пан, 19.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Навошта гэта ўсё табе, Андрэй Юркоў?

21.03.2014 – 18:12 | 1221 | 27

У Дрыбіне ў сёлетніх мясцовых выбарах удзельнічае бадай што самы вядомы кандыдат у рэгіёне – Андрэй Юркоў.

40-гадовы эканаміст-мэнэджар, супрацоўнік вучгаса БДСГА не першы раз вылучаны грамадзянамі праз збор подпісаў. Навошта гэта ўсё неўтаймоўнаму Юркову?

Навошта гэта ўсё неўтаймоўнаму Юркову?

– Міжнародныя назіральнікі не прызналі яшчэ ніводныя беларускія выбары. Кажуць, што яны праходзяць несправядліва, а падлік галасоў выклікае шмат пытанняў. Навошта тады ты ў гэтым удзельнічаеш?

– У мяне ёсць пэўны погляд на тое, як павінен працаваць дэпутат, як можна праз дэпутацкія паўнамоцтвы дапамагаць людзям вырашаць мясцовыя праблемы.

Як гэта рэалізаваць? Толькі праз выбары, іншага я тут не бачу. Сама кампанія дае магчымасць выступіць па радыё, патрапіць альтэрнатыўнаму меркаванню на старонкі газет, правесці сустрэчы, пазнаёміць шырокае кола людзей з маім бачаннем развіцця рэгіёна.

Упэўнены, што балатавацца трэба, пакуль не адбудуцца сапраўдныя дэмакратычныя выбары па міжнародных стандартах.

У такіх выбарах у камісіях усіх узроўняў павінны быць прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў, удзел выбаршчыкаў павінен адбывацца без прымусу (асабліва што тычыцца датэрміновага галасавання), а падлік галасоў павінен адбывацца адкрыта, каб і члены камісіі, і назіральнікі бачылі, што дакладна выбаршчык пазначыў у бюлетэні, колькі галасоў аддадзена за кожнага з кандыдатаў.

Калі такія выбары адбудуцца – ні ў каго не будзе ніякіх пытанняў, і ўсе ўдзельнікі выбарчага працэсу ўбачаць рэальныя вынікі і рэальныя жаданні ды чаканні людзей.

– На апошніх парламенцкіх выбарах у 2012 годзе паводле афіцыйных звестак за цябе ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёне прагаласаваў кожны пяты. Людзі на вуліцах пазнаюць свайго кандыдата?

– Пазнаюць і галоўнае – не лаяць. Успрымаюць добра, і добра разумеюць стан рэчаў у нашай краіне. Разумеюць, што той мур, якім адгарадзіліся некаторыя чыноўнікі ад народа, зламіць вельмі цяжка, а часам – рызыкоўна. Але справа гэта патрэбная для будучыні, хаця б не для гэтага, дык для наступнага пакалення. За гэта, мяркую, і паважаюць.

– Ці можаш ты сказаць, хто галасуе за Юркова? Апішы гэтага чалавека.

– Мой выбаршчык – той, хто не скарыўся лёсу. Хто мае надзею і не баіцца пераменаў. Гэты чалавек верыць, што многае залежыць ад яго і спадзяецца ва многім на свае сілы.

– Уявім, што 23 сакавіка ты станеш дэпутатам Дрыбінскага райсавета. Якія твае далейшыя крокі?

– Абавязкова падзячу людзям. Ну, а потым – праца. Столькі разоў запрагаў, што пара і ехаць.

Буду бараніць інтарэсы грамадзян праз падачу дэпутацкіх запытаў і зваротаў, калі спатрэбіцца – у якасці прадстаўніка ў судах і ў афіцыйных арганізацыях. Буду накіроўваць у органы мясцовай улады ініцыятывы людзей па вырашэнні мясцовых праблем.

Абавязкова буду прымаць парады і наказы ад жыхароў, выкарыстоўваць гэта падчас сесіяў райсавета. Пасля правядзення сесіяў буду аператыўна інфармаваць людзей пра прынятыя рашэнні.

Але самае галоўнае, раз на паўгода – справаздача аб дзейнасці на пасадзе дэпутата. Гэта важна, каб людзі бачылі, чым займаецца дэпутат, і каб сам дэпутат не спаў у шапку.

– Бачу, ты гатовы ўскласці на сябе дадатковыя абавязкі, а ты ж яшчэ працуеш у сельскай гаспадарцы, актыўна ўдзельнічаеш у грамадскім жыцці, займаешся спортам... Косці яшчэ не скрыпяць ад напругі, узрост жа не маладзецкі?

– Узрост... Тут як каму Гасподзь адмераў. Дакуль будзе Бог даваць моцы і імпэту – датуль і буду жыць актыўна.

– А можна яшчэ адно асабістае пытанне? Ужо некалькі гадоў ты адзін выхоўваеш дзвюх дачок. Што ў гэтай справе самае цяжкае?

– Стрымлівацца і ў той жа час не забываць, што трэба не даваць спуску. З хлопцамі, магчыма, было б прасцей: як што не так – упаў, адціснуўся. А дзяўчат і павыхоўваць трэба, і шкада адначасова. Не проста знаходзіць той баланс, каб і слухаліся, і не пакрыўдзіліся. Але, здаецца, гэтай справе патроху даём рады.

З дочкамі - Янінай і Дар'яй.

Гутарыў Антон Валадзько