нядз, 18.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Магілёў: салодкі дзень роднай мовы

22.02.2014 – 14:20 | 829

21 лютага ў Магілёве сябры Таварыства беларускай мовы і валанцёры арганізацыі зладзілі акцыю да Міжнароднага дня роднай мовы «Я люблю цукеркі».

За беларускія словы — цукерка.

Раздаючы салодкія прэзенты, актывісты падахвочвалі мінакоў згадаць беларускую мову. Кожны, хто напісаў улюбёнае беларускае слова ў спецыяльным сшытку, меў магчымасць выбраць сабе слодыч.

Андрэй Белагубаў пабываў на акцыі і пацікавіўся ў магілёўцаў, чаму беларусы не гавораць па-беларуску.

Тыя беларусы, з якімі ўдалося пагутарыць на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма», казалі, што беларуская мова застаецца для іх роднай, але ж размаўляць на ёй выпадае зрэдку, альбо наагул не даводзіцца. Чаму?

Малады спадар: «Наша пакаленне вырасла ў тых умовах, калі культывавалі рускую мову, а беларуская, на жаль, была набліжаная да замежнай».

Юначка: «Цяпер дужа мала моладзі выкарыстоўвае беларускую мову, як бы гэта ні было сумна. Я вось вучылася дзевяць год у беларускамоўнай школе. Калі прыехала ў Магілёў, мне было складана. Рускія падручнікі, настаўнікі размаўляюць па-руску — дужа цяжка было».

Спадар: «Так, відаць, ужо склалася, што ў нас усе ўзаеміны адбываюцца на рускай мове. Мы і думаем па-руску ўжо».

Карэспандэнт: «Беларуская мова будзе жыць ці застанецца толькі ў фальклёры?»

Спадар: «Безумоўна, будзе жыць. Такая культурная спадчына не можа знікнуць. Але, на жаль, вось у побыце будзе пераважаць руская мова яшчэ доўга».

Торбы з цукеркамі для тых, хто згадае беларускае слова.

Юнак: «Некаторыя не разумеюць беларускай мовы, але калі ёй будуць вучыць у школе, то яна выжыве. Цяпер менталітэт у людзей змяніўся. Некаторыя саромеюцца гаварыць па-беларуску».

На пытанне пра беларускую мову адказаў і міліцыянт у званні капітана. Ён заявіў, што добра ведае беларускую мову і час ад часу на ёй гаворыць. А што трэба, каб «час ад часу» змянілася на «стала», пытаю:

«Калі афіцыйна мы пяройдзем толькі на беларускую мову, то тады яна больш будзе ва ўжытку».

Карэспандэнт: «Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці гаварылі па-беларуску і што для гэтага трэба?» — звяртаюся да спадарыні з двума дзецьмі:

«Так, хацелася б. Трэба, каб з самага маленства і бацькі, і ўсе навокал каб гаварылі па-беларуску. І ў школе каб з першага класа ўсе ўрокі былі па-беларуску».

Звяртаюся да дачкі спадарыні: «А якія словы беларускія ведаеш?»

«Калі ласка, дзякуй, добры дзень», — адказвае дзяўчынка.

Маладая жанчына напісала ў сшытку ТБМ слова «Дзякуй». Прызнаецца, што ўжывала яго апошні раз, калі вучылася ў школе.

Карэспандэнт: «Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці гаварылі па-беларуску?»

«Хацела б, але гэта праблематычна ў наш час. У школе ўсе гавораць па-руску. Дома таксама. На працы таксама. Паўсюль. Таму і праблематычна».

Тым часам акцыя Таварыства беларускай мовы ў разгары. На яе збеглася дзятва. Гутару з дзецьмі. Якое слова вы напісалі ў сшытку, пытаюся ў адной з дзяўчатак.

«„Капялюш“. Гэта слоўнікавае слова, якое першае прыгадалася».

Карэспандэнт: «А як часта вам даводзіцца гаварыць па-беларуску?»

Дзяўчаткі: «Часта на ўроку беларускай мовы і літаратурнага чытання. А яшчэ мы не ўсе словы разумеем. Вось на кантрольнай рабоце ці алімпіядзе некаторыя словы — мы іх забываем, як яны перакладаюцца. Не дужа добра размаўляем».

Карэспандэнт: «А якое слова з цяжкіх для вас?»

Дзяўчынка: «Відэлец!»

У аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Дымкова пытаю, чаму менавіта цукеркамі вырашылі актывісты завабіць рускамоўных магілёўцаў у беларушчыну?

«У гэтым слове ёсць і салодкасць, і любоў, і ўсмешка, і нават пацалунак. Мы вырашылі спалучыць наш камерцыйны праект Cukerki.by з Днём роднай мовы. Ёсць нейкая частка людзей, якія адмаўляюцца пісаць. Большасць жа — упадаюць у лёгкі ступар і пачынаюць успамінаць, што ж беларускага яны ведаюць. Найперш людзі задумваюцца над прыгажосцю і любоўю да радзімы. Такія словы, як „спадчына“, „каханне“. Гэтыя словы самі па сабе дужа прыгожыя і прыгадваюцца найперш», — кажа Сяргей Дымкоў.

Адна сталага веку жанчына доўга думала, якое беларускае слова напісаць у сшытку. Перабраўшы некалькі ўголас, нарэшце выбрала:

«Напішу, ведаеце, „дабрабыт“. Гэта калі ўсім добра жыць. А яшчэ хачу вам сказаць і напісаць: „Абы не было вайны“. Не магу без болю глядзець на Украіну».

svaboda.org