нядз, 18.08.2019
USD2.05|EUR2.27|RUB3.10
Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Viber Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Instagram Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Аднакласніках Горкі, Дрыбін, Мсціслаў ва УКантакце Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Twitter Горкі, Дрыбін, Мсціслаў у Facebook Атрымлівай нашы навіны на e-mail

Як былы наркаман змагаецца з "наркаграфіці" ў Воршы

20.03.2019 – 23:52 | 529

Аршанец Андрэй Корпс мае вялікі досьвед ужываньня наркатычных рэчываў, але ў 2015 годзе ён здолеў спыніцца. Заўважыўшы, што ў Воршы зьявіліся надпісы з рэклямай кантактаў наркадылераў, былы наркаман абвясьціў ім асабістую вайну, узяўшы пэндзаль і фарбу.

Заўважыў надпісы, калі вёў дачку ў садок

Андрэй Корпс кажа, што зьвярнуў увагу на надпісы, зробленыя пад трафарэт, пару месяцаў таму.

"Ваджу дачку ў садок і назіраю: то тут, то там на сьценах зьяўляюцца надпісы пра наркотыкі. Вальцам з фарбаю пад трафарэт нехта наштампаваў кантакты распаўсюднікаў у "Тэлеграме". І пераважна па дарозе да школы. Спачатку мяне гэта проста раздражняла. А потым раззлаваўся і вырашыў, што не пашкадую паўгадзіны часу, дзе што ўбачу – зафарбую", – расказвае ён.

Андрэй жыве ў так званым "Першым мікрараёне", тут усяго дзьве вуліцы і толькі адна школа. Менавіта з вуліцы Сямёнава, на якой ён жыве, і вырашыў пачаць. Зафарбоўвае надпісы ўжо тыдзень, кажа, што ня менш як 50 шэрых лапікаў на месцы літараў – справа ягоных рук.

Прэтэнзіяў ад жыхароў або службаў ЖКГ ані разу не было, а ў аддзеле наркакантролю ягоную ініцыятыву ўхвалілі. Менавіта туды Андрэй Корпс зьвярнуўся найперш.

Пакаштаваў усё – ад марыхуаны да цяжкіх наркотыкаў. І завязаў

Андрэю Корпсу – 39. Тое, што зь ім было да 35 гадоў, ён прыгадвае "пункцірам": упершыню пакурыў марыхуану ў 15 гадоў, бо "не было мазгоў у галаве". Потым пакаштаваў опіюм. Спачатку ня дужа спадабалася, але пасьля так уцягнуўся, што праз год трапіў у турму. За што канкрэтна, Андрэй ня кажа. Ні пра гэты, ні пра наступныя разы.

Як некалькі разоў спрабаваў кінуць ужываць наркотыкі, Андрэй Корпс апавядае больш падрабязна.

"Пасьля другой "адседкі" вырашыў зьехаць зь Беларусі. Каб далей ад сяброў-наркаманаў. Падаўся ў Расею, я ж будаўнік, люблю гэтую працу. Усё быццам наладзілася. А калі вярнуўся дадому, зноўку ўліп у гэтую справу. Быў сколаты ўвесь! Але, відаць, Бог зь неба мне пальцам паківаў: спыніся, хлопча! Я завязаў з наркатой. Праўда, пачаў выпіваць. Год піў вельмі моцна, аж пакуль ня страціў працу. Тады зразумеў: стоп!"

Сёньня Андрэй – сямейны чалавек, ажаніўся са сваёй суседкай, якая паверыла ў ягоны сур’ёзны намер што да наркотыкаў. Гэта ўжо другі шлюб. У сям’і гадуецца 5-гадовая дачка. Яшчэ адна, старэйшая, у Андрэя ад першага шлюбу. І ён з жалем кажа пра тое, чаго ня вернеш: сэнсу бацькоўства ён тады не адчуў. Першыя словы, першыя крокі дзіцяці – усё гэта ня мела значэньня. Галоўным сэнсам жыцьця тады была толькі "доза".

Прасіўся выступіць у школе. Не дазволілі

Андрэй Корпс расказаў, што сёлета прапанаваў знаёмым настаўнікам запрасіць яго выступіць перад старшаклясьнікамі.

"У мяне ж калясальны досьвед ужываньня наркотыкаў, прычым розных! І ў турме я сядзеў, і неаднойчы. І запоі былі. Але ж я здолеў усьвядоміць, што гэта кепска! Хацеў сказаць падлеткам, каб не купляліся на тыя "наркаграфіці". Бо гэта толькі здаецца, што пакаштаваць цікава, а потым лёгка кінуць. Абсалютна ня так. Залежнасьць застаецца, і гэта самае страшнае", – кажа былы наркаман.

Ён згадвае, як на рэабілітацыйных занятках людзі, якія па 20 гадоў "у завязцы", прызнаюцца: залежнасьць засталася, і варта толькі аднойчы даць слабіну...

У школу яго так і не запрасілі. Можа, праз занадта калярытны выгляд, мяркуе Андрэй: барада, завязаная ўнізе стужкай, завушніца, шмат тату на целе. Але разам з тым – бездакорная расейская мова і цытаваньне літаратуры зь філязофіі, мастацтва, мэдыцыны.

Галоўнае, чым ганарыцца Андрэй, – гэта сваім майстэрствам: "Я добра ўмею класьці роўныя сьцены". Апошнім часам ён захапіўся маляваньнем, прапануе паслугі ў афармленьні памяшканьняў, абсталяваў уласную майстэрню. Кожны ягоны "лапік" на месцы наркарэклямы – гэта бездакорны квадрат ці прастакутнік. Выгляду будынкаў ён не псуе.

Турма нікога не перавыхоўвае

На думку Андрэя Корпса, "наркаманскі" артыкул №328 Крымінальнага кодэксу, адпаведна якому беларусам даюць вялікія тэрміны, не вырашае праблемы з распаўсюджваньнем наркотыкаў.

"Што такое турма? Пакуль ты сядзіш, сябе дакараеш: "Дурань, навошта я гэта рабіў, навошта цяпер марную час?" А як толькі бразнулі дзьверы за сьпінай, усё! Пасьля першай "адседкі" я нават да дому не дайшоў: сустрэлі сябры, пакурылі-выпілі... Карацей, бацькоў я ўбачыў толькі празь некалькі дзён. Таму я перакананы: караць зьняволеньнем трэба за распаўсюд гэтай атруты. А што да спажываньня – кожны мае вырашаць сам", – гаворыць Андрэй.

Спаміж яго знаёмых нямала тых, хто знайшоў у сабе сілы адолець цягу да наркотыкаў. Праўда, пакуль ніхто зь іх ня ўзяў пэндзаль і ня выйшаў на змаганьне з наркарэклямай. Але Андрэй ведае, што такія неабыякавыя людзі ў горадзе ёсьць.

"Людзі зьвяртаюцца на 115.бел, пішуць скаргі, каб "наркаграфіці" зафарбавалі. Аршанская міліцыя шукае гэтых "трафарэтчыкаў", праўда, пакуль безвынікова. Але ж гэта хвілінная справа: узяць ды зафарбаваць! Каб паменей людзей убачылі. Разумею – кропля ў моры, надпісы зьяўляюцца ці не штодня. І ўсё ж!" – разважае хлопец.

Насамрэч разгляд заяўкі службамі ЖКГ можа цягнуцца некалькі тыдняў. У Андрэя Корпса на зьнішчэньне аднаго надпісу сыходзіць прыкладна 2 хвіліны. Як будаўнік ён ведае, што найлепш выкарыстоўваць фасадную фарбу: яна добра пакрывае паверхню, хутка сохне і не абсыпаецца. І галоўнае – літары з-пад яе не праступаюць. Што, уласна кажучы, і трэба.

svaboda.org

Падзяліцца