чцв, 18.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Палітвязень Жамчужны ў Горацкай калёніі адбыў паўтара года ў ізалятары

18.06.2019 – 09:17 | 887

Міхаіл Жамчужны, які два апошнія гады адбывае пакараньне ў Горацкай калёніі, адмаўляецца ісьці ў атрад, за што яго нязьменна караюць пераводам у ізалятар ці памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Жамчужны, паводле ягонага адваката, падаў ужо больш за 50 скаргаў на пакараньні ў Горацкай папраўчай калёніі №9. Усе яны не былі задаволеныя.

17 чэрвеня Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня чарговую скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнаньне з Горацкай калёніі. Нагодай для яе стаў чарговы перавод Жамчужнага ў памяшканьне камэрнага тыпу на 2 месяцы.

Так Жамчужнага пакаралі за адмову падпарадкоўвацца загаду пра пераход у атрад для пражываньня зь іншымі асуджанымі (атрад у калёніі – гэта група зьняволеных, якая пражывае ў адным памяшканьні пад кіраўніцтвам аднаго турэмнага начальніка).

Агулам Міхаіл Жамчужны за два гады адбыцьця пакараньня ў Горках больш за 50 разоў абскарджваў у судах спагнаньні адміністрацыі, кажа ягоны адвакат Вадзім Мушынскі.

Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, Міхаіл Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары і памяшканьні крытага тыпу паўтара года з двух, якія ён знаходзіцца ў Горацкай калёніі.

Чаму вязень Жамчужны ня хоча ў атрад?

Жамчужны аргумэнтуе непадпарадкаваньне адміністрацыі жаданьнем папярэдзіць пагрозу асабістай бясьпекі, а таксама замаху на чалавечыя гонар і годнасьць. Ён настойвае, што пагроза зыходзіць ад іншых асуджаных і патрабуе, каб у калёніі яму знайшлі бясьпечнае месца для адбыцьця пакараньня. Ягоныя звароты застаюцца без задавальненьня.

Міхаіла Жамчужнага караюць штрафным ізалятарам ці адпраўляюць у памяшканьні камэрнага тыпу ад 2017 году. Тады ў яго адбыўся канфлікт зь іншымі асуджанымі, які прывёў да таго, што яму пачалі пагражаць фізычнай расправай. Каб папярэдзіць канфлікт, адміністрацыя пэрыядычна пераводзіла Жамчужнага з аднаго атраду ў другі, аднак гэта не дапамагло.

Факт канфлікту прызнаў Горацкі суд, які палічыў, аднак, што асуджаны "пераацэньвае" значэньне сваіх довадаў наконт канфлікту.

Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, Жамчужны бачыць выйсьце з сытуацыі ў сваёй ізаляцыі. Адміністрацыя калёніі рэгулярна ізалюе яго, накладаючы спагнаньні. Такая форма "ратаваньня" асуджанага мае нэгатыўныя наступствы.

Жамчужны ў калёніі стаіць на ўліку як злосны парушальнік рэжыму. Гэты статус не дае яму разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці амністыю. Як злосны парушальнік ён пазбаўлены спатканьняў з роднымі. За пяць гадоў няволі Жамчужны бачыўся толькі з адвакатам.

Вадзім Мушынскі адзначае: калі адміністрацыя калёніі задаволіць звароты Жамчужнага і зьмесьціць яго ў бясьпечнае месца, то гэтым самым прызнае факт рэальнай пагрозы яму. Паводле яго, сам Жамчужны ня пойдзе ў атрад і лічыць, што сытуацыя, у якой ён апынуўся, створана штучна, каб ускладніць яму жыцьцё.

На ўмовы адбыцьця пакараньня ў штрафным ізалятары Жамчужны ня скардзіцца, кажа адвакат. На сустрэчы зь ім вязьня водзяць так, каб ён не перасякаўся зь іншымі асуджанымі.

Хто такі Жамчужны

  • Міхаілу Жамчужнаму 62 гады. Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.
  • У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна;
  • У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі "Плятформа інавэйшн";
  • У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару;
  • Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі.
  • Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
  • Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі №19;
  • Праваабаронцамі прызнаны палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
  • На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.

Бандарэнка рыхтуе скаргу ў ААН

Дырэктар праваабарончай арганізацыі "Плятформа" Андрэй Бандарэнка сказаў Свабодзе, што рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН ад імя Жамчужнага. У ёй зьверне ўвагу на:

  • жорсткае абыходжаньне, якое зьневажае чалавечую годнасьць;
  • адсутнасьць справядлівага судовага разбору, у тым ліку немагчымасьць прысутнасьці асуджанага на судах, каб адстойваць сваю пазыцыю;
  • пагрозу жыцьцю і здароўю асуджанага.Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны – ахвяра правакацыі.

Андрэй Бандарэнка лічыць, што Міхаіл Жамчужны – ахвяра правакацыі беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, якая адпрацоўвалася ў Горацкай калёніі на палітвязьнях Зьмітру Дашкевічу і Аляксею Мілюкову. "Гэта так званыя гульбішчы з крымінальнымі традыцыямі", – кажа праваабаронца.

"Чуткі праз давераных асоб адміністрацыі папраўчай калёніі пра нізкі статус асуджанага распаўсюджваецца сярод іншых асуджаных, і ў сілу таго, што ў месцах пазбаўленьня волі сталыя крымінальныя традыцыі, то асуджаныя вымушаныя іх выконваць. Палітвязень трапляе ў так званую нізкую касту, і ў яго ўзьнікае шэраг абмежаваньняў, якія не дазваляюць яму жыць у няволі", – адзначае былы палітвязень Андрэй Бандарэнка.

svaboda.org

Падзяліцца