сер, 17.07.2019
USD2.03|EUR2.29|RUB3.23
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Віктар Каралькоў: "Ведаю ў Горках усе сепаратысцкія асяродачкі. Яны нікчэмныя"

25.03.2019 – 23:58 | 781

Наш зямляк Віктар Каралькоў параўноўвае Беларусь з родным домам. Калі ён ёсць, у ім заўжды можна зрабіць любы рамонт і жыць шчасліва. Гэты чалавек знаёмы многім жыхарам Горак. Нехта яго падтрымлівае, а нехта выказвае рашучую нязгоду. Але большасць ведае, што Віктар паслядоўны і прынцыповы ў сваіх поглядах, а таму цікавы суразмоўца.

karalkou_1.jpg

"Крытычны погляд – гэта рухавік"

– Ці памятаеш той момант жыцця, пасля якога вырашыў стаць актыўным грамадзянінам Беларусі?

– Гэта быў 1988 год. Акцыя памяці продкаў у Мінску – Дзяды. Я быў студэнтам другога курсу – звычайны савецкі хлопец пасля войска. Праўда пра Курапаты (месца масавага расстрэлу ў часы сталінскіх рэпрэсій) перавярнула мае ўяўленні, мой розум стаў напаўняцца новымі сэнсамі. Я быў шакаваны, што савецкая дзяржава была здольная на такія маштабныя злачынствы супраць народу.

Тады для сябе я вырашыў – такой дзяржавы не павінна быць. Праз тры гады мільёны такіх, як я, павалілі гэтую прагнілую канструкцыю. Далей трэба будаваць сваю краіну. Шлях распачаты і развароту не будзе.

– Хто паўплываў на твой светапогляд?

– Натуральна, маці і бацька. І, безумоўна, наша нацыянальная эліта – Купала, Колас, Караткевіч, Быкаў, Пазняк, Мулявін, Багдановіч, Багушэвіч, выкладчыкі інстытута і многа іншых добрых людзей.

– Многія жыхары Горак памятаюць, што ў 2002 годзе ты дамагаўся, каб твая дачка Марылька вучылася ў школе на беларускай мове. Што тады атрымалася, а што не?

– Атрымалася невялікая лакальная перамога. У Горках ізноў з'явіліся вучні, якія атрымлівалі веды на беларускай мове. Але выявілася, што сістэма адукацыі да гэтага непадрыхтаваная. Я не кажу ўжо пра любоў да беларускай мовы з боку настаўнікаў. Толькі адзінкі з іх здольныя выкладаць на ёй. Галоўныя якасці настаўніка павінны быць: любоў да дзяцей, свайго прадмета і, нават не абмяркоўваецца, – дасканалае валоданне мовай краіны, у якой выкладаеш.

Становішча, на жаль, пагаршаецца і гэта будзе мець адмоўныя наступствы. Мы не пабудуем сваю краіну на не сваёй мове. Такіх прыкладаў у свеце няма. Уяўляю, колькі зараз пасыплецца ў мой бок камянёў. Але калі не казаць праўду – то праўды не будзе. Крытычны погляд ёсць рухавіком для ўдасканалення і абнаўлення.

– Як склаўся далейшы лёс Марылькі Каральковай?

– Яна, а таксама і мой сын Мікіта, скончылі школу №4, клас з беларускай мовай навучання. Далей Марылька год вучылася паліталогіі ў Варшаве ў Вышэйшай школе фінансаў і кіравання, потым скончыла Торуньскі ўніверсітэт імя Каперніка па спецыяльнасці скульптара (гэта яшчэ пяць гадоў). Валодае добра замежнымі мовамі. Мае дзеці сапраўдныя патрыёты. Зараз знаходзяцца тут. Яны мой працяг і лепшыя за мяне – для мяне гэта відавочна. Гэта і ёсць бацькоўскае шчасце.

karalkou_2.jpg

"Здраднікаў чакае доля здраднікаў і ганьба"

– Яшчэ адна падзея, звязаная з табой, таксама моцна запомнілася мясцовым жыхарам. У 1999 годзе ты выйшаў на адзіночны пікет у цэнтры Горак. Нагадай, што цябе да гэтага падштурхнула, навошта ты гэта зрабіў?

– Я прайшоў з двума вялізнымі плакатамі праз увесь горад па цэнтральнай вуліцы – ад раёну Будаўнікоў да аўтавакзала і назад. Прыкладна праз дзве гадзіны мяне затрымалі – далей быў суд. На маіх плакатах было напісана "Расія заўсёды ілье кроў". Быў пералік краін, якія пазналі расійскую агрэсію, і рытарычнае пытанне: "Хто наступны?"

Сутнасць акцыі была адна – ніякіх саюзаў з такой краінай. Цягам апошніх 20 гадоў спіс краін, якія пацярпелі ад крамлёўскай палітыкі, павялічыўся. Напад на Грузію, вайна ў Сірыі. Хто б мог уявіць, што Расія нападзе на Украіну?

Тое, што было на плакатах, сёння яшчэ больш актуальна. Бо гэтай так званай саюзнай дамовай нас шантажуюць. Рыхтуюць юрыдычныя падставы для аншлюса? Але зламаюць хрыбет на Беларусі – я ў гэтым не сумняваюся.

Я ведаю ўсе сепаратысцкія асяродачкі ў Горках. Іх доля нікчэмная. Нашу краіну ўжо ёсць каму бараніць. Разумею, што гэта не будзе лёгка. У Канстытуцыі запісана: "Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь". Маральны бок таксама відавочны – бараніць Айчыну для кожнага гонар. Здраднікаў чакае доля здраднікаў і ганьба.

– Якія ты бачыш перспектывы ў незалежнай Беларусі?

– Беларусь можна зрабіць заможнай, культурнай, высокатэхналагічнай і г.д., калі яна захаваецца як асобная краіна. Гэта як калі ў вас ёсць дом, дык можна зрабіць у ім любы еўрарамонт. А як няма дома – то і няма дзеля чаго старацца.

У свеце каля трох тысяч нацый, а сваю дзяржаву маюць усяго каля дзвюх соцен. У нас свая краіна ёсць. Стагоддзямі народы, ахвяруючы жыццямі, здабываюць незалежнасць і свабоду. Бо свая краіна – гэта магчымасць самім вырашаць сваю долю. Ёсць краіны, пабудаваныя на міфах. А нам нічога не трэба выдумляць. У нас вялікая гісторыя, мова, культура, вельмі разумныя працавітыя людзі. Згубіць гэта ўсё, стаць часткай Расіі, нам прапаноўваюць махляры, апранутыя ў піджачкі палітыкаў.

Ёсць перспектывы і ў беларускай мовы. Знікнуць перашкоды, і яна ізноў загучыць. Стане такой нормай як для француза французская ці для немца нямецкая. Для грамадзян будзе гонар, што яны беларусы, а прыкмета гэтаму – выкарыстанне беларускай мовы. Надыдзе час калі гэта стане модна, потым выгадна, а далей будзе натуральны працэс пашырэння. Разам з тым, руская мова яшчэ доўга будзе мовай міжнацыянальных зносін. Класнасць чыноўніка будзе залежыць яшчэ і ад ведання моў: беларускай, рускай ды іншых.

У свеце ёсць прыклады адраджэння мовы. Так, габрэі не мелі сваёй дзяржавы, а на іўрыце амаль ніхто не размаўляў аж да 19 стагоддзяў. Паступова сітуацыя мянялася ў лепшы бок. Адраджэнне мовы стала галоўным чыннікам і перадумовай для стварэння краіны ў 1948 годзе. Ізраіль сёння адна з пяці дзяржаў, якія ўвайшлі ў 21 стагоддзе з наймагутнейшым навуковым патэнцыялам. Гэта адна з краін будучыні, а іх дзяржаве ўсяго 70 гадоў. Больш чым 500 універсітэтаў па ўсім свеце увялі ў праграмы вывучэнне іўрыта.

karalkou_3.jpg

"Горкі яшчэ стануць для нас найлепшым горадам у свеце"

– Якімі будуць Горкі ў гэтай ідэальнай Беларусі?

– Беларускіх універсітэтаў павінна быць шмат. Магутнымі будуць краіны з развітай навукай. У гэтай сферы добрыя перспектывы ў Горак. Наш горад мог бы стаць генератарам нацыянальнай адукацыі і адраджэння на ўсходзе краіны. З прыцэлам на Смаленскую, Бранскую і Пскоўскую вобласці. Там жывуць этнічныя беларусы і недалёка той час, калі яны будуць шукаць свае карані. У нас выдатная інфраструктура для горада-ўніверсітэта. У Беларусі гэта найлепшае месца, якое не патрабуе вялікіх выдаткаў.

Існыя факультэты можна захаваць у той колькасці, у якой ёсць запатрабаванасць. У дадатак могуць з'явіцца спартовыя факультэты – у нас два стадыёны, басейн, Лядовая арэна. Тэатральна-культурніцкія, мастацкія, музычныя – ёсць Палац культуры акадэміі, Амфітэатр, актавая зала дзясятага корпуса і г.д. Гэта ўсё трэба напаўняць жыццём, маладой ініцыятывай.

Абавязкова факультэты з ІТ-адукацыяй. Факультэты журналістыкі, медыцынскі, педагагічны, замежных моў. Вось над якімі перспектывамі сёння думаюць патрыёты. Нам здаецца, што без новага дыхання і сучасных падыходаў акадэмію чакае заняпад. А пасля такі лёс можа напаткаць і наш горад.

Горкам патрэбныя каля 1500 дзеяздольных суб'ектаў гаспадарання. Трэба змена заканадаўства, адмова ад індустрыяльнай, датацыйнай эканомікі, змена падыходаў, выбудоўванне даверу улада – бізнес. Стварэнне прывабнага мікраклімату для інвестыцый унутраных і замежных. Прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці і зямлі. Антыманапольнае заканадаўства, каб не пладзіць беднату і не вырошчваць алігархаў. І яшчэ шмат чаго. Нешта можа вырашыць толькі на дзяржаўным узроўні, а нешта на мясцовым.

– Што на тваю думку павінны рабіць беларусы ўжо сёння?

– Сёння трэба думаць пра заўтра. Паразважайце, паглядзіце вакол. Магчыма, некаму неабходна ваша ўвага і падтрымка (дзеці, бацькі, брат, сястра). Паразмаўляйце з суседам. Разам накарміце галоднага ката ці сабаку. Прыбярыце смецце ля пад'езда. Прачытайце кнігу беларускіх класікаў ці сучасную. Актывізуйце вакол сябе станоўчыя пераўтварэнні. Станьце цэнтрам ці хоць бы ўдзельнікам добрых спраў. Трошкі ініцыятывы, самаарганізаванасці і салідарнасці. Важна навучыцца паважаць сябе і палюбіць сваё.

karalkou_4.jpg

– Ці ёсць у Горках твае аднадумцы, ідэйна блізкія людзі?

– Іх тысячы. Усе, хто падтрымлівае незалежнасць Беларусі, – гэта мае ідэйныя браты! Якім бы цяжкім не быў наш шлях у сям'ю цывілізаваных народаў, мы ўжо не збочым, не папрэмся назад у рабства. Не трэба зіркаць па баках і вышукваць сабе гаспадароў. У нашай краіны вялікая будучыня, а Горкі стануць для нас найлепшым горадам у свеце.

Гутарыла Галіна Будная, фота: Аляксандра Храмко

Падзяліцца