аўт, 16.07.2019
USD2.03|EUR2.29|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Ён натхніў Васіля Быкава стаць пісьменнікам. Да 100-годдзя з дня нараджэння Георгія Шчарбатава

14.05.2019 – 17:29 | 134

Вясной 1944 года ў атрад горацкіх партызан трапіла газета "Звязда", якая выдавалася падпольна на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Партызаны і асабліва адна з іх – Вера Міхайлаўна Шчарбатава – з радасцю чыталі ў газеце адзін з артыкулаў, аўтарам якога быў Георгій Шчарбатаў. Вось ужо некалькі гадоў Вера не чула пра свайго брата, і тут раптам гэта газета…

Марыў стаць настаўнікам, але пайшоў у журналісты

Аб жыццёвым шляху свайго брата яна (па мужу – Фомчанка) успамінала: "Георгій нарадзіўся 7 мая 1919 года ў вёсцы Рэкатка. Цяжкі быў той час. Іншы раз не хапала самага неабходнага – хлеба. Георгій рана навучыўся чытаць і чытаў вельмі многа. З дзяцінства ён марыў стаць настаўнікам. Вучыўся спачатку ў вёсцы, а потым у Горацкай беларускай школе.

У 1936 годзе паступіў у Магілёўскае педвучылішча. Вучылася ў Магілёўскім медыцынскім тэхнікуме і другая сястра – Кацярына. Вельмі цяжка было бацькам утрымліваць двух студэнтаў. Помніцца, як маці – Праскоўя Дзмітрыеўна ці бацька – Міхаіл Ціханавіч, назбіраўшы сялянскіх пачастункаў, пешшу ішлі ў Магілёў. Вярталіся назад знясіленыя, але былі вельмі задаволены тым, што бачылі дачку і сына, і вельмі ганарыліся, што сын піша ў газету, выступае на літаратурных вечарах.

У час навучання ў педвучылішчы, дзе, як адзначаецца ў біябібліяграфічным слоўніку "Беларускія пісьменнікі", "…захоўваліся літаратурна-творчыя традыцыі, закладзеныя былымі студэнтамі Аркадзем Куляшовым, Кастусём Губарэвічам і інш." (Беларускія пісьменнікі. Біябiбліяграфічны слоўнік. Т. 6. Мн. , 1995. С.410), Г.Шчарбатаў пачаў спрабаваць свае творчыя сілы. Гэта былі вершы, апавяданні з сялянскага і студэнцкага жыцця. Друкаваліся яны ў газетах "Камунар Магілёўшчыны", "Літаратура і мастацтва". У 1938 годзе ў дзясятым нумары часопіса "Полымя рэвалюцыі" было надрукавана апавяданне Шчарбатава "Жонка камандзіра".

Усе творы будучы пісьменнік падпісваў прозвішчам Я.Шчарбатаў. Таму аўтары вышэй названага слоўніка лічаць аўтарства гэтых твораў спрэчным. Аднак родныя пісьменніка сведчаць, што гэта былі менавіта яго творы. З гэтымі газетамі, часопісамі ён прыходзіў дамоў у вёску Рэкатка, чытаў іх родным.

Вера Міхайлаўна ўспамінала, што ў сярэдзіне 1938 года, перад выпускным вечарам у педвучылішчы, Георгій з’явіўся дамоў. З радасцю паведаміў бацькам, што паспяхова скончыў вучылішча, паказаў накіраванне ў Бярэзінскі раён.

Адно толькі было кепска. У будучага настаўніка парваліся чаравікі. Давялося надзець бацькавы боты, хаця яны былі і значна большага, чым трэба, памеру.

– Да першай палучкі, – сказаў  брат.

Потым ён працаваў у Паршынскай сямігодцы Горацкага раёна, спалучаючы працу з завочнай вучобай у Магілёўскім педагагічным інстытуце.

Але Георгія Шчарбатава вабіла журналісцкая дзейнасць, і таму ён у 1939 годзе пераходзіць на працу ў газету "Камунар Магілёўшчыны", а з 1940 года працуе ўжо ў рэдакцыі рэспубліканскай газеты "Советская Белоруссия". У 1941 годзе ў гэтай газеце з’явіліся цікавыя нарысы "Труд, как песня" і "В гостях у знатного грабаря".

Збіраў прыклады мужнасці і адвагі беларускіх партызан

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. З-за дрэннага зроку Г.Шчарбатаў не быў прызваны на вайсковую службу і яго эвакуіравалi ў Куйбышаў, дзе супрацоўнічаў у газеце "Волжская коммуна".

11 жніўня 1942 года па заданню ЦК Кампартыі Беларусі і ЦК ВЛКСМ 60 камсамольцаў – аўтаматчыкаў перайшлі лінію фронту. Гэта быў партызанскі атрад імя Гастэлы. Да канца верасня яны былі на месцы прызначэння – у штабе Мінскага партызанскага злучэння, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза Р.Н.Мачульскі.

Разам з гастэлаўцамі, у якасці карэспандэнта газеты "Савецкая Беларусь", сюды прыбыў і Георгій Шчарбатаў. 9 лютага 1943 года на старонках гэтай газеты ён надрукаваў артыкул "Горад шыбеніц" аб зверствах фашыстаў у Старых Дарогах Мінскай вобласці.

Некаторы час наш зямляк узначальваў партызанскую агітбрыгаду. Шмат праехалі і прайшлі партызанскія агітатары, рызыкуючы жыццём, дабіраючыся да лясных стаянак атрадаў, наведваючы вёскі. Яны неслі людзям праўду.

У час гэтых вандраванняў Шчарбатаў пільна сачыў за жыццём партызанскіх атрадаў, збіраў прыклады мужнасці і адвагі беларускіх партызан. Усё гэта ён занатоўваў у сваім дзённіку. Зараз дзённік знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь і ўяўляе вялікую цікавасць для вывучэння творчасці пісьменніка.

У 1946 годзе гэты дзённік быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" (№7, 8-9) у матэрыяле "У родных лясах" (нататкі журналіста). Ацэньваючы гэту публікацыю, Ю.Васільеў у рэцэнзіі "Сваімі вачыма" пісаў, што "Г.Шчарбатаў не ставіў за мэту даць поўную карціну партызанскага руху на Беларусі. Ён малюе падзеі, непасрэдным удзельнікам або сведкай якіх ён быў" (ЛіМ, 1947, 12 красавіка).

У канцы студзеня 1943 года Шчарбатаў пачынае працаваць у рэдакцыі газеты "Звязда", якая тады падпольна выдавалася на акупіраванай тэрыторыі. Збіраў матэрыялы, апрацоўваў лісты і допісы партызан. Шмат чаго пісаў сам. Гартаючы старонкі гэтай газеты, можна часта ўбачыць артыкулы за подпісам Г.Шчарбатаў.

Былы супрацоўнік газеты "Звязда" А.Сакевіч у артыкуле "Журналіст і баец", успамінаючы пра яго стыль працы як карэспандэнта, адзначаў: "…Шчарбатаў умеў бачыць парасткі новага, незвычайнага ў будзённых справах. Гэта асаблівасць была прыкметна ў ягоных карэспандэнцыях, нарысах, замалёўках. Пісаў Г.Шчарбатаў пра жыццё і трывожны побыт жыхароў партызанскай рэспублікі Кастрычніцкага раёна. Ён першы даведаўся, што сяляне вёскі Гарадзяка Любанскага раёна збіраюць падарункі сваім абаронцам – народным мсціўцам, і ў "Звяздзе" з’явілася пісьмо-адозва да працоўных акупiраванай рэспублікі ўсімі сіламі і сродкамі дапамагаць партызанам граміць ненавісных чужынцаў. Ягоную карэспандэнцыю пра самаахвярнасць жыхароў вёскі Трайчаны чыталі і перачытвалі ва ўсіх атрадах, вёсках, куды трапляла партызанская газета" ("Звязда", 1969, 8 мая).

Працуючы ў рэдакцыі газеты, Георгій Шчарбатаў лічыў сваім абавязкам быць у гушчыні падзей. Удзельнічаў у баявых аперацыях партызан. Разам з усімі ішоў у атаку на варожы гарнізон у Ламавічах і Філічах, удзельнічаў у разгроме варожага эшалона на чыгунцы паміж станцыямі Муляроўка і Пціч.

Зімой 1944 года загінуў рэдактар "Звязды" М.П.Барашкаў. ЦК КП Беларусі даручыў Г.Шчарбатаву рэдагаваць газету. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле, у цяжкіх умовах, было выпушчана чатырнаццаць нумароў.

А.Шурпач, былы супрацоўнік рэдакцыі газеты "Звязда", успамінаючы адзін момант з жыцця Шчарбатава, піша: "Няма паперы, няма чаго есці. Ліпучы тыф зваліў усіх супрацоўнікаў. Набліжаецца Першамай. Без газеты ў такі ўрачысты дзень ніяк нельга. А на нагах толькі двое: я і Шчарбатаў.

– Амеллян, трэба, браце, газету выпусціць.

– Калі трэба, дык выпусцім.

Пачалася работа. Юрка (партызанскі псеўданім Г.Шчарбатава – У.Л.) піша і правіць матэрыял, а я, мабілізаваўшы сякія-такія друкарскія веды і цярпенне, набіраю па літары тэкст. Чатыры дні працавалі над нумарам. Але затое колькі радасці было ў партызан і насельніцтва, калі яны бралі свежы нумар газеты, якi яшчэ пах тлушчам і сажай (фарбы не было, і яе рабілі самі з сажы і тлушчу). А ў Шчарбатава не было сіл нават узабрацца на нары ў зямлянцы: як сядзеў на калодачцы, так і зваліўся, заснуў…" (А.Шурпач. Сцежкамі барацьбы і помсты. // ЛіМ, 1969, 9 мая).

На працягу ваенных гадоў Георгій Шчарбатаў ішоў шляхам барацьбы і помсты, заклікаючы сваім палымяным словам савецкіх людзей на змаганне з лютым ворагам. За гераізм і адвагу ён узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, медалямі.

Васіль Быкаў: "Я яму абавязаны, што стаў пісьменнікам"

У пасляваенны час, працуючы ў рэдакцыі газеты "Звязда", карэспандэнтам "Известий" на Беларусі, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць", Г.Шчарбатаў працягваў сваю літаратурную дзейнасць.

Працуючы на гэтай адказнай пасадзе, Георгій Шчарбатаў дапамагаў маладым аўтарам. Так, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў у час гутаркі з Аляксеем Гардзіцкім успамінаў: "На пачатку літаратурнага шляху мяне вельмі падтрымаў, проста сказаў, што я павінен пісаць, Георгій Шчарбатаў. Я не ведаю, што ён заўважыў, але ён так сказаў. Прынамсі, я яму абавязаны, што стаў пісьменнікам, бо мог бы ім і не стаць". (Васіль Быкаў.Поўны збор твораў у 14 тамах. Том 10. Кніга 1- Мн.: 2005.С. 86).

У гэты час наш зямляк друкуе аповесці, нарысы, успаміны, рэцэнзіі, нататкі і карэспандэнцыі ў газетах "Звязда", "Советская Белоруссия", "Чырвоная змена", "Настаўніцкая газета", "Літаратура і мастацтва", "За Радзіму", "Гомельская праўда", часопісах "Полымя", "Беларусь", "Работніца і сялянка", "Маладосць".

У асноўным Г.Шчарбатаў піша пра партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра аднаўленне гарадоў і вёсак, будаўніцтва новых прадпрыемстваў у Беларусі. Пісьменнік рэцэнзуе творы М.Танка, П.Пестрака, І.Шамякіна, К.Чорнага, М.Вішнеўскага, В.Казлова.

У 1953 годзе Г.Шчарбатаў прыязджаў у Горкі, знаёміўся з працай Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У выніку гэтай паездкі ў часопісе "Маладосць" з’явіўся нарыс аб дзейнасці БСГА "Іх клічуць палі…" (Маладосць, 1953, № 9).

Удзел у партызанскім руху, актыўная падпольная работа далі пісьменніку багаты матэрыял, дзякуючы якому свет пабачыла кніга "Комсомол Белоруссии в боях за Родину", выдадзеная ў Маскве ў 1949 годзе. Праз год гэтая кніга на беларускай мове выйшла і ў Мінску.

У гэтым жа годзе ў Мінску выходзіць кніга Г.Шчарбатава "Партызанскія агні: Запіскі", а ў 1957 годзе – "Шумелі пушчы: Аповесць і апавяданні", якія былі станоўча ахарактарызаваны крытыкай.

Займаўся пісьменнік і перакладамі. У яго перакладзе з чэшскай на беларускую мову выйшла "Слова перад пакараннем смерцю" Ю.Фучыка (Мн.,1953).

Ажыццяўляў літаратурнае рэдагаванне кнігі А.Цітова "Дарога дружбы: запіскі партызана" (Мн.: 1955), рэдагаваў стэнаграфічную справаздачу "Трэці з'езд савецкіх пісьменнікаў" (Мн.:1955).

У нашага пісьменніка-земляка было шмат творчых задум і планаў. Шкада, што яны не збыліся. Ён памёр 2 лютага 1957 года.

Ужо пасля смерці пісьменніка ў Маскве выйшла яго кніга "Партизанские огни: Записки" (М.: 1959), а ў Мінску ў 1961 годзе "Лясны фронт: Аповесці, апавяданні, нарысы".

Пісьменнік Р.Няхай у рэцэнзіі "Лясныя былі" адзначыў, што гэта кніга – "…значны ўклад пісьменніка ў беларускую мастацкую літаратуру на партызанскую тэму… Пасмяротна выдадзеная кніга Георгія Шчарбатава "Лясны фронт" несумненна знойдзе сабе ўдзячнага чытача, які адчуе жывы роздум аўтара над лёсам сваіх герояў, над абавязкам чалавека перад сваёй Радзімай" (ЛіМ, 1961, 25 мая).

У 1970 годзе ў Мінску зноў выходзіць кніга Шчарбатава "Лясны фронт", а да 60-годдзя пісьменніка – кніга "Партызанскія апавяданні: Аповесці, апавяданні".

Даўно ўжо няма ў жывых пісьменніка Георгія Шчарбатава. Але жыве яго літаратурная спадчына, яркая і палымяная, і разам з ёй жыве ў памяці народнай слаўнае імя пісьменніка – нашага земляка.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца