нядз, 18.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Сёння 75-годдзе адзначае легенда беларускага телебачання Зінаіда Бандарэнка

25.04.2014 – 14:00 | 312 | 3

Яе любілі, ёю захапляліся, ёй прысвячалі вершы, яе голас чуў кожны — самая вядомая беларуская тэлезорка, дыктарка, народная артыстка Беларусі. Праз свае патрыятычныя погляды і абарону ўсяго беларускага Зінаіда Бандарэнка была вымушана пакінуць тэлебачанне.

Зінаідзе Бандарэнцы - 75!

«НН» пагутарыла са спн. Зінаідай пра яе цікавае, разнастайнае жыццё і тое, што здараецца з усенароднымі ўлюбёнцамі.

Падводжу вынікі

Настрой светлы, падводжу вынікі свайго жыцця. Але я ніколі не шкадавала, што не памяняла сваёй пазіцыі, не адмовілася ад сумлення. Магчыма, калі б дзесьці прамаўчала, то і дагэтуль працавала дыктаркай, але, як кажуць, «два разы ў адну рэчку не ўвойдзеш».

Абдымаў Лукашэнка

Аднойчы на «Дажынках» мяне абдымаў Лукашэнка. Гэты здымак абышоў усе апазіцыйныя СМІ. Тады ён сказаў, што хоча, каб усе дзяўчыны былі такія ж прыгожыя, як я. Было смешна.

Праца

Я не проста любіла сваю працу я жыла ёй. Яна ніколі мне не надакучвала, я кожны дзень ляцела на яе.

А цяпер мяне нібыта выкраслілі з гісторыі беларускага тэлебачання.

Перыяд ад 1963 года выпаў з гісторыі, яго сцерлі, бо там увесь гэты час была я.

Вялікія псіхолагі

Я адразу адчула славу. З самага пачатку я адчувала, што людзі мяне любяць. Так атрымалася, што я маю харызму ад прыроды. На мой погляд, той, хто не валодае тэлевізійнай харызмай, наўрад ці зможа працаваць на тэлебачанні.

Тэлевядоўцы — вялікія псіхолагі, якія могуць праграмаваць тысячы людзей. І мы карысталіся гэтым.

Не магу сказаць, што камуністычная ўлада гэтым не карысталася. Калі я стала кіраўніком дыктарскага аддзела, мне казалі, каго падбіраць. Звычайна гэта былі знешне тыповыя беларускі, гэта цяпер на тэлебачанні і мулаткі, і афраамерыканкі.

Беларуская Мадонна

Я памятаю той час, калі Павел Якубовіч, цяперашні галоўны рэдактар «Советской Белорусіі», ездзіў з намі на канцэрты і пісаў пра іх у «Знамя юності». Аднойчы, пасля чарговага выезду, муж паказаў газету, дзе Якубовіч назваў мяне «Беларускай Мадоннай». Зараз, калі сустракаемся выпадкова, усміхаемся адно аднаму і хутка ідзём далей.

Лукашэнка і беларуская мова

Гісторыя майго сыходу з тэлебачання пачалася з падзеі, калі Лукашэнка прыйшоў да нас на тэлебачанне аддзячыць журналістам за тое, што яны дапамаглі прайсці яму на другі тэрмін.

На беларускай мове выступіла я. Выступ быў нейтральны, але ён успрыняў беларускую мову даволі неадназначна. Быў абураны тым, што мы чапляемся да яго з «гэтай беларускай мовай».

Пасля сказаў, што я карыстаюся ёй для іміджу і за гэта мяне любіць народ. А далей пачаліся праблемы.

Курсы ад Познера

У свой час я вельмі часта лётала ў Маскву. Цэнтральнае тэлебачанне моцна клапацілася пра сваіх журналістаў. Мы стабільна разы два на год на некалькі месяцаў ездзілі на курсы падвышэння кваліфікацыі. Пасля гэтыя курсы ператварыліся ў Інстытут падвышэння кваліфікацыі, які арганізаваў Уладзімір Познер, зараз гэта ўжо Акадэмія Познера.

Па-беларуску ў Кіеве

Аднойчы я вяла Дні беларускай культуры ў Кіеве. Прыехала шмат калектываў з Беларусі. Калі я аб’явіла на беларускай мове наступны калектыў, да мяне нечакана падбег загадчык упраўлення міністэрства культуры і з лаянкай накінуўся: «Хто даў вам права размаўляць па-беларуску? Тут у зале людзі з Масквы».

Ён так прыніжаўся перад імі. І тут я нечакана заплакала. Але за мяне заступілася калега-ўкраінка. І ў выніку я працягнула весці праграму па-беларуску. Пасля прыйшла да высновы, што людзі ўсё разумеюць і слухаюць нашу мову з захапленнем.

Бураўкін

У нас на тэлебачанні працавала вельмі шмат сапраўдных беларусаў па духу. Асабліва з прыходам Бураўкіна тэлебачанне стала беларускім. Гэта было ягонае патрабаванне.

Працэс быў цяжкім, некаторыя кабеты ў знак пратэсту і атручваліся, і невядома што рабілі, але пасля прынялі яго.

Выжыванне

Мае былыя калегі расказваюць мне пра жудасныя адносіны між супрацоўнікамі нашага тэлебачання. Адзін аднаго проста выжываюць. Адзіны варыянт — зрабіць усё, каб застацца каля «цела». Перамагае той, хто да яго бліжэй.

«Белсат»

Я сачу за нашымі журналістамі, асабліва тымі, што працуюць на «Белсаце». Калі я бачу хібы, я адразу званю ў Варшаву і імкнуся дапамагчы парадай.

Асветнікі і прапагандысты

Тады журналісты і вядоўцы былі асветнікамі, гэта зараз яны сталі проста прапагандыстамі.

Разумныя твары

Калі вы кажаце нешта па тэлебачанні, заклікаеце людзей да чагосьці, то рабіце гэта хаця б з разумным тварам.

Артыстка

У школе я ўжо з 4 класа была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. То танчыла, то вершы чытала і дэкламавала творы, пазней быў драматычны гурток. У школе нават мянушка была — Артыстка.

Медык

Пасля 10 класа мне давялося вучыцца ў медычнай вучэльні. Тата мой быў доктарам па сухотах і хацеў, каб я трымала сваё здароўе пад кантролем.

Аднойчы так здарылася, што ў мяне выявілі пачатковую стадыю туберкулёзу. Але я хутка ачуняла.

Астравумаў

Пасля вучэльні па плане я павінна была спрабаваць паступіць у медуніверсітэт. Але падчас вучобы ў вучэльні я пазнаёмілася з чалавекам, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці, — маім першым педагогам Сяргеем Паўлавічам Астравумавым. Ён быў мастацкім кіраўніком тэатральнай студыі і мастацкім кіраўніком Гомельскай студыі тэлебачання.

Калі на Гомельскім тэлебачанні быў аб'яўлены конкурс дыктараў, Сяргей Паўлавіч параіў мне паспрабаваць свае сілы. І я прайшла, хаця конкурс быў вялікі.

З медыцынай давялося развітацца. Паступіла ў гомельскі педінстытут на аддзяленне беларускай філалогіі. Пасля атрымалася так, што мяне заўважылі ў Мінску і запрасілі на працу.

Бацькі

Мае бацькі вельмі моцна кахалі адно аднаго. Але так здарылася, што вайна іх разлучыла. У першыя дні вайны, калі немцы бамбілі Мінск, тата амаль увесь час быў у шпіталі. А я з мамай і старэйшым братам былі дома, у інтэрнаце Медінстытута на Ленінградскай. І вось 24 чэрвеня да нас прыбягае медсястра і кажа, што ў шпіталь трапіла нямецкая авіяцыйная бомба і ўсе загінулі.

Хаця на самай справе бомба не ўзарвалася, і тата застаўся жывы. Але ж мы не ведалі, трэба было эвакуявацца. Пешшу мы пайшлі да родных у Гомель.

Ішлі амаль месяц і толькі ноччу, днём хаваліся ў хмызняку. Спачатку зайшлі ў Бабруйск, матуля разлічвала, што адтуль мы трапім у Маскву, бо там шмат сваякоў жыло. Але на той момант у Маскву ўжо не пускалі. Масква людзей не прымала. Можна было проста звар’яцець. Таму мы рушылі на Гомель.

А бацька перад эвакуацыяй забег дамоў, але замест інтэрната была варонка, на гэты раз бомба, якая ляцела, узарвалася.

Тата вырашыў, што мы загінулі.

Пасля вайны, калі высветлілася, што мы ўсе засталіся жывыя, у таты ўжо была іншая сям’я. Мы сустракаліся, падтрымлівалі добрыя адносіны, нават сябравалі сем’ямі. Але матуля так і не змагла яму прабачыць.

Муж

З мужам сустрэлася ў Гомелі, калі яшчэ грала ў Палацы чыгуначнікаў. Пабачыў ён мяне і захапіўся. Але ў той вечар не падышоў. Увесь час сачыў за маімі поспехамі.

І вось аднойчы ў адной з крамаў ён дапамог маленькай дзяўчынцы набраць нумар на таксафоне, яна ніяк не магла дацягнуцца. Аказалася, што дзяўчынка званіла свайму тату на тэлебачанне. Нумар мой муж запомніў і пасля набраў сам. У выніку даведаўся, дзе я жыву. Дзіўная гісторыя, пэўна, лёс існуе.

Дабіваўся тыдзень

Муж дабіваўся мяне адзін тыдзень. Пасля я здалася, бо ён пісаў мне проста неверагодна кранальныя лісты. Пісаў кожны дзень, пакуль я была з матуляй у Тбілісі. Пасля я прыехала, і мы праз некалькі дзён распісаліся. Каханы мой адмятаў усіх прыхільнікаў. Адмятаў не толькі сяброў, але і сябровак. Такі вось раўнівы.

Прозвішча

Зараз я вельмі шкадую, што не ўзяла прозвішча мужа. Вось дзе дурніца! Вельмі хвалявалася я за дзяцей. Аднойчы старэйшы сын трапіў у піянерскі летнік, і ніхто яму не верыў, што я яго матуля, толькі смяяліся. Тады ён папрасіў мяне некалькі разоў прайсціся з ім па летніку, каб усе пабачылі нас разам.

Свякроў

Кожны раз, калі я бываю ў царкве, я стаўлю свечку за сваю свякроў, яна выхавала маіх дзетак. Калі я з’язджала ў камандзіроўкі, я была спакойная за сваю сям’ю.

Побыт

Аднойчы да нас у госці завіталі немцы, і яны былі проста ў шоку ад таго, у якіх умовах жыве народная артыстка.

Я лічу, што і мэбля ў мяне нармальная і ўсё іншае таксама някепскае. Па іх словах, калі б я жыла ў іх, то мела б чатыры прыслугі, бо іх тэлезоркі жывуць вельмі багата. А я вось ім зранку то кашы, то яечню раблю, цяжка ім было ўявіць, што я народная артыстка.

Ад старасці не збегчы

Ад старасці нікуды не збегчы. Трэба проста захоўваць прыгажосць сваёй душы, тады і вочы будуць гарэць. А мы ўвесь час чагосьці баімся, усім незадаволеныя.

Я ўвесь час адчувала сябе самай маладой.

Зараз узрост прымушае задумацца, што не такая ўжо маладая, але хочацца пражыць яшчэ хоць пару гадочкаў.

Малюся за Украіну і Беларусь

Я малюся за Беларусь і Украіну штодня. Беражы нас Бог ад страшнай трагедыі страты нашых людзей. Колькі часу ў нас будзе спакойна — не вядома. Пакуль увесь удар бярэ на сябе Украіна. Але сэрца маё разрываецца.

Запісала Вольга Гарапучык, NN.BY

Падзяліцца