пят, 23.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.11
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Суіцыд – асноўная вэрсія сьмерці міліцыянта ў Магілёве, – Сьледчы камітэт

20.05.2019 – 15:08 | 7242

У Сьледчым камітэце Беларусі заявілі, што асноўная вэрсія сьмерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскай вобласьці – суіцыд.

"Асноўная вэрсія сьмерці – суіцыд", – заявіў начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў на брыфінгу ў панядзелак у Мінску.

Сьледзтва "напэўна пацьвердзіла" інфармацыю пра факт спробы супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча зьвесьці рахункі з жыцьцём у красавіку.

У выніку вывучэньня ноўтбука Яўгена Патаповіча апэратыўнікі ўстанавілі, што 1 красавіка ён падрыхтаваў шэраг паведамленьняў сваім супрацоўнікам і сваякам.

"Паведамленьні маюць зьвесткі пра яго суіцыдальныя намеры. Шэраг гэтых паведамленьняў ён накіраваў сваім знаёмым", – адзначылі на брыфінгу.

Інфармацыя пра выкраданьне на "Волзе" не пацьвердзілася

Інфармацыя аб тым, што інспэктара ДАІ скралі на чорнай "Волзе" і забілі, афіцыйнага пацьверджаньня не знайшла, заявілі ў Сьледчым камітэце.

Паводле сьледчых, згаданы аўтамабіль "у пэрыяд з 18 да 21 гадзіны 16 траўня на відэазапісах з камэр вонкавага назіраньня па вуліцах Першамайскай і Крупскай не зафікасаваны".

16 траўня а 20-й гадзіне ўсім пастам і супрацоўнікам міліцыі разаслалі інфармацыю, што афіцэра зьвезьлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ ("Волга") чорнага колеру з танаванымі вокнамі і расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі.

Патаповіч сапраўды напісаў пра сваё "выкраданьне" ў Viber

Ужо пасьля завяршэньня брыфінгу афіцыйны Telegram-канал СК удакладніў, што лейтэнант Патаповіч сапраўды адправіў паведамленьне калегам у Viber аб уласным "выкраданьні" (у ім згадвалася чорная "волга" і асобы цыганскай нацыянальнасьці). Гэта пацьвярджаецца вывучэньнем яго тэлефона, канфіскаванага з месца здарэньня.

"Улічваючы ўстаноўленыя на сапраўдны момант абставіны, сьледзтва прыходзіць да высновы, што яно было адпраўлена з месца здарэньня самім маладым чалавекам перад зьдзяйсьненьнем суіцыду для таго, каб яго хутчэй выявілі".

Ці былі рукі міліцыянта ў кайданках?

Раней Сьледчы камітэт заяўляў, што цела лейтэнанта міліцыі было знойдзена з "прыкметамі гвалтоўнай сьмерці". Tut.by паведамляў са спасылкай на ўласныя крыініцы, што ягоныя рукі былі ў кайданках.

Аднак падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС сказалі, што "на целе супрацоўніка ня знойдзена цялесных пашкоджаньняў, акрамя агнестрэльнага раненьня". Яны назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні, што рукі супрацоўніка былі "далонямі вонкі".​

Пры гэтым на відэа, якое прадэманстравалі на брыфінгу, відаць, што рукі міліцыянта сапраўды ў кайданках.

У СК акцэнтавалі ўвагу на тым, што ніякіх раненьняў у вобласьці пахвіны не было, кроў на ніжняй бялізьне апынулася там з-за позы цела.

"Дрэнная якасьць і ракурс фота дазваляюць раскручваць гэтую "вэрсію", бо іх аўтары разумеюць, што здымак буйным плянам ня будзе апублікаваны па этычных меркаваньнях", – адзначаецца ў дадатковай заяве СК пасьля брыфінгу.

Адсутнасьць на міліцыянце штаноў у СК патлумачылі тым, што яны згарэлі "з дапамогай вадкасьці для распальваньня". Па вэрсіі сьледзтва, загіблы зрабіў гэта наўмысна.​

Купіў дровы і рыдлёўку

Паводле сьледчых, падчас агляду месца здарэньня знойдзены табэльны пісталет, два магазыны, 15 патронаў, тры пакеты дроў, вадкасьць для распальваньня, іншыя асабістыя рэчы. Каля 11 гадзін у адной з крамаў Магілёва Патаповіч купляў дровы, вадкасьць для распальваньня агню і рыдлёўку, пра што сьведчыць запіс з усталяванай у краме відэакамэры.

"Сьледзтва ўстанавіла ўсе дзеяньні Патаповіча ў дзень гібелі да 18 гадзін, калі ён на спадарожным аўтамабілі дабраўся да чыгуначнага пераезду ў раёне вуліцы Першамайскай і Вакзальнай. У гэты дзень супрацоўнік самастойна прыняў рашэньне выбыць ва ўказанае месца, праігнараваўшы ўказаньні апэратыўнага дзяжурнага выбыць для афармленьня дарожна-транспартнага здарэньня на завулку Арлоўскім", – сказаў прадстаўнік Сьледчага камітэту.

Як паведаміў намесьнік начальніка Крымінальнага вышуку МУС Беларусі Максім Сьвірыд, супрацоўнікі органаў унутраных спраў "праводзяць цяпер мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленьне аўтамабіля і асобы, якая з 18.23 гадзін магла давезьці Патаповіча фактычна да месца падзей, якія адбыліся".

Увечары 16 траўня зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ 22-гадовы Яўген Патаповіч. Міліцыю Магілёўскай вобласьці паднялі па трывозе, у рэгіёне ўвялі ў дзеяньне плян "Сырэна", на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блёкпасты. Пазьней стала вядома, што выкрадзенага міліцыянта знайшлі мёртвым у лесе за два кілямэтры ад Магілёва, у лесапаласе каля аўтадарогі Р123 (Прысна – Масток – Дрыбін – Горкі). Меркавалася, што супрацоўнік ДАІ адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 362 КК – забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку.

Яўгену Патаповічу было 22 гады. Нарадзіўся ён у 1996 годзе ў Магілёве. У 2018 годзе скончыў Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь. Працаваў інспэктарам дарожна-патрульнай службы 1-га ўзводу батальёну дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

svaboda.org