пан, 26.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.13
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Усё жыццё аддаў развiццю культуры Горацкага раёна

20.03.2014 – 12:48 | 543 | 5

Прайшло ўжо болей за 40 дзён, як памёр Рыгор Ягоравіч Макееў. Ён усё сваё жыццё прысвяцiў развiццю культуры ў Горках i Горацкiм раёне.

Нарадзіўся 26 красавіка 1940 года ў Горках.

Рыгор Ягоравіч МакееўПасля школы не вагаўся з выбарам прафесii, бо з дзяцiнства марыў стаць музыкай.

У 1961 годзе скончыў Магiлёўскае музычнае вучылішча i пачаў (да 1985 г.) працаваць у Горацкай музычнай школе настаўнікам па класу народных інструментаў. У 1968 годзе Рыгор Ягоравіч скончыў Мінскую дзяржаўную  кансерваторыю.

Сваю любоў да музыкi ён умеў перадаць вучням i быў вельмi задаволены, што яго паслядоўнікі станавiлiся прафесiйнымi артыстамi ды вядомымі музыкамі.

Гэта дырэктар Магiлёўскага музычнага каледжа Ігар Кузняцоў, артыст Гомельскай філармоніі Аляксандр Маляроў, артыст ансамбля “Бяседа” Ігар Міхалькоў i многiя iншыя.

Па сумяшчальніцтве Макееў разам з жонкай Валянцiнай Савельеўнай з'яўляўся мастацкім кіраўніком народнага акадэмічнага ансамбля песні і танца "Бригантина" (зараз – “Радасць”) БДСГА. У 1989 годзе ансамбль i яго кiраўнiкi сталi Лаўрэатамi ІІ Усесаюзнага фестываля народнай творчасці.

Усё жыццё Рыгор Ягоравіч шукаў i знаходзiў таленавітых людзей, якiя любiлi музычнае мастацтва. Пад яго кiраўнiцтвам працавалi ансамблi “Дабраначка” (в.Добрая”),  “Асалода” Горацкага завода напояў, “Гармонія” пры Раённым цэнтры культуры.

Асаблiва талент Рыгора Ягоравіча раскрыўся падчас працы загадчыкам Горацкага раённага аддзела культуры ў 1985-1997 гг. Вядома, што гэты перыяд быў "залатым" для мясцовай культуры. Менавiта тады былi створаны Дом рамёстваў і школа рамёстваў; адкрыты музычныя школы ў Саве, Рэкце, Копцеўцы, Гарах, Добрай, Каменцы; новыя, сучасныя памяшканнi атрымалi раённая бiблiятэка iмя Максіма Гарэцкага i раённая дзіцячая бiблiятэка.

Як былы дырэктар, хачу асаблiва адзначыць вялiкую ролю Рыгора Ягоравіча ў стварэннi Горацкага раённага гiсторыка-этнаграфiчнага музея i яго філіялаў у вёсках Аўсянка, Маслакi, Копцеўка i Леніна.

Менавiта пры Макееве на высокiм узроўнi ў Горках было праведзена рэспублiканскае свята, прыcвечанае 100-годдзю з дня нараджэння М.I.Гарэцкага, а потым быў зроблены музей-кабiнет пісьменніка.

У 1997–2005 гг. Рыгор Ягоравіч працаваў дырэктарам Горацкай дзіцячай школы мастацтваў, а з 2006 – настаўнікам.

Рыгор Ягоравіч Макееў быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём “За доблесную працу”, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За развіццё культуры”. Але самай вялiкай узнагародай ён лiчыў тое, што карыстаўся павагай i аўтарытэтам сярод работнiкаў культуры горада i раёна, з кім яму давялося працаваць.

Вельмi шкада, што заўчасна пайшоў з жыцця цудоўны чалавек, прынцыповы і добразычлівы кіраўнік, якi так многа зрабiў для развiцця культуры нашага края.

Мы, хто працаваў разам з Рыгорам Ягоравічам, будзем памятаць нашага калегу, ён назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.

Хочацца, каб грамадскаць раёна абмеркавала пытанне аб тым, як увекавечыць памяць земляка. Можа, узнавiць i назваць яго iмем раённы фестываль гарманiстаў “Грай, гармонiк”,  якi праводзiўся доўгi час па iнiцыятыве Рыгора Ягоравіча?

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца