чцв, 24.10.2019
USD2.04|EUR2.27|RUB3.20
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Літва рыхтуецца да магчымай аварыі на БелАЭС, закупляе таблеткі зь ёдам

27.06.2019 – 11:07 | 574

Спэцыяльная міжведамасная камісія абмяркоўвала 26 чэрвеня плян работ, якія трэба выканаць для таго, каб Літва была ў стане гатоўнасьці на выпадак аварыі на Беларускай АЭС, якая будуецца зь літоўскай мяжой.

Літва ў 2019 годзе закупіць 4 млн таблетак ёдзістага калію, які засьцерагае ад радыяцыі шчытападобную залозу, – на выпадак аварыі з радыяактыўным выкідам, сказаў намесьнік міністра аховы здароўя Літвы Альгірдас Шэшэльгіс. У першую чаргу іх раздадуць тым, хто жыве ў 30-кілямэтровай зоне ад АЭС. Аднак прэпараты ёдзістага калію варта выкарыстоўваць толькі ў выпадку асобнай рэкамэндацыі, заявіў прадстаўнік дэпартамэнту супрацьпажарнай бясьпекі і выратаваньня Літвы Эдгарас Гяда, піша ТАСС.

Людзі, калі даведаюцца пра аварыю на АЭС, найперш павінны заставацца ў памяшканьні і чакаць інфармацыі, заявілі літоўскія ратавальнікі. Ня трэба сьпяшацца эвакуавацца, бо на вуліцы небясьпека будзе большай, чым у памяшканьні, дзе ўзровень забруджваньня ніжэйшы. Жыхарам могуць паведаміць пра аварыю з дапамогай сырэны, СМС-паведамленьняў або па радыё і тэлевізіі, паведамляе Delfi.

Літва выступае катэгарычна супраць БелАЭС, якая будуецца ў Астраўцы за 50 км ад Вільні. Літоўскі парлямэнт абвясьціў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Таксама ў краіне заявілі, што не прапусьцяць у іншыя краіны праз свае сеткі электраэнэргію зь БелАЭС.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога – на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 – тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі – дзяржаўнай кампаніяй "Росатом" – за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што "АЭС– гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі".
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС – 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год – палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ – так, пра падзеньне корпуса рэактарарасказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

svaboda.org

Глядзіце па тэме:

► Сможете ли вы выжить после аварии на белорусской АЭС? Тест

Падзяліцца