суб, 20.07.2019
USD2.03|EUR2.28|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Андрэй Юркоў: "Мы адстаём ад развітых краін свету на дзясяткі гадоў"

13.05.2019 – 18:13 | 1152

У што ператвараюцца калгасы? Як зрабіць Беларусь лепшай? І чаму, калі моладзь едзе на вучобу і працу за мяжу – гэта добра? Сваім поглядам на гэтыя пытанні з намі падзяліўся Андрэй Юркоў.

"Ты ўжо тры тоны беларускай бульбы ў жываце згнаіў, ты – беларус!"

– Наша гутарка адбываецца на беларускай мове, бо ты паўсюдна ёй карыстаешся. Як гэта адбылося?

– У пасведчанні аб нараджэн-ні ў мяне пазначана нацыянальнасць "рускі" (бацьку так у высылцы на поўначы запісалі). Гэтым я адрозніваўся ад усіх у класе і трохі ганарыўся.

У чацвёртым класе мы пачалі вывучаць родную мову. На першым уроку настаўнік спытаўся: "Ці ёсць хто іншай нацыянальнасці, не саромейцеся, кажыце – я пазаймаюся з вамі дадаткова". Два хлопчыкі паднялі рукі і сказалі, што ўкраінцы. Тут цягну руку я. "А ты чаго?" – здзівіўся настаўнік. "А я – рускі", – адказваю. "Ты ўжо тры тоны беларускай бульбы ў жываце згнаіў, ты – беларус!" – пад рогат усяго класа пачуў я адказ. З той пары я і пачаў задумвацца – хто ж я. Болей чытаў гісторыю, беларускую літаратуру. І гадоў з 17-18 перайшоў на родную мову цалкам.

– Ты даўно займаешся грамадскай дзейнасцю. Назаві некалькі поспехаў і няўдач з гэтай сферы за апошнія гады.

– Найбольш рэальныя – у дробных справах. Гэта дапамога ў дзеяннях, якія вырашаюць мясцовыя праблемы: добраўпарадкаванне вуліц, двароў, рамонты. З буйных, пэўна, перамога ў нашай барацьбе супраць пабудовы АЭС пад Горкамі. На ўласным прыкладзе паказваю карысць здаровага ладу жыцця і дапамагаю моладзі самаарганізоўвацца.

Вынік усяго гэтага – заўважна расце павага і падтрымка дэмакратычных ідэй з боку маіх землякоў. Гэта рэальна натхняе. З паразаў – знішчэнне дома Максіма Гарэцкага ў Горках. Гэтаму ўчынку нашых чыноўнікаў яшчэ дасць сваю ацэнку наступнае пакаленне.

– У нашым рэгіёне добра ведаюць твайго бацьку Мікалая Фёдаравіча Юркова, які шмат гадоў паспяхова ўзначальваў калгас "Дрыбінскі". Чым ты да яго найбольш падобны і чым адрозніваешся?

– Працаздольнасць, хуткасць думкі, уменне прамаўляць, крытычнае мысленне – вось асноўныя якасці, якія мне дасталіся ў спадчыну. Розніца ў тым, што я пераадолеў бацькаву прыродную сціпласць, якая яму не дазваляла прэтэндаваць на ўладу. На пачатку 90-х гадоў шмат прыстойных і таму карысных для Беларусі людзей праз сваю сціпласць не пайшлі ў палітыку. Іх месцы спакойна занялі тыя, хто кіруюць намі сёння. Вынік гэтага добра бачны.

"Пра перспектывы нашай сельскай гаспадаркі можна будзе нешта казаць толькі пасля ліквідацыі калгаснаў"

– Як бы ты гэтыя вынікі ахарактарызаваў, асабліва ў сельскай гаспадарцы, дзе ты даўно працуеш?

– Стан нашай сельскай гаспадаркі з кожным днём пагаршаецца. Гэта бачаць ужо нават самыя палымяныя прыхільнікі калгасаў. У майго дзеда камуністы адабралі зямлю і выслалі на Поўнач. Бацька там нарадзіўся і ледзьве не памёр ад голаду. Потым усё жыццё падымаў калгасны лад. Але дзед мой заўсёды смяяўся з бацькавых працоўных дасягненняў і на пальцах даказваў, што калгаснік, нават перадавы – жабрак.

Я на працы таксама вяду "бітву за ўраджай" ужо шмат гадоў. Бо жыву тут і мушу зарабляць на жыццё. Але ніколі не бачыў пер-спектыў калгаснага ладу і лічу гэту працу бессэнсоўнай.

Некалькі прыкладаў апошніх гадоў: аграгарадкі, вялізныя фермы і комплексы, закупкі на мільярды даляраў імпартнай тэхнікі і абсталявання... У што гэта ўсё ператварылася?

Пра перспектывы нашай сельскай гаспадаркі можна будзе нешта казаць толькі пасля ліквідацыі калгаснай сістэмы. У тым, што яна разваліцца, сумненняў не маю. А вось будзе гэты працэс некантраляваным ці здолеем пайсці па шляху рэформаў – залежыць ад нас.

– Што можа дапамагчы нашаму рэгіёну стаць заможным? Гэта ўвогуле рэальна?

– Рэальна. Але для гэтага трэба змена сістэмы дзяржаўнага кіравання і багата высілкаў ды часу.

Калі глядзець праўдзе ў вочы, мы адстаём ад развітых краін свету на дзясяткі, а мо і сотні гадоў. Разрыў пры сённяшнім ладзе толькі павялічваецца. Каб змяніць гэты заганны стан, трэба адкрыцца свету і стаць ягонай часткай. Накіроўваць моладзь у еўрапейскія ўніверсітэты, даваць штодня замежныя мовы ў школах. Выкладчыкаў і настаўнікаў рэгулярна адпраўляць на практыку на Захад. Так даўно зрабіў той жа Казахстан. Гэты рэцэпт досыць універсальны для ўсіх постсавецкіх краін.

Таннай працоўнай сілай сёння ў свеце нікога не здзівіш – ёсць па паўтара мільярда кітайцаў і індусаў. Здольныя, па-сучаснаму адукаваныя, працавітыя людзі – вось на чым павінна базавацца эканоміка Беларусі. А пакуль што наша даволі архаічная саўковая эканоміка і сучасная эканоміка ведаў проста не сумяшчальныя.

– Дарэчы, наконт замежнай адукацыі. У цябе дзве амаль дарослыя дачкі, якія вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Чым яны зараз займаюцца?

– Зараз яны працуюць і яшчэ вучацца ў Польшчы. Трохі пабачылі свет, вольна карыстаюцца англійскай і польскай мовамі. Мару, каб вучыліся далей. Паўтаруся: калі маладыя патрыёты едуць за мяжу працаваць або атрымліваць адукацыю – гэта для Беларусі карысна. Атрыманы там досвед стане падмуркам нашага далейшага развіцця.

"Добра, што нашы хлопцы не ваююць за чужыя інтарэсы"

– А ці магчыма тое развіццё? Ты верыш, што Беларусь захаваецца як незалежная краіна і нам будзе што развіваць?

– Так, але гэта пытанне не толькі веры. Тут трэба праца і гатоўнасць бараніць Радзіму. Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб тлумачыць нашым землякам каштоўнасць уласнай дзяржавы. Мяняць сваё ярмо на суседскае – бессэнсоўна. Добра, што нашы хлопцы не ваююць за чужыя інтарэсы і не вяртаюцца ў цынкавых трунах з Чачні, Сірыі, Данбасу, Асеціі.

Канечне, некаторыя мае землякі, асабліва тыя, хто даведзены да беднаты, маюць нейкія спадзевы на далучэнне да іншых дзяржаў. Маўляў, адразу заробкі павысяцца і ўсім дадуць працу. Але гэта ўсё мроі. Панам, што сваім, што суседскім, трэба адно – улада над халопамі. Толькі вольныя грамадзяне ва ўласнай краіне могуць жыць годна.

Галіна Будная

Глядзіце па тэме:

Может ли Беларусь разбогатеть за счет сельского хозяйства? Опрос