аўт, 16.07.2019
USD2.03|EUR2.29|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

"Ловіць зайцоў па-беларуску". Як у Магілёве працуецца адзінай беларускамоўнай кандуктарцы

11.05.2019 – 12:03 | 584

У Магілёве зьявілася кандуктарка, якая гаворыць з пасажырамі па-беларуску. Большасьць пасажыраў гэта зьдзіўляе – у публічным ужытку ў Магілёве беларуская мова застаецца экзотыкай.

Завуць кандуктарку Вольга Мікалуцкая, яна настаўніца з шматгадовым стажам. Свой новы занятак называе "народнай школай", а пасажыраў – "вучнямі сваёй клясы".

Вольга лічыць, што беларуская мова мае асаблівасьці, якія супакойваюць пасажыраў і залагоджваюць канфліктныя сытуацыі, нярэдкія ў грамадзкім транспарце.

Пра стаўленьне пасажыраў да беларускай мовы і ўражаньні ад першага месяца працы кандуктаркай Вольга расказала Свабодзе.

Сьцісла пра Вольгу Мікалуцкую

  • 50 гадоў. Мае вышэйшую адукацыю. Філёляг. Скончыла пэдагагічную вучэльню ў пасёлку Леніна, што ў Горацкім раёне Магілёўшчыны. Завочна адвучылася на філфаку Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова.
  • Больш за трыццаць гадоў настаўнічала ў вясковых школах Клічаўскага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўшчыны.
  • Лічыць, што настаўнікаў былых не бывае, а яе пэдагагічны досьвед будзе запатрабаваны і ў працы кандуктара.
  • Беларускай мовай захапілася, калі вучылася ва ўнівэрсытэце.
  • Удава. Мае двух дарослых сыноў і прыёмную дачку.

"Пасажырам няма з кім пагаварыць па-беларуску"

Вольга ўладкавалася ў тралейбусны парк Магілёва сёлета 3 красавіка. Паводле яе, кіраўніцтва да абслугоўваньня пасажыраў на беларускай мове ставіцца спакойна.

Рэакцыю саміх пасажыраў на беларускую мову Вольга называе незвычайнай. Пачуўшы яе з вуснаў кандуктара, многія зьдзіўляюцца і "палка пачынаюць абмяркоўваць сытуацыю". Некаторыя высьвятляюць, што "на беларускай мове можна ўсё ж гаварыць". Сёй-той скардзіцца кандуктарцы, што ў іх няма беларускамоўных суразмоўцаў.

З такіх дыскусіяў Вольга зрабіла выснову, што беларусы мала чуюць першую дзяржаўную мову. Сустракаюцца і тыя, хто з гэтай прычыны ставіцца да яе "зьняважліва і грэбліва".

"Мне дужа балюча за гэта, – кажа Вольга. – Я стараюся зьмяніць такую сытуацыю. У мяне выходзіць гаварыць па-беларуску нязмушана і натуральна. Пасажыры гэта адчуваюць".

Стала "бээнэфаўкай"

За месяц працы Вольга пасьпела стаць "бээнэфаўкай". Так некаторыя пасажыры адрэагавалі, пачуўшы ад кандуктаркі беларускую мову. Такія настойліва даводзяць ёй, што абслугоўваньне ў грамадзкім транспарце мае быць толькі па-расейску.

"Я адказваю звычайна адной фразай: "Я ў сябе дома і гавару на адной зь дзяржаўных моваў", – цытуе саму сябе Вольга.

Яна згадала рэакцыю аднаго пасажыра, які прызнаўся, што саромецца быць беларусам. Як высьветлілася, мужчына доўгі час працаваў у Расеі, а там, паводле яго, беларусы гатовыя "адзін аднаму глоткі перагрызьці" за грошы, ці нейкія іншыя выгоды. Адсюль і такое стаўленьне да ўсяго беларускага.

Суразмоўца не баіцца скаргаў начальству ад незадаволеных "яе нязвыклай формай працы". Адмаўляцца ад беларускай мовы не зьбіраецца.

"Калі мяне не захочуць успрымаць як беларускамоўнага чалавека, то не баюся звольніцца. Стану рамесьніцай і буду жыць з працы на зямлі, бо да вясковага ладу звыклая", – кажа яна.

Адмоўная рэакцыя на беларускую мову – ад нечаканасьці

Вольга адзначае, што ў канфліктных сытуацыях з пасажырамі галоўнае на хамства не адказваць тым жа. Паводле яе, першая адмоўная рэакцыя на беларускую мову – ад нечаканасьці. Яе спосаб залагоджваньня канфліктаў – беларускія прымаўкі і цытаваньні вершаў. Яны супакойваюць пасажыраў.

Вольга даведалася пра гэта, калі працавала ў групе падоўжанага дня. Ёй трапляліся мітусьлівыя дзеці, якіх цяжка было ўгаварыць заснуць. Тады яна чытала беларускія казкі, і гарэзы супакойваліся.

"Беларуская мова мае фанэтычныя асаблівасьці, якія ўплываюць на падсьвядомасьць чалавека вельмі станоўча. Гэтыя лекавыя ўласьцівасьці варта ўмець выкарыстоўваць", – тлумачыць Вольга.

Паводле яе, часьцяком у тралейбус заходзяць людзі раззлаваныя ды стомленыя, а калі "пачынаеш зь імі размаўляць па-беларуску, то нешта зь імі робіцца".

"Толькі што пасажыр быў насуплены, а тут ужо ўсьміхаецца і спрабуе сам адказваць па-беларуску", – адзначае Вольга.

Кандуктарства для настаўніцы – "свабодная і не абцяжараная паперамі форма навучаньня"

Вольга адрабіла настаўніцай у вясковых школах 31 год. Яна не пажадала гаварыць аб прычынах "прыпыненьня" кар’еры пэдагога. Разам з тым адзначыла, што, нягледзячы на свой цяперашні занятак, усё адно застаецца настаўніцай. Сваё кандуктарства яна называе "народнай школай", а пасажыраў лічыць "вучнямі сваёй клясы".

"У мяне самая свабодная і не абцяжараная паперамі форма навучаньня. У мяне самыя незвычайныя інтэграваныя клясы з вучнямі рознага ўзросту. Кожны дзень для мяне – майстар-кляса", – тлумачыць сваё разуменьне цяперашняй сытуацыі суразмоўца.

Як дзеці рэагуюць на беларускую мову ў тралейбусе

Кандуктарку засмучае, як дзеці ведаюць беларускую мову. Яна кажа, што юныя пасажыры "найчасьцей ні слова ня ведаюць па-беларуску, а калі папрасіць нешта сказаць, то "нясуць лухту". Дзеці прызнаюцца кандуктарцы, што на ўроках беларускай мовы настаўнікі не патрабуюць, каб зь імі гаварылі па-беларуску, таму адказваюць заданьні па-расейску. У сям’і ж бацькі стараюцца гаварыць таксама па-расейску.

"Пачуўшы беларускую гаворку ў тралейбусе, дзеці адразу робяць грымаску зьдзіўленьня і лічаць, што гэта жарт", – кажа Вольга пра рэакцыю юных пасажыраў.

Паводле яе "нэгатыўнае стаўленьне" дзяцей да беларускай мовы зьнікае пасьля лагодных гутарак з імі пра значнасьць беларушчыны для беларусаў. Тады яны пачынаюць між сабой абмяркоўваць сытуацыю, згадаць нешта са школьнай праграмы. Вольга дадае, што дапамагаюць перамагчы "лёгкае глумленьне над моваю" тыя ж беларускія прымаўкі і вершы.

"Меней за адзін адсотак пасажыраў ставяцца да беларускай мовы нэгатыўна"

Падсумоўваючы назіраньні, Вольга адзначае, што стаўленьне бальшыні пасажыраў да беларускай мовы ўсё ж "трапяткое". Паводле яе, меней за адзін працэнт тых, хто карыстаецца паслугамі тралейбусаў, успрымае беларускасьць нэгатыўна.

Большасьць ня ўтойвае, што "жыве адарвана ад беларускай мовы, якой ім не хапае". Такая катэгорыя пасажыраў, асабліва студэнты і школьнікі, зайздросьцяць кандуктарцы, што яна не саромецца гаварыць па-беларуску. Гэта выклікае ў іх захапленьне і зьдзіўленьне.

svaboda.org