нядз, 21.04.2019
USD2.10|EUR2.36|RUB3.28
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як 100 гадоў таму ў Горках ізноў з'явіўся інстытут

08.04.2019 – 00:57 | 537

 

У чарадзе розных святочных падзей, прымеркаваных да 100-годдзя ўтварэння БССР, амаль незаўважнай засталася іншая дата – 100 гадоў з дня аднаўлення першай вышэйшай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Горках.

У пачатку ХХ стагоддзя ў нашай краіне не было ніводнай ВНУ. Пасля закрыцця ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта, а затым у 1864 годзе Горы-Горацкага земляробчага інстытута (абодва – за ўдзел студэнтаў у паўстаннях супраць царызму), расійскі ўрад больш не рызыкаваў размяшчаць тут вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сітуацыя пачала мяняцца пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, калі пачалі казаць пра неабходнасць пашыраць у Расіі вышэйшую адукацыю, асабліва сельскагаспадарчай накіраванасці. Паўстала пытанне пра аднаўленне Горы-Горацкага земляробчага інстытута. На пасяджэннях агранамічных устаноў, земстваў Магілёўскай вобласці настойліва абмяркоўвалі гэту ідэю, бо Горкі, нягледзячы на закрыццё інстытута пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, заставаліся прызнаным цэнтрам аграрнай адукацыі. Традыцыі, закладзеныя земляробчым ВНУ, працягвалі сярэднія сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы: земляробчае, землямерна-агранамічнае і рамеснае вучылішчы. Яны мелі добрую матэрыяльную базу, атрыманую ў спадчыну ад інстытута. Акрамя гэтага пры земляробчым вучылішчы дзейнічала школа садовых рабочых.

У 1917 годзе размова вялася не пра адкрыццё новага інстытута, а пра пераўтварэнне горацкіх сярэдніх навучальных устаноў у ВНУ. Пры іх была створана спецыяльная камісія, якая і павінна была займацца гэтым пытаннем. У сувязі з тым, што сярэдніх навучальных устаноў у Горках было тры, вырашана было хадайнічаць пра стварэнне інстытута з трыма аддзяленнямі.

Пры гэтым абсталяванне земляробчага вучылішча меркавалася выкарыстоўваць для сельскагаспадарчага аддзялення. Спецыяльнае абсталяванне рамеснага вучылішча – для аддзялення, звязанага з пабудовай сельскагаспадарчай тэхнікі. Абсталяванне землямерна-агранамічнага вучылішча – для аддзялення аналагічнага аднаму з аддзяленняў Маскоўскага межавага інстытута. Для гэтага ў Маскву былі адпраўлены прадстаўнікі гэтага вучылішча.

Пасля наведвання інстытута камісія прыйшла да высновы, што найбольш блізкім да горацкіх умоў з'яўляецца інжынерна-землеўпарадкавальнае (культурна-тэхнічнае) аддзяленне. У дадатак, яно было востра неабходным і для гэтай часткі краіны. На пасяджэнні аб'яднанага Савета горацкіх навучальных устаноў прадстаўнікі, якія вярнуліся з Масквы, зрабілі адпаведны даклад. Было вырашана хадайнічаць пра пераўтварэнне горацкіх сярэдніх навучальных устаноў у сельскагаспадарчы інстытут з трыма аддзяленнямі: сельскагаспадарчым, культурна-тэхнічным і сельскагаспадарчага машынабудавання. Але ў далейшым, сыходзячы з вострай патрэбы ў лесаводах, Савет вырашыў прасіць пра адкрыццё чатырох аддзяленняў, у тым ліку і ляснога. 

old_02.jpg

У пачатку студзеня 1919 года камісія падрыхтавала праект даклада аб пераўтварэнні. Дакумент быў ухвалены Саветам, атрымаў падтрымку і з боку павятовага аддзела народнай адукацыі, і з боку павятовага зямельнага аддзела. 16 студзеня 1919 года прадстаўнік Савета Горацкіх навучальных устаноў накіраваўся ў Мінск, дзе ў той час ствараўся урад Беларускай Рэспублікі, і звярнуўся ў Народны камісарыят асветы Беларусі з просьбай падтрымаць хадайніцтва перад Народным камісарыятам асветы РСФСР. Праўда, такая ініцыятыва ў Мінску была ўспрынята халаднавата, бо там ужо таксама падымалася пытанне пра адкрыццё вышэйшай навучальнай установы, але не ў Горках, а ў сталіцы. Адначасовае з'яўленне дзвюх ВНУ было мала верагодным. Народны камісарыят асветы Беларусі выказаў меркаванне пра неабходнасць дадатковага мясцовага абследавання. Гэта ж меркаванне было выказана і ў звароце Народнага камісарыята асветы Беларусі ў Народны камісарыят РСФСР ад 18 студзеня 1919 года за №95. Пазіцыя, якую заняў Мінск, на некаторы час прыпыніла вырашэнне гэтага пытання, але падзеі, якія адбыліся далей, далі новы штуршок гэтай справе.

У лютым 1919 года Магілёўская, Смаленская і Віцебская губерніі былі выключаны са складу Беларусі – знікла неабходнасць лічыцца з пазіцыяй Мінска. Прадстаўнікі Савета Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў накіраваліся ў Магілёў за падтрымкай у губернскі земскі аддзел і губернскі аддзел народнай адукацыі. Аказалася, што там ужо адбылося сумеснае пасяджэнне гэтых аддзелаў і была падтрымана прапанова аднавіць інстытут у Горках.

28 сакавіка 1919 года на абмеркаванне Калегіі вышэйшых навучальных устаноў Народнага камісарыята асветы РСФСР было вынесена пытанне аб адкрыцці ў Горках сельскагаспадарчага інстытута, а ў Магілёве – політэхнічнага (там з 1917 года працавала політэхнічнае вучылішча). На пасяджэнні было дазволена прысутнічаць і прадстаўніку з Горак, каб пры неабходнасці даць тлумачэнні. Аддзел вышэйшых навучальных устаноў вырашыў немэтазгодным арганізоўваць дзве ВНУ у адной губерніі і прапанаваў адкрыць тэхнічныя аддзяленні ў нашым горадзе. У сваім выступленні прадстаўнік Горак выказаў меркаванне, што арганізацыя чыста тэхнічных аддзяленняў выклікае вялікія складанасці, бо адсутнічае база. Да гэтага прыслухаліся, і Аддзел вышэйшых навучальных устаноў ухваліў рашэнне аб неабходнасці пераўтварэння Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў у сельскагаспадарчы інстытут.

old_03.jpg

7 красавіка 1919 года пастановай калегіі Народнага камісарыята асветы была пацверджана пастанова Аддзела вышэйшых навучальных устаноў аб адраджэнні інстытута ў Горках і выдзелены сродкі на арганізацыйныя выдаткі. 12 верасня 1919 года адбыўся першы сход Савета Горацкага сельскагаспадарчага інстытута.

Так 100 гадоў таму Горкі зноў сталі ў авангардзе вышэйшых навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі.

Святлана Скаромная

Падзяліцца

Дадаць каментар

Каб пакінуць свой водгук, трэба ўвайсці або зарэгістравацца.
Абмяркуйце гэту навіну ў нашых групах:
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook