чцв, 18.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

10 фактаў пра трагедыю на Нямізе, у якой загінулі 53 чалавекі

30.05.2019 – 17:19 | 3558

30 траўня 1999-га ў цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна.

53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых – маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў, толькі трое былі старэйшымі за 30. Загінулі 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікі міліцыі.

Яшчэ гадзіну працягваўся канцэрт. У гэтыя хвіліны выступаў гурт Манга-Манга.

Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу "халатнасьць". Падазраванымі былі начальнік грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін. Але ў 2002-м годзе старшыня суду Цэнтральнага раёну Пётр Кіркоўскі перакваліфікаваў абвінавачваньне на артыкул, які не прадугледжвае адказнасьці за гібель людзей і спыніў справу ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны. Сваякі загінулых атрымалі кампэнсацыю.

Супраць гарадзкіх уладаў, радыёстанцыі "Мір" і прадусарскага цэнтру "Клас-клуб ДК" (яны адказвалі за арганізацыю і бясьпеку на сьвяце піва) неаднаразова падаваліся судовыя пазовы. Усе яны былі адхіленыя.

Аляксандар Лукашэнка наведаў месца трагедыі ў той жа вечар. На яго думку, ня трэба было шукаць вінаватых – лекары і праваахоўныя органы дзейнічалі бездакорна, а галоўнай прычынай трэба называць хмель. 1-га і 2-га чэрвеня ў краіне абвясьцілі жалобу.

Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, але Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын займаў пасаду да лютага наступнага году.

У 2002-м годзе на месцы трагедыі быў усталяваны мэмарыял у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама маленькая капліца з мэталічнай плітой унутры, на якой высечаныя імёны загінулых. Уладзімер Жбанаў прысьвяціў гэтай трагедыі сваю скульптуру "Дзяўчынка з парасонам", усталяваную ў Міхайлаўскім сквэры.

У зборніку "Я нарадзіўся тут" ёсьць песьня "Крывавае сьвята". Яна пра Нямігу.

"Трагедыя на Нямізе" – кніга, выдадзеная праз год. Яе аўтары – Тацьцяна Равяка і Паліна Сьцепаненка. Некалькі інтэрвію зроблена журналісткай Тацьцянай Сьнітко.

Ёсьць шмат вэрсіяў трагедыі, ад калянавуковых да рэлігійных – у гэты ж дзень праваслаўныя адзначалі сьвята Троіцы. Насупраць уваходу ў мэтро знаходзіцца і праваслаўны храм. Сваякі загінулых вінавацяць улады і міліцыю, многія кажуць, што цісканіну справакавалі некалькі невядомых маладых людзей, якім удалося пазьбегнуць пакараньня. Улады настойваюць, што гэта зьбег акалічнасьцяў і вучыцца можна толькі на памылках – пасьля трагедыі былі распрацаваныя адпаведныя пляны, якія, на шчасьце, пакуль не былі апрабаваныя ў рэальных умовах.

Тэкст быў упершыню апублікаваны ў траўні 2016 года.

ІШ, www.svaboda.org

Падзяліцца