чцв, 18.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як скончыла школу Ялінка Салаўёва, якая адна ў Магілёве вучылася па-беларуску

13.06.2019 – 18:49 | 1275

З магілёўскай школай № 1 разьвіталася першая за 20 гадоў беларускамоўная вучаніца Ялінка Салаўёва. Яна ў клясе была адна.

Ялінка скончыла дзевяць клясаў і атрымала пасьведчаньне аб агульнай базавай адукацыі. Зь яе ў 2010 годзе ў 380-тысячным горадзе паспрабавалі аднавіць навучаньне ў мясцовых школах на беларускай мове. У выніку зь дзевяці толькі адзін год у яе былі аднаклясьнікі.

Вучылася Ялінка ў першай магілёўскай школе, якая месьціцца ў цэнтры гораду на вуліцы Першамайскай. Працягваць навучаньне яна хоча ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Свабода пісала пра Ялінку Салаўёву ўсе 9 гадоў яе вучобы, а цяпер папрасіла бацькоў і саму выпускніцу падвесьці вынікі.

Чаму іншыя дзеці не далучыліся да Ялінкі

Бацькі Ялінкі кажуць, што за час вучобы дачкі ім было псыхалягічна цяжка супрацьстаяць чыноўнікам, якія, даўшы спачатку дазвол на адкрыцьцё беларускай клясы, праз 5 гадоў спрабавалі яе ліквідаваць. Абыякавасьць чыноўнікаў да беларускай мовы і навучаньня на ёй абурае іх.

"Каб адміністрацыя школы ці гарвыканкам прыкладалі намаганьні для пошуку вучняў у Ялінчыну клясу, а не ўскладала адказнасьць на грамадзкасьць ды бацькоў, то ў яе б былі аднаклясьнікі. Ды й наагул былі б паўнавартасныя беларускія клясы ў Магілёве", – лічыць бацька школьніцы Зьміцер Салаўёў.

Салаўёвы штогод спрабавалі знайсьці аднаклясьнікаў дачцэ. За дзевяць гадоў яе вучобы яны пагутарылі з многімі бацькамі. Сярод іх было нямала тых, хто прыхільна ставіўся да беларускай мовы, але сваіх дзяцей так і не адважыліся аддаць у беларускія клясы.

"Ува ўсіх бацькоў была адна адгаворка: па сканчэньні беларускай клясы іхным дзецям ня будзе дзе працягнуць вучобу, паколькі няма беларускамоўных ВНУ. У тых, што ёсьць, ім пасьля беларускай мовы будзе некамфортна вучыцца", – пераказвае словы бацькоў Зьміцер Салаўёў.

Як гэта, калі кожны дзень выклікаюць да дошкі

Бацька кажа, што ягонай дачцэ вучыцца адной у клясе было няпроста. У яе не было магчымасьці за кімсьці схавацца ці адседзець урок на выселках. Яна пастаянна была на вачах у настаўніцы.

У Ялінчаным пасьведчаньні аб атрыманьні агульнай базавай адукацыі толькі адна "7" сярод "9" і "10". Маці вучаніцы Надзея Салаўёва адзначае: такая пасьпяховасьць – вынік індывідуальнага навучаньня дачкі ў школе.

Яна лічыць, што бацькам, якія хочуць сваім дзецям найлепшага, варта задумацца пра іх вучобу на беларускай мове.

"Беларускія клясы яшчэ нейкі час застануцца малакамплектнымі, і гэта добра, – кажа Надзея Салаўева. – Настаўнік будзе ўдзяляць больш увагі кожнаму вучню".

Па яе словах такое навучаньне больш плённае, бо спрыяе пасьпяховасьці вучня. Заявы, што вучні беларускамоўных клясаў адарваныя ад сацыяльнага асяродзьдзя, выдумка, кажа яна.

"Ялінка мае сябровак з расейскамоўных клясаў, і непаразуменьняў, што яна вучыцца па-беларуску, не ўзьнікала. Наадварот, гэта выклікае інтарэс у аднагодкаў", – тлумачыць Надзея Салаўёва.

Ялінка Салаўёва: "Я б зноў выбрала навучаньне на беларускай мове"

Сама Ялінка ня бачыць асаблівых праблемаў з навучаньнем у малакамплектнай клясе. Быў пэрыяд, кажа яна, калі аднагодкі дзівіліся, што яна вучыцца адна. Для іх была нязвыклая і мова навучаньня. З часам яны перасталі яе даймаць такімі пытаньнямі.

"Я не выбірала, у якой клясе вучыцца, так бацькі захацелі. Калі б цяпер у мяне запыталі, дзе хачу вучыцца, то выбрала тое, што выбралі некалі для мяне мае мама і тата", – кажа Ялінка.

На яе думку, бацькі не аддаюць сваіх дзяцей у беларускія клясы, бо прывыклі гаварыць у штодзённым жыцьці па-расейску і ім цяжка адважыцца перайсьці на беларускую мову.

Чыноўнікі не дапамагалі

Адкрыцьця ў 2010 годзе беларускай клясы пасьля некалькіх месяцаў перамоў з чыноўнікамі дамагаліся магілёўскія прыхільнікі беларушчыны. Рашэньне пра адкрыцьцё клясы было прынята 30 жніўня.

Незадоўга да навучальнага году жаданьне вучыцца ў беларускай клясе, акрамя Салаўёвых, выказвалі яшчэ двое бацькоў. Але заяваў у беларускую клясу яны так і не напісалі. Пяцігадовая Ялінка засталася адна.

"Мы столькі часу ваявалі з чыноўнікамі, што адмовіцца ад беларускай клясы – значыла змарнаваць час, высілкі і саму ідэю навучаньня па-беларуску", – тлумачыць тагачасную пазыцыю Зьміцер Салаўёў.

У пятай клясе чыноўнікі з гарвыканкаму спрабавалі Ялінчыну клясу аб’яднаць з расейскамоўнай клясай. Свае намеры аргумэнтавалі неабходнасьцю ашчаджаць расходы бюджэту.

"Яны казалі, што ў новай клясе з дачкой настаўнікі будуць гаварыць па-беларуску, але прадметы будуць выкладаць па-расейску. Мы не пагадзіліся. Прапаноўвалі кампрамісы. Урэшце нас пакінулі ў спакоі", – адзначае Надзея Салаўёва.

Ялінка хоча вучыцца зь беларускамоўнымі аднагодкамі

Наступныя два гады Ялінка вучылася без асаблівых праблемаў. Бацькі кажуць, у дзявятай клясе яны заўважылі, што ў дачкі зьнік інтарэс да некаторых прадметаў, хаця пасьпяховасьць засталася такой жа. Яны зрабілі выснову, што настаўнікі выкладалі гэтыя прадметы нецікава.

"Дачка пачала разумець, што школьнае навучаньне не адпавядае яе поглядам і каштоўнасьцям. Яна марыць вучыцца зь беларускамоўнымі аднагодкамі, а школа гэтага даць ня можа", – адзначае Надзея Салаўёва.

Даччыну пазыцыю маці тлумачыць тым, што сучасная школа не разьвіваецца і ўчэпіста трымаецца за стандарты навучаньня мінулага стагодзьдзя.

Ці ёсьць яшчэ беларускамоўныя вучні ў Магілёве

У дзьвюх мясцовых школах Магілёва па-беларуску цяпер вучыцца 19 дзяцей. Беларускія клясы набраныя ў дзьвюх школах: 1-й і 34-й. Яны малакамплектныя, найбольшая колькасьць вучняў – 8 чалавек.

У адным з садкоў летась набралі беларускую групу з 2- і 3-гадовымі дзецьмі. Яе наведвае 16 малых. Гарвыканкам разглядае пытаньне пра набор яшчэ дзьвюх групаў у садках іншых раёнаў.

Што да беларускіх клясаў, то чыноўнікі кажуць, што гатовыя даць дазвол на іх адкрыцьцё, калі будзе "хаця б 10 заяваў".

Як было да Лукашэнкі

У 1993-1994 годзе па-беларуску ў Магілёве вучыліся каля 1000 вучняў. Тады на базе 9-й гарадзкой школы была створаная беларуская гімназія.

Паводле плянаў гарвыканкаму, у 1993 годзе больш за 60 % першаклясьнікаў меліся вучыцца на беларускай мове. Па Беларусі гэты працэнт сягаў 76. Акрамя таго, у 1993 годзе ў мясцовых дзіцячых садках рыхтаваліся набраць больш за 300 беларускіх груп.

Пасьля "моўнага" рэфэрэндуму, які адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня 1995 году і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, беларускія клясы пачалі закрываць. Апошнія беларускія клясы ў Магілёве зьніклі ў 2001 годзе.

АБ, svaboda.org