сер, 21.08.2019
USD2.06|EUR2.28|RUB3.09
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Насуперак Рассельгаснагляду. Якую імпартную садавіну Беларусь перапрадае ў Расею. ІНФАГРАФІКА

28.03.2019 – 17:45 | 295

Рассельгаснагляд хоча "разгледзець транзыт садавіны з іншых краін празь Беларусь у Расею". Праблема ў тым, што праз тэрыторыю Беларусі туды трапляюць "санкцыйныя" прадукты з Эўропы. Свабода паглядзела, якую садавіну і дзе мы набываем і што прадаём у Расею.

Што адбылося

Рассельгаснагляд выступіў з чарговай прэтэнзіяй да Беларусі: маўляў, возяць празь Беларусь у Расею "санкцыйную" садавіну. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу.

"У сувязі са шматлікімі выпадкамі выяўленьня „санкцыйнай“ прадукцыі пры паступленьні ў Расейскую Фэдэрацыю з Рэспублікі Беларусі ў суправаджэньні фітасанітарных сэртыфікатаў, аформленых ГУ „Галоўная дзяржаўная інспэкцыя па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін“, і непрыняцьцем беларускім бокам дзейсных захадаў дзеля недапушчэньня трапляньня на тэрыторыю Расеі такога тавару, Рассельгаснагляд вымушаны разгледзець пытаньне аб прамых пастаўках падкарантыннай прадукцыі", –  гаворыцца ў паведамленьні Рассельгаснагляду.

Фактычна гэта азначае магчымую забарону паставак садавіны зь Беларусі ў Расею.

Глядзім, якую садавіну Беларусь набывала ў іншых краінах і пасьля прадавала ў Расею (статыстыка Белстату за 2017 год).

Беларускія ківі, інжыр і апэльсіны

Беларускай крэвэткай ці кавуном ужо ня зьдзівіш (апошнія наагул растуць на падвор’і Аляксандра Лукашэнкі), а вось ківі ды апэльсіны на паліцы беларускіх крамаў звычайна трапляюць з Эквадору ці Гвінэі. Але іхны шлях на гэтым не заканчваецца.

У 2017 годзе Беларусь завезла на сваю тэрыторыю 16,8 тысячы тон ківі, большасьць з Гвінэі і Грэцыі. У гэтым жа годзе Беларусь прадала ў Расею 11,6 тысячы тон ківі і зарабіла на гэтым 1,8 мільёна даляраў. Атрымліваецца, прадала 69% усіх ківі, якія імпартавала.

Два гады таму Беларусь завезла 2,7 тысячы тон інжыру, у асноўным з Турцыі. І ў гэтым жа годзе прадала ў Расею 2,6 тысячы тон за 1,8 мільёна даляраў. Гэта 96% ад усяго закупленага інжыру.

У 2017 годзе Беларусь закупіла 27,9 тысячы тон апэльсінаў і ў гэтым жа годзе адгрузіла ў Расею 5 тон гэтай садавіны, 17,9% ад закупленага. Набывала Беларусь апэльсіны пераважна ў Турэччыне і Эгіпце.

На пэрсіках зарабляем 13,7 мільёна даляраў, на хурме – 2,9 мільёна

107 тысяч тон пэрсікаў і нэктарынаў Беларусь у 2017 годзе завезла пераважна з Турэччыны, Грэцыі і Гішпаніі. Тады ж адгрузіла ў Расею 83,5 тысячы тон. Гэта 78%. На гэтым зарабілі 13,7 мільёна даляраў.

Беларусь у 2017 годзе прадавала хурму толькі ў Расею. З завезеных 32 тысяч тон (19 тысяч тон з краін ЭЗ) у Расею паехала 11,9 тысячы тон ці 37% ад завезенага агулам на 2,9 мільёна даляраў.

Апроч іншага, у 2017 годзе Беларусь прадавала ў Расею лімоны і мандарыны. З 19,7 тысячы тон мандарынаў (з Гішпаніі, Італіі, Грэцыі, Емэну) 3,7 тысячы тон экспартавалі ў Расею. Гэта 18% ад імпартаваных мандарынаў.

Лімонаў у 2017 набылі 11 тысячы тон, зь іх 3,1 тысячы тон адправілі ў Расею. Гэта 28%.

МА, svaboda.org

Падзяліцца