сер, 26.06.2019
USD2.04|EUR2.32|RUB3.24
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як выглядае стралковая зброя, якую пачалі вырабляць у Беларусі – фота

21.05.2019 – 21:12 | 633

За апошнія гады ў Беларусі распрацавалі каля 30 мадэляў уласнай стралковай зброі. Аўтаматы, вінтоўкі і пісталеты вырабляюць на прадпрыемстве "Белспэцзьнештэхніка" ў Станькаве пад Дзяржынскам. Большасьць зброі – гэта мадэрнізаваныя аўтаматы Калашнікава. Але ня толькі. Якую стралковую зброю выпускаюць у Беларусі і ці ідзе яна на ўзбраеньне беларускай арміі, Свабода даведалася на выставе MILEX.

"Два гады таму тут пара аўтаматаў вісела, а цяпер вось 30 сваіх распрацовак", – кажуць прадстаўнікі прадпрыемства каля выставачнага стэнду.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў учора, што ў Беларусі ствараецца вытворчасьць уласнай стралковай зброі. Сапраўды, на прадпрыемстве "Белспэцзьнештэхніка – новыя тэхналёгіі" (БСЗТ) выпускаюць каля 30 мадэляў баявой тэхнікі. Збольшага гэта мадэрнізацыя аўтамата Калашнікава і снайпэрскай вінтоўкі Драгунова. Пра гэта расказалі каля стэнду прадпрыемства на выставе.

"Гэта правераная зброя, але мы яе мадэрнізуем пад розныя патрэбы. Шмат падказваюць былыя вайскоўцы, якія самі працавалі з аўтаматамі і ведаюць, што трэба зьмяніць", – сказаў прадстаўнік БСЗТ каля стэнду кампаніі на выставе.

Спаміж 30 мадэляў зброі 11 прайшлі сэртыфікацыю – значыць, іх ужо можна прадаваць. Частка беларускай зброі – цывільныя аўтаматы і вінтоўкі, прызначаныя для спартовай стральбы ці паляваньня.

Ня толькі мадэрнізаваныя ўзоры

На выставе прадстаўленыя і ўласныя распрацоўкі, якія не зьяўляюцца мадэрнізаванымі савецкімі ці расейскімі ўзорамі. Два пісталеты схаванага нашэньня распрацаваў канструктар Ігар Васільеў. Іх сэртыфікацыя чакаецца ў верасьні, пасьля чаго пісталеты паступяць у продаж і на ўзбраеньне. Найбольш зацікаўленымі ў такім пісталеце, кажуць на прадпрыемстве, могуць быць апэратыўнікі, бо ён звышмалы па памерах і не заўважны пад вопраткай.

"Некаторыя лічаць яго генэральскім пісталетам, але гэта зусім іншая распрацоўка", – распавядае прадстаўнік БСЗТ каля стэнду.

Таксама тут прадстаўленыя дзьве вінтоўкі ўласнай вытворчасьці. Адна – цывільная, а другая – баявая.

А вось анансаваны гранатамёт – гэта пакуль макет. Ствараць яго толькі пачынаюць. Фактычна гэта адноўлены савецкі гранатамёт АГС-17. Ён быў распрацаваны напярэдадні развалу СССР як экспэрымэнтальны, але так і не паступіў у вытворчасьць. Беларускія збройнікі зьвярнуліся да той мадэлі і маюць цяпер уласны гранатамёт. Абяцаюць, што ён будзе гатовы праз два гады.

Вытворчасьць на месцы савецкай вайсковай базы

Як кажуць прадстаўнікі БСЗТ, усю стралковую зброю ў нас зьбіраюць на заводзе ў Станькаве пад Дзяржынскам. Ад былой вайсковай базы там засталося шмат пустых памяшканьняў.

Таксама ў Беларусі арганізаваная вытворчасьць патронаў у Воршы. Пазьней там яшчэ будуць вырабляць порах.

Завод скіраваны ў асноўным на экспарт, бо ў беларускай арміі дагэтуль засталося шмат савецкай зброі, і пераўзбраеньне будзе каштаваць дорага.

"Вось у гэтых аўтаматах зацікаўленыя арабы, а ў гэтых – афрыканцы", – кажуць пра розныя беларускія распрацоўкі прадстаўнікі прадпрыемства.

Па падліках Вайскова-прамысловага камітэту, летась Беларусь зарабіла на пастаўках вайсковай тэхнікі 1 мільярд 49 мільёнаў даляраў. Чатыры гады таму гадавы экспарт вайсковай прадукцыі складаў 827 мільёнаў даляраў.

Антон Трафімовіч, svaboda.org

Падзяліцца

Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook