельскай адміністрацыі.

«А калі беларусы спачатку возьмуць зямлю на Смаленшчыне, а потым наважацца дзялянкі далучыць да Беларусі?» – правакую пытаннем аднаго з жыхароў Любавічаў. Той, падумаўшы, адказвае: «Не наважацца!»

«Ды Расія можа ў любы момант задавіць Беларусь. Скажуць заўтра ўсё перакрыць – і ўсё», – пагрозліва кажа расійскі вясковец, завяршаючы фразу ёмкім мацюком.

...Дарога да Беларусі займае паўгадзіны. Невясёлы пейзаж расійскага наваколля ажывае, калі на даляглядзе з'яўляецца званіца беларускага Пустынкаўскага манастыра...

Паводле svaboda.org

Падзяліцца